Святлана – прадстаўніца трэцяга пакалення Пацейчукоў, што злучылі сваё жыццё з поштай.
Родапачынальнік дынастыі – Вольга Дзям’янаўна Пацяйчук – з 1957 года працавала паштальёнам у Камянецкім вузле сувязі, яе 39-гадовы стаж стаў важкай нагодай для статусу ветэрана працы. Па слядах Вольгі Дзям’янаўны пайшла яе старэйшая пляменніца: Вольга Несцераўна Краўцова – пераможца ў міжгаліновых спаборніцтвах за званне “Лепшае аддзяленне сувязі”, цяпер таксама ветэран працы, бо за спінай 36 гадоў работы на прадпрыемстве. Цяпер у раённым вузле паштовай сувязі працуюць унучкі Вольгі Пацяйчук – Ірына і Святлана.
Восем гадоў Святлана Пархоцік узначальвае пярвічную прафсаюзную арганізацыю, бо яе адрозніваюць актыўная жыццёвая пазіцыя, уменне працаваць у калектыве, яна ніколі не скажа чалавеку: “Гэта твае праблемы”. У 2013-м яна атрымала званне “Ветэран працы” Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства паштовай сувязі “Белпошта”.
– Усе мы ганарымся сваёй прафесіяй, прадстаўнікамі нашай дынастыі, таму не маем права падвесці іх, а найлепшы спосаб выказаць павагу – дастойна працаваць на карысць прадпрыемства, – гаворыць Святлана Мікалаеўна.
Галіна НОВІК.
Фота Міколы ШУМА.