Учора, 12 чэрвеня, свой пачэсны 100-гадовы юбілей святкавала наша зямлячка Марфа Дзмітрыеўна Ганчук. І ўсё стагоддзе яе нялёгкага, але шчаслівага жыцця, насычанага падзеямі, звязана з Камянюкамі, з пракаветнай пушчай. Шэсць гадоў таму Марфа Дзмітрыеўна асталявалася ў Брэсце, бліжэй да сына і ўнучкі, што заўсёды гатовы дапамагчы, але, між тым, жыве ў кватэры цалкам самастойна! Аптымізму і жыццёвай сілы ёй пазычаць няма патрэбы.
Марфа Дзмітрыеўна нарадзілася ў маляўнічым пушчанскім краі ў 1920-м і была ў сваёй сям’і адной з чатырох сясцёр. Дзяўчынкі падрасталі, а лёс рыхтаваў ім нялёгкія выпрабаванні. Спярша, у 1932-м, памерла маці, праз 7 гадоў – бацька, а там і да вайны – рукою падаць. Яна адабрала ў гераіні майго матэрыялу ўсіх сясцёр: дзвюх за сувязь з партызанамі павесілі немцы, з цягам часу не стала і апошняй. Сама Марфа цудам уратавалася – яе выцягнуў з гестапа бацюшка з Белавежы, у якога працавала служанкай.

У 43-м Марфа Дзмітрыеўна выйшла замуж і забрала ў сваю сям’ю асірацелую пляменніцу Лідачку. Муж, Сцяпан Ігнацьевіч, быў на фронце, ваяваў пад Кёнігсбергам і вярнуўся дадому ў 1946-м. Нарадзіліся яшчэ адна дачка Рыма і сын Уладзіслаў. Розніцы паміж дзецьмі бацькі ніколі не рабілі. Уладзіслаў Сцяпанавіч згадвае, што доўгі час нават не здагадваўся, што Ліда яму не родная сястра, а стрыечная. “Выхоўвала нас мама згодна з простым вясковым законам: тое, што можа зрабіць дзіця, ніколі не робяць дарослыя”, – расказвае ён.
Пасля вайны мужа Марфы Дзмітрыеўны паставілі перад выбарам: ці ўступленне ў партыю, ці 15 гадоў турмы (прычыну для гэтага ў той час знайсці было нескладана). І ён выбраў апошняе. На волю выйшаў раней тэрміну, у 1953-м… Працаваў у тагачасным запаведніку “Белавежская пушча” электрыкам, слесарам у гаражах. Пайшоў з жыцця ў 1995 годзе.
А гераіня майго сюжэту абрала чыста жаночую прафесію – стала поварам, і выдатным! Працавала ў мясцовых дзіцячым садку і рэстаране, у тым ліку і пасля выхаду на заслужаны адпачынак. А пончыкі Марфы Дзмітрыеўны славіліся на ўсе Камянюкі! Яе заўсёды клікалі на вяселлі, каб нагатавала гэтай смакаты для гасцей. Акрамя таго, каб пракарміць вялікую сям’ю, Ганчукі доўгі час трымалі ў сваім доме кватарантаў.
Дачушкі гераіні майго матэрыялу атрымалі ў свой час медыцынскую (Ліда) і педагагічную (Рыма) адукацыю, а сын абраў прафесію, звязаную з лесам, сярод якога рос. Ён пачынаў свой працоўны шлях рабочым у Белавежскай пушчы, а завяршыў яго на пасадзе галоўнага ляснічага Брэсцкай вобласці. Па той жа прафесійнай сцежцы пайшлі і дочкі Уладзіслава Сцяпанавіча, скончылі лесатэхнічную акадэмію. Улада жыве і працуе ў Маскве, а Алеся – у Брэсце, яна – начальнік планава-эканамічнага аддзела Брэсцкага лясгаса. Разам з бацькам Алеся штодзень наведвае любімую бабулю, падтрымлівае і дапамагае.
Марфа Дзмітрыеўна застаецца актыўнай і жыццярадаснай, нягледзячы на свой узрост. Песціць любімую сіямскую кошку Басю, ахвотна глядзіць тэлевізар, асабліва – навіны, і можа пагаварыць пра палітыку, калі сустрэне цікавага ды абазнанага суразмоўцу. У яе – мноства знаёмых і сяброў, і гэта не здзіўляе, калі ўлічыць прыродны талент лёгка сходзіцца з людзьмі. У свой час, дарэчы, яна вяла шырокую перапіску (тады папяровыя лісты былі яшчэ “ў модзе”).
У Марфы Дзмітрыеўны сёння 2 праўнукі і 2 праўнучкі. З нагоды значнага юбілею і яны, і ўнукі, і дзеці падрыхтавалі для імянінніцы падарункі, кветкі і цёплыя словы пажаданняў. А Алеся (адкрыем таямніцу) планавала аднавіць да святочнага 12 чэрвеня сямейную сядзібу бабулі, радавое гняздо, каб у гэты дзень адвезці яе туды і там спраўляць юбілей. Цудоўны падарунак з глыбокім сэнсам, ці не так? На жаль, няпростая сітуацыя, што складваецца сёння, не дазволіла ў тэрмін давесці гэтыя планы да завяршэння. Але будзе яшчэ час…
“Доўгае жыццё – гэта не толькі падарунак Божы, але і выпрабаванне для чалавека”, – сказаў напрыканцы нашай гутаркі сын юбіляркі Уладзіслаў Сцяпанавіч, і гэтыя словы запомніліся мне. Жыццё неаднаразова выпрабоўвае чалавека, і Марфа Дзмітрыеўна можа стаць прыкладам таго, што ўсё можна вытрымаць, пераадолець, галоўнае – захоўваць дабрыню ў сэрцы. Тады доўгае жыццё стане сапраўдным падарункам…
Настасся НАРЭЙКА
P. S. З нагоды 100-гадовага юбілею Марфе Дзмітрыеўне Ганчук уручаны каштоўны падарунак ад раённага выканаўчага камітэта.
Это может быть интересно:
-
В Каменце почтили память погибших во время Великой Отечественной войны
-
В Волчине жил полный кавалер ордена Славы
-
Учащиеся нашего района среди победителей республиканского конкурса, приуроченного к 75-летию Победы
-
Горсть земли из Каменецкого района отправилась в Россию
-
«Дорогая семья, не плачьте и не тужите…»