“Ставы” мяняюць традыцыі?

Копия P111008428 красавіка ў Каменцы, Высокім і Доўбізне адбыліся чвэрцьфінальныя гульні на кубак раёна па футболе. І кожны з матчаў падарыў балельшчыкам свой непаўторны сцэнарый.

Так, самай цікавай, лічу, была сустрэча, якая прайшла ў самым заходнім горадзе Беларусі, дзе мясцовы “Аграпрадукт” прымаў “Камянецкую пушчу”. Чаму так? Па-першае, што б ні казалі, а галоўнае ўпрыгажэнне кожнага паядынку – гэта забітыя мячы. Бачылі? А як жа. Прычым і ў асноўны, і дадатковы час. І, па-другое, безумоўна, апагей любога супрацьстаяння – серыя пасляматчавых адзінаццацімятровых. Таксама бачылі. А цяпер непасрэдна аб гульні. Лік у першым тайме адкрылі “алейнікі”. Пенальці за гульню рукой у межах штрафной рэалізаваў Сяргей Асійчук. Дзмітрый Асташэня пасля перапынку зраўняў лік. У дадатковы час каманды абмяняліся “ўколамі”. На трапны стрэл “пушчанца” Васілія Пашкевіча гаспадары адказалі голам пасля розыгрышу стандарта (вызначыўся Максім Мазур). А ў футбольнай латарэі больш пашанцавала “алейнікам”: перамога ў дуэлі галкіпераў Андрэй Скавародка (“Камянецкая пушча”) – Андрэй Браценка (“Аграпрадукт”) засталася за апошнім. Адметна, што і рашаючы адзінаццацімятровы ў высакаўчан рэалізаваў сам Андрэй… Браценка.

Таксама да серыі пенальці дайшла гульня і паміж “Агра-Зарэччам” і “Высокім”. Праўда, у адрозненне ад высокаўскага матча, лік у Каменцы, дзе праходзіла гульня, так і не быў адкрыты. Больш шанцаў забіць мелі высакаўчане, але, як і вайскоўцы, свае моманты не рэалізавалі. Не давялося прадэманстраваць майстэрства ў серыі адзінаццацімятровых і варатарам “Агра-Зарэчча” (Ігар Масейка) і “Высокага” (Аляксандр Кучур): мяч то ляцеў міма “рамкі”, то за галкіпера гуляла штанга. І ўсё ж адзіны шчаслівы білецік выцягнулі вайскоўцы, якія і выйшлі ў паўфінал.

Толькі адзін тайм са “Ставамі” на роўных змог пратрымацца дэбютант спаборніцтваў, каманда “Доўбізна”. Пасля таго, як вызначыўся Кірыл Жыгала (“Ставы”) парытэт з “кропкі” аднавіў Ігар Чарвінскі. Ён жа ў другім тайме аформіў дубль. Забіў і Андрэй Ярашук: яго ўдар са штрафнога стаў адкрыццём для варатара. Але гэтага ну ніяк не хапіла для агульнай перамогі. На два мячы гаспадароў футбалісты “Ставаў” адказалі пяццю трапнымі ўдарамі. Вызначыліся Станіслаў Ляўко (двойчы), Вадзім Шпак, Дзмітрый Ружасты, галавою замкнуў навес з вуглавога Аляксандр Антанюк.

У апошнім чвэрцьфінальным паядынку, у якім у Каменцы “Белавежскі” прымаў пераможцу леташняга розыгрышу “Ніву”, сустрэча скончылася на карысць больш тытулаваных “ніваўцаў”. У першым тайме Дзмітрый Немцаў рэалізаваў пенальці, у другім перавагу падвоіў Іван Назарук. Не пакінуў гульню без забітага гола і Сяргей Васілюк: ужо на апошніх хвілінах ён з межаў штрафной укалаціў мяч у сетку.

Такім чынам, у паўфіналах, якія пройдуць 9 мая, сустрэнуцца “Агра-Зарэчча” і “Ніва” (у Каменцы) і “Аграпрадукт” і “Ставы” (у Высокім). Як бачым, лёс зноў звёў двух непрымірымых сапернікаў (“Ніву” і “Агра-Зарэчча”) яшчэ на стадыі паўфіналаў. Што ж. Тым цікавей. Абедзвюм дружынам, пэўна, будзе зноў што даказваць. У другой пары яўным фаварытам бачыцца “Аграпрадукт”, які станавіўся ўдзельнікам фіналу апошнія два гады. Традыцыя, змяніць якую маюць шанц “Ставы”.

ВЫНІКІ: “Ніва” – “Белавежскі” – 3:0, “Аграпрадукт” – “Камянецкая пушча” – 2:2 (па пен. 5:4), “Агра-Зарэчча” – “Высокае” – 0:0 (па пен. 4:3), “Доўбізна” – “Ставы” – 3:6.

Сяргей АЛЯШЧЭНЯ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий