Летась, падчас святкавання Дня горада, прыемныя падарункі атрымалі працоўныя дынастыі Каменца. Людзі, якія аддалі працы ў адной пэўнай галіне нямала сіл, душы і гадоў. Так, напрыклад, некалькі дзесяцігоддзяў працуе ў гандлі райцэнтра дынастыя Дзмітрукоў.
Яе пачынальніцай была Надзея Міхайлаўна Зарыпава. З дачкой Аленай яна пераехала ў свой час на Камянеччыну з далёкага Урала. Спярша, на працягу двух гадоў, працавала прадаўцом у тагачасным “Гастраноме” ў Каменцы (цяпер – “Алеся”), потым – у магазіне “Мэбля. Тэхніка”. Менавіта там яе і сфатаграфавалі за любімай работай.
На заслужаным адпачынку Надзея Міхайлаўна пабыла ўсяго толькі год – яе адказнасць і вопыт зноў спатрэбіліся людзям. Пенсіянерка згадзілася стаць за прылавак, але цяпер ужо ў магазіне рытуальных прыналежнасцяў. Агульны яе стаж у сферы гандлю ўражвае – 37 гадоў. Але галоўнае, прынамсі, не гэта. Важней тое, што Надзею Зарыпаву заўсёды паважалі: і пакупнікі, і калегі.
Такі выдатны прыклад не мог не паўплываць і на дачку Надзеі Міхайлаўны Алену. Пасля школы яна скончыла адпаведны тэхнікум у Гродне і стала тавараведам змешаных тавараў. Некаторы час гандлявала ў кіёску на Першамайскай у Каменцы, а потым працавітую і ўважлівую работніцу паклікалі ў тагачасны “Гастраном”, дзе яна праходзіла ў свой час практыку і паказала цудоўныя вынікі.
Сёння Алена Дзмітрук працуе ў касе Камянецкага райспажыўтаварыства. Што гэта азначае? А тое, што на яе плячах і збор выручкі з усіх гандлёвых кропак раёна, і выдача заработнай платы шматлікім супрацоўнікам. За яе спінай таксама немаленькі працоўны стаж у 28 гадоў. І гэта толькі пачатак. Галоўным фактарам, які трымае на рабоце, мая суразмоўца называе зносіны з людзьмі, без якіх не можа ўявіць свайго жыцця.
Па маміных і бабуліных слядам упэўненым крокам ідзе сёння малодшая дачка Алены Дзмітрук Дар’я. (Старэйшая Вераніка таксама працавала ў сферы гандлю (сакратаром), а цяпер з’яўляецца эканамістам раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.)
Дар’я зараз вучыцца завочна на 4 курсе Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта (спецыяльнасць – “Менеджар-эканаміст”) і працуе ў райспажыўтаварыстве аператарам ЭВМ, што выконвае абавязкі бухгалтара (спярша была проста аператарам ЭВМ). Толькі адзін год дзяўчына вытрымала на дзённым навучанні ў ВНУ, а потым вырашыла сумяшчаць тэорыю і практыку. Параілася з матуляй, атрымала ад яе карысную параду наконт таго, дзе можна знайсці работу. Яна, зразумела, адказная, як і ўсякая, што звязана з лічбамі, але імкненне, што перадаецца ў спадчыну, нікуды, як кажуць, не падзенеш.
– Мае дзіцячыя гады, – узгадвае Дар’я, – прайшлі ў бабулі на працы. Спярша мы з сястрой літаральна кожны дзень бавілі ў мэблевым магазіне. Дапамагалі, чым маглі, але па дробязі. За прылавак нас бабуля, зразумела ж, не пускала. У яе паўсюль дакладны кантроль быў. Кожная капеечка на ўліку. Па некалькі разоў пералічвала, каб не памыліцца. Пазней мы з Веранікай дапамагалі бабулі падчас выязнога гандлю штучнымі кветкамі. Так што з хлебам прадаўца знаёмы даўно. Ніхто не прымушаў нас працягваць дынастыю. Неяк само атрымалася.
Чалавек працай славіцца. А калі ён яшчэ і ў спадчыну яе перадае, прычым, нязмушана, натуральна, адным сваім прыкладам, то можна толькі парадавацца за яго. Добра, калі людзей яднае адна СПРАВА ЖЫЦЦЯ.
Настасся НАРЭЙКА. Фота аўтара і з сямейнага архіва дынастыі Дзмітрукоў.
Это может быть интересно:
-
Благоустройство в Рясне Каменецкого района. Продолжение
-
Представители Военной академии провели в Каменце профориентационную встречу
-
Афиша кинотеатра «Мир» в Каменце на 26-30 октября
-
«Сила Закона»: в школах Каменетчины прошла игра против наркотиков
-
100 молодых работников «Беловежской пущи» встретились в рамках молодежного форума «Молодежь и будущее»