Летась у раёне забяспечана выкананне прагнозу па кошце валавай прадукцыі сельскай гаспадаркі, рэнтабельнасці продажаў у цэлым па раёне і сельгасарганізацыях, экспарце тавараў і паслуг, выручцы ад рэалізацыі тавараў, прадукцыі, работ, паслуг, па падрадных работах, рознічным тавараабароце, паказчыку па энергазберажэнні. Забяспечана выкананне прагнозу па сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі ў цэлым па раёне. Больш за даведзенае заданне пабудавана і ўведзена ў эксплуатацыю жылых дамоў.
У той жа час, у многім пад уплывам аб’ектыўных фактараў, ніжэй за гадавыя прагнозныя заданні склаліся паказчыкі па інвестыцыях у асноўны капітал, рэнтабельнасці продажаў у арганізацыях прамысловасці, экспарце і сальда паслуг без уліку прадпрыемстваў і арганізацый рэспубліканскага падпарадкавання.
Сельгаспрадукцыі атрымана на 622 мільярды
Мінулы год быў дастаткова плённым. Вытворчасць прадукцыі раслінаводства павялічылася на 20,3%, жывёлагадоўлі – на 6,4%. На жаль, у 4-х гаспадарках сярэднясутачныя прывагі БРЖ ніжэй за 550 грамаў: у “Каленкавічах” – 510, “Камянецкай пушчы” – 543, “АграНіве” – 528, “Стаўскім” – 529.
У раёне – 37 фермерскіх гаспадарак (2,4 тыс. га). Яны атрымалі 4,8 тыс. тон бульбы, 5 тыс. тон агародніны, 705 тон пладоў і ягад, 1,4 тыс. тон зерневых і зернебабовых.
На аднаго сярэднегадовага работніка ў сельгасвытворчасці атрымана выручкі 223 млн. рублёў. Сярэднямесячная зарплата занятых у сельгасвытворчасці за год – 2943 тыс. рублёў. Заданне па росту яе выканана на 130%.
Сёлета наступныя задачы: павялічыць вытворчасць малака на 9%, рэалізацыю жывёлы – на 4%, вытворчасць зерня – на 20%, бульбы – на 17%, рапсу – на 28%. Увогуле па сельскай гаспадарцы да канца 2013-га мы павінны “прырасці” на 106,5%.
Прамысловай прадукцыі – больш
Аб’ём яе вытворчасці ў фактычных цэнах – больш за 277 млрд. рублёў, ці 187% да мінулага года.
Аснову прамысловай вытворчасці ў раёне складае СААТ “Белавежскія сыры”. Летась выраблена 877 тон масла (у 2011-м – 1359 тон), 4726 тон сыроў тлустых (119,3% да ўзроўню 2011 года), мяккіх – 341 тона (у 2011-м – 35 тон). У 2012 годзе рэалізаваны інвестыцыйны праект па згушчэнні сыроваткі.
Камянецкім каапнарыхтпрамгандлем выраблены 1632 тоны хлеба, хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў (104%), 133 тоны мяса і паўфабрыкатаў (84,2%).
Неабходна забяспечыць прырост рэнтабельнасці продажаў на 6,5%.
Шукаем інвестараў
Нягледзячы на невыкананне прагнозных заданняў, тэмп росту аб’ёму інвестыцый у асноўны капітал па раёне вышэй за сярэднеабласны.
Аб’ёмы прыцягнення інвестыцый у цэлым больш за 535 млрд. рублёў, тэмп росту да леташняга 82%, пры прагнозе 93%.
Асноўная прычына адставання – даволі высокая база 2011 года (на тэрыторыі раёна ў 2011-м быў рэалізаваны буйны праект: аўтадарожны абход па перыметры НП “Белавежская пушча”).
Разам з тым прадпрыемствамі раённага падпарадкавання “Камянецкая ЖКГ”, “Камянецкі РКБАН”, “КаменецРай УКБ”, “Белавежскі”, “Камянецкі райаграсэрвіс” забяспечаны тэмп росту інвестыцый больш за 100% у супастаўных цэнах.
У 2013-м неабходна прыкласці ўсе намаганні па прыцягненні ў раён замежных інвестыцый і выкананні задання ў памеры 5 млн. долараў ЗША.
Будзе працягнуты пошук інвестараў для будаўніцтва транспартна-лагістычнага цэнтра ў раёне чыгуначнай станцыі Высока-Літоўск, аб’ектаў прыдарожнага сэрвісу і турыстычнай інфраструктуры на сфарміраваных зямельных участках на аўтадарожным абходзе па перыметры НП “Белавежская пушча”, распрацаваны радовішчы карысных выкапняў, а таксама садзеянне далейшаму развіццю прадпрыемстваў з доляй замежнага капіталу – ЗП “БО АЛЛУР”, СТАА “Марк-Дрэвар”, ТАА “Еўра-Эпл”, ЗАТ “Брэсцкі завод алеяў”…
У планах – нарошчванне гандлёвых плошчаў і якасці абслугоўвання
Аб’ём рознічнага тавараабароту і грамхарчу – больш за 462 млрд. рублёў, ці 112% да ўзроўню 2011-га ў супастаўных цэнах, пры прагнозе 105,5%.
За мінулы год адкрыты 12 аб’ектаў агульнай гандлёвай плошчай больш за 393 м. кв., у тым ліку за кошт новага будаўніцтва – гандлёвы павільён “Гермес-4” з убудаваным навесам для гандлю сельгаспрадукцыяй у Каменцы.
Вырас попыт на тавары айчыннай вытворчасці. Іх прададзена 93,1% ад агульнага аб’ёму (2011 г. – 92,6%), у тым ліку харчовых тавараў – 95,1%, нехарчовых – 90,0%.
Асноўным будзе выкананне Мерапрыемстваў па развіцці ўнутранага гандлю на 2011-2015 гады, якія прадугледжваюць нарошчванне гандлёвых плошчаў і паляпшэнне якасці абслугоўвання.
Больш актыўнасці ў пошуках рынкаў збыту
За студзень-лістапад 2012 года экспарт тавараў у цэлым больш за 55 млн. долараў ЗША, тэмп росту 158,5% (заданне на год – 117%), імпартавана тавараў больш як на за 10 млн. долараў, ці 130%; станоўчае сальда – 45,4 млн. (заданне 35,5 млн.).
Разам з тым тэмпы росту не забяспечаны асноўнымі прадпрыемствамі-экспарцёрамі, на долю якіх прыпадае 63,9%. (ААТ “Белавежскі” – 114,2%, СААТ “Белавежскія сыры” – 113,1%).
У выкананні паказчыка па экспарце тавараў важкі ўклад “Аграпрадукта”, які ў 2012-м адгрузіў за межы рэспублікі каля 16 тыс. тон рапсавага алею на суму больш за 16 млн. долараў ЗША.
Рост прамежкавага імпарту (165,9%) звязаны з закупам “Белавежскім” кармоў і кармавых дабавак (на 2,8 млн. долараў ЗША), а таксама з набыццём прадпрыемствамі без ведамаснай падначаленасці сыравіны і матэрыялаў для ўласнай вытворчасці (на 2,5 млн. долараў ЗША набыта пластмас у пярвічных формах і вырабаў з іх).
Заданне на 2013 год дыктуе неабходнасць кіраўнікам прадпрыемстваў-экспарцёраў больш актыўна працаваць над пашырэннем рынкаў збыту, праводзіць больш агрэсіўную маркетынгавую палітыку, павялічваць долю гатовай прадукцыі на экспарт.
Экспарт паслуг за 11 месяцаў 2012-га склаў 2,1 млн. долараў ЗША (тэмп 130% пры заданні 114%), імпарт – 83,4 тыс. долараў ЗША (тэмп 79%), сальда – +2,0 млн. (заданне на год – “плюс” 2,1 млн.).
Дэкрэт №6 працуе
У 2012-м даволі актыўна развіваўся малы бізнес. На працягу года зарэгістраваны 32 мікра- і малых прадпрыемстваў. У малым бізнесе былі заняты больш за 1800 чалавек. Створаны 197 новых рабочых месцаў пры заданні – 160. Доля прамысловай вытворчасці малых прадпрыемстваў у агульным сукупным аб’ёме яе склала больш за 50%.
Дастаткова актыўна карыстаюцца нормамі Дэкрэта №6 “Аб стымуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці на тэрыторыі сярэдніх, малых гарадскіх паселішчаў, сельскай мясцовасці”. За 2012-ы і студзень бягучага года льготы выкарысталі 30 малых прадпрыемстваў.
Пэўная работа праводзіцца па прыцягненні патэнцыяльных інвестараў для стварэння аб’ектаў прыдарожнага сэрвісу і турыстычнай інфраструктуры на аўтадарожным абходзе па перыметры НП “Белавежская пушча”. Сфарміраваны 3 зямельныя ўчасткі для будаўніцтва аб’ектаў, 2 участкі прадастаўлены для будаўніцтва суб’ектам гаспадарання.
У 2013 годзе ў сферы малога прадпрымальніцтва неабходна стварыць 20 новых мікра- і малых арганізацый і 170 новых рабочых месцаў.
У Год беражлівасці
У 2012-м уведзены ў гаспадарчы абарот 6 аб’ектаў невыкарыстоўваемай нерухомай маёмасці агульнай плошчай 1,2 тыс. кв. м.
Актуальным было выкананне мерапрыемстваў па эканоміі фінансавых, матэрыяльных і паліўна-энергетычных рэсурсаў.
З мэтай комплекснай мадэрнізацыі эканомікі ў 2013-2015 гадах яе будуць ажыццяўляць 22 прадпрыемствы і арганізацыі, у т. л. 14 сельгасарганізацый, 3 будаўнічыя і 2 прамысловыя прадпрыемствы, 1 – гандлю.
Рэалізуюць інвестыцыйныя праекты, што прадугледжваюць мадэрнізацыю:
ТАА “Аграпрадукт” – “Мадэрнізацыя вытворчых магутнасцей для глыбокай перапрацоўкі алейных культур (насення рапсу, соі, ільну, сланечніку), вытворчасць камбікармоў і кармавых дабавак, фасоўкі алею ў ПЭТ-бутэлькі”;
ТАА “Рыёна.by” – “Арганізацыя высокатэхналагічнай вытворчасці палімернага рукава, агра-стрэйчу, стрэйч-худу і тэрмаўсадачных плёнак у Брэсцкай вобласці, будаўніцтва лагістычнага цэнтра ў г.Брэст”.
Плануецца завяршыць будаўніцтва малочнатаварных фермаў у “Хадасах”, “Александрыі-Агра”, “АграТурне”, прадоўжыць будаўніцтва іх у “Агра-Зарэччы” і “АграНіве” і пачаць яго ў “Макараве-Агра”. Будзе праведзена рэканструкцыя 7-і дзеючых жывёлагадоўчых будынкаў па новых тэхналогіях.
Асноўны прагнозны паказчык – зарплата
У 2012-м выкананы мерапрыемствы па рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы садзеяння занятасці насельніцтва, у выніку – рэгіструемы ўзровень беспрацоўя на 1 студзеня 2013 года склаў 0,5% пры заданні 1,3%. Колькасць беспрацоўных, што на ўліку, – 81 чалавек.
У раёне створана 271 новае рабочае месца.
Забяспечаны рост заработнай платы ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі. Сярэднямесячная зарплата ў цэлым па раёне за студзень-снежань 3135,3 тыс. рублёў і павялічылася ў параўнанні з папярэднім годам удвая, у т. л. за снежань – 3868,2 тыс.
На 2013 год намінальная сярэднямесячная заработная плата вызначана як асноўны прагнозны паказчык, які на канец года павінен складаць 3917 тыс. рублёў.
Садзеянне ў цяжкіх жыццёвых сітуацыях
За год са сродкаў фонду сацыяльнай абароны насельніцтва 268-і пенсіянерам і інвалідам аказана дапамога на 108,3 млн. рублёў, што ў 1,8 раза больш, чым у 2011 г.
За прызначэннем дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі звярнуліся 484 заяўнікі, з іх 481 яе атрымаў.
Аказана аднаразовая матэрыяльная дапамога да вучэбнага года 120-і сем’ям, што выхоўваюць траіх і больш дзяцей.
Усе просьбы – іх было 120 – ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, асоб, што пацярпелі ад наступстваў войнаў, адзінокіх пажылых грамадзян, выказаныя ў час абследавання умоў пражывання, выкананы ў поўным аб’ёме.
Пад апекай тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва дома 403 жыхары раёна, з іх 303 чалавекі абслугоўваюцца на платнай аснове, 100 – на бясплатнай.
У 2013-м будзе працягнута рэалізацыя дзяржаўнай палітыкі ў сацыяльнай сферы.
Рэарганізацыя непазбежная
Дзейнасць устаноў сістэмы адукацыі накіравана на павышэнне якасці навучальнага працэсу, удасканаленне работы з адоранымі і таленавітымі дзецьмі, эфектыўнасць арганізацыі вольнага часу вучняў, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў.
Праводзілася работа па развіцці сямейных формаў уладкавання дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Па выніках года арганізавана 8 замяшчаючых сем’яў, у якія перададзены 19 дзяцей.
У 2012 годзе ажыццяўляліся мерапрыемствы па капітальным рамонце будынкаў і збудаванняў устаноў адукацыі: СШ №2 г.Каменец, Пагранічнай СШ, раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, дзіцячага сада №1 і іншых. Падбельскі і Ратайчыцкі вучэбна-педагагічныя комплексы рэарганізаваны ва ўстановы дашкольнай адукацыі. Закрыты Свішчоўскі і Баршчэўскі дзіцячыя сады.
Сёлета будуць рэарганізаваны вучэбна-педагагічныя комплексы Каралінскага і Даўбізнянскага садоў-школ у дзіцячыя дашкольныя ўстановы, Агародніцкая базавая школа – у пачатковую. Арганізаваны падвоз дзяцей дазваляе гэта зрабіць.
Вострая патрэба ў медыцынскіх кадрах
Летась былі працягнуты капітальны рамонт і рэканструкцыя Камянецкай паліклінікі, капітальны рамонт стацыянарных аддзяленняў раённай бальніцы, замена цепласетак, пачаты капрамонт Каленкавіцкага ФАПа. Скончана будаўніцтва Вярховіцкай амбулаторыі, на што было затрачана больш за 4 млрд. рублёў. Сучасна аснашчаная амбулаторыя пачала функцыянаваць з верасня 2012 года.
За кошт бюджэтных сродкаў у 2012 годзе набыта медыцынскае абсталяванне на 2,5 млрд. руб.
Патрабуецца капітальны рамонт фасада лячэбнага корпуса, памяшканняў тэрапеўтычнага корпуса, паліклінікі і харчблока Высокаўскай гарадской бальніцы.
Фактычная занятасць бальнічных ложкаў складае 306,6 ці 93%.
Востра адчуваецца патрэба ў медыцынскіх кадрах. Патрабуюцца 24 урачы і 56 медработнікаў сярэдняга звяна.
У 2012-м выдзелена службовая кватэра ў Каменцы для сям’і маладых спецыялістаў цэнтральнай раённай бальніцы (тэрапеўт і ЛОР-урач), на пачатку 2013 года – яшчэ адной маладой сям’і (рэнтгенолаг і ўрач-лабарант).
Асаблівасць прагнозу на 2013 год –
палітыка эканамічнага росту за кошт развіцця аб’ёмаў унутранага валавога прадукта, нарошчвання экспарту тавараў і паслуг, прыцягнення замежных інвестыцый для арганізацыі новых і развіцця існуючых прадпрыемстваў, актывізацыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, росту зарплаты. І ўсё гэта – на фоне жорсткай эканоміі фінансавых, матэрыяльных і працоўных рэсурсаў.
Адным з важных накірункаў работы стане мадэрнізацыя прадпрыемстваў і арганізацый раёна дзеля істотнага павышэння канкурэнтаздольнасці за кошт тэхналагічнага перааснашчэння, новых метадаў кіравання.
Поспех рэалізацыі гэтых задач будзе залежаць ад вынікаў работы прадпрыемстваў і арганізацый у рэальным сектары эканомікі і сацыяльнай сферы, ад прафесіяналізму і адказнасці кадраў усіх узроўняў.
Это может быть интересно:
-
С добром и уважением! Профсоюзная акция проходит на Каменетчине
-
1 октября учителя Беларуси отметят свой профессиональный праздник. Всех педагогов Каменецкого района поздравляет сенатор Александр Карпицкий
-
У Камянецкім раёне учора прайшло выязное пасяджэнне Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў
-
ПРОФСОЮЗЫ БОЛЕЕ ДЕСЯТКА СТРАН ОБЪЕДИНЯЮТСЯ В ПРОТИВОСТОЯНИИ КОЛЛЕКТИВНОМУ ЗАПАДУ
-
Проведено заседание президиума райсовета депутатов по вопросам торговли