Снег, белая мяцеліца…

PICT2019 майорНа гэтым тыдні тэлефонную “Прамую лінію” з жыхарамі раёна па пытаннях бяспекі дарожнага руху правёў начальнік аддзялення ДАІ Камянецкага РАУС Я.К.Пісарчук. Яўгеній Канстанцінавіч адказаў на пытанні, якія, у асноўным, закраналі стан вуліц і дарог, што не былі ачышчаны пасля шчодрага нядзельнага снегападу… Спадзяёмся, яго тлумачэнні дарэчы:

– На тэрыторыі Камянецкага раёна праходзяць дарогі рэспубліканскага і мясцовага значэння. Першыя абслугоўваюць ДЭУ-21 (Брэст), ДЭУ-25 (Пружаны), мясцовыя – ДРБУ-137 (Высокае). Вуліцы Каменца і Высокага, пасёлка Белавежскі – пад апекай Камянецкай ЖКГ. Для ўборкі вуліц і дарог у зімовых умовах адводзіцца пэўны час у адпаведнасці з СТБ-1291 ад 2007г. У сувязі са снегападам у мінулыя выхадныя, дарожныя і камунальныя службы своечасова не спраўляліся са сваімі абавязкамі. Былі прыцягнуты людскія рэсурсы і тэхніка іншых прадпрыемстваў і арганізацый. Абстаноўка нармалізуецца. Наша служба пільна сочыць за бяспекай на дарогах.

Звяртаюся да вадзіцеляў асабістага транспарту: не пакідайце свае аўто на вуліцах, у дварах шматкватэрных дамоў, каб не замінаць праезду спецтэхнікі для ачысткі гэтых тэрыторый ад снегу. Пасля ачысткі асноўных вуліц будуць прыведзены ў парадак другія вуліцы, тратуарныя сцежкі і дарогі да вёсак. Зразумейце правільна: не ўсё можна зрабіць адразу. Будзьце цярплівымі, захоўвайце правілы руху і асцярожнасць на дарогах.

Адно з зададзеных пытанняў датычылася ўстаноўкі дарожнага знака “Абмежаванне хуткасці руху да 40 км у гадзіну” ля магазіна “Алеся” ў Каменцы. Як паведаміў Яўгеній Пісарчук, у сувязі з інтэнсіўным рухам пешаходаў, у тым ліку школьнікаў, Камянецкай ЖКГ будзе дадзена прадпісанне на ўстаноўку гэтага знака на дадзеным участку.

– Дворнікі Камянецкай ЖКГ павінны ачышчаць і пешаходныя сцежкі на мосце праз  Лясную ў Каменцы, – зазначыў начальнік аддзялення ДАІ, адказваючы на пытанне, якое па тэлефоне задалі жыхары мікрараёна Замасты…

Вера ПУШЧАНСКАЯ.

Добавить комментарий