Смычок или кисть?

Ёсць у Каменцы прыгожы будынак на ўзвышэнні, у якім жывуць адначасова два віды мастацтва. Варта толькі ўвайсці ў яго, каб адчуць іх прысутнасць: першы паведамляе пра сябе адразу ж чароўнымі, пералівістымі гукамі фартэпіяна, скрыпкі, домры, а вось другі, больш сарамлівы, звычайна маўчыць, але і яго не схаваеш: пах фарбаў прывядзе нас туды, дзе ён размясціўся. Музыка і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Два розныя светы, аб’яднаныя пад дахам Камянецкай дзіцячай школы мастацтваў.
258 вучняў наведваюць яе сёння. 28 хлопчыкаў і дзяўчынак выбралі мастацкі накірунак, астатнія – музычны. Першы прапаноўвае ім урокі малюнка, жывапісу і скульптуры, а другі прадастаўляе на выбар наступныя музычныя інструменты: фартэпіяна, баян, акардэон, домру, гітару, цымбалы, скрыпку, балалайку, духавыя інструменты.
Юныя мастакі, паступаючы ў школу мастацтваў, звычайна прыносяць з сабой малюнкі, а музыканты і спевакі “паказваюць” свае голас і пачуццё рытму. “Увогуле, мы бяром нават тых, у каго няма слыху, – расказвае дырэктар Мікалай Краўчынскі. – Галоўнае, каб было ў маленькага чалавека жаданне вучыцца. І, ведаеце, менавіта такія вучні з часам дасягаюць многага, бо яны стараюцца, на самой справе хочуць працаваць над сабой, развівацца і ўдасканальвацца. А вось тыя, каму талент дадзены ад Бога, нярэдка ганарацца ім, не цэняць так, як варта было б, лянуюцца, думаюць падчас, што і так усё ўмеюць.” Лепшых сваіх вучняў Мікалай Мікалаевіч называе, не задумваючыся. Вось іх імёны: Лізавета Кірылюк (цымбалы), Вера Зарэцкая (цымбалы), Валерыя Паўлючык (вакал), Кірыл Загурны (скрыпка), Дзмітрый Трубікаў (баян), Валерыя Астапук (фартэпіяна), Алеся Асапрылка (фартэпіяна), Лілія Курак (выяўленчае мастацтва), Таццяна Мароз (выяўленчае мастацтва)… Таленавітых вучняў нямала. Пацвярджае гэта не толькі дошка гонару, якая на самым бачным месцы, але і шматлікія дыпломы ды граматы. Іх безліч! Вось толькі некаторыя з апошніх: грамата Ліліі Курак за ўдзел у творчай акцыі “Малююць дзеці” да 70-годдзя пачатку абароны Брэсцкай крэпасці; граматы Валерыі Дацкевіч, Вольгі Фаміной і той жа Ліліі Курак за ўдзел у абласной выставе дзіцячага малюнка да 25-годдзя аварыі на Чарнобыльскай АЭС; дыпломы лаўрэата I і II ступеняў V адкрытага конкурсу маладых выканаўцаў “Шаную цябе, Белая Русь” (першы належыць хору малодшых класаў Камянецкай школы мастацтваў, другі – хору старэйшых класаў); дыпломы III ступені абласнога тура VI адкрытага рэспубліканскага конкурсу выканаўцаў на народных інструментах імя І. Жыновіча, прывезеныя цымбалісткамі Лізаветай Кірылюк і Верай Зарэцкай; граматы IV адкрытага конкурсу дзіцячай і юнацкай творчасці “Залатая ліра-2012” і I абласнога фестывалю дзіцячай музыкі па спецыяльнасцях “Скрыпка”, “Віяланчэль”, атрыманыя Валерыяй Паўлючык і Кірылам Загурным адпаведна (у дзяўчынкі, дарэчы, ёсць яшчэ грамата за ўдзел у адкрытым фестывалі-конкурсе юных выканаўцаў “Пралескі”); дыплом 17-га міжнароднага фестывалю ўсходне-славянскіх культур, атрыманы Камянецкім хорам школы мастацтваў; граматы за ўдзел у заключным канцэрце VII абласнога фестывалю дзіцячай фартэпіяннай музыкі Алесі Асапрылка і Валерыі Астапук. На гэтым конкурсе, дарэчы, адзначылі таксама настаўнікаў Ірыну Карпыза і Наталлю Неўдах (за якасную падрыхтоўку), а таксама канцэртмайстраў Таццяну Пацяйчук і Ларысу Феакціставу (за выканальніцкае майстэрства). Сваімі педагогамі школа мастацтваў можа ганарыцца. Яны – людзі вельмі творчыя, стварылі свой ансамбль народных інструментаў “Камянецкія музыкі”, якім кіруе Святлана Барута. Баяны, цымбалы, скрыпка, кларнет, дудачка, домры, бас-гітара і ўдарныя ў іх руках выконваюць апрацоўкі народнай беларускай, рускай і украінскай музыкі, а таксама эстрадныя творы, акампаніруюць “Гармоніі”, што створана пры Камянецкім ГДК. Cярод маладых спецыялістаў у школе мастацтваў асабліва адзначаюць настаўнікаў Жанну Сыраквашка і Алёну Козел, якія плануюць зрабіць сваё першае працоўнае месца пастаянным.
Школа мастацтваў актыўна ўзаемадзейнічае з педагогамі агульнаадукацыйных навучальных ўстаноў, асабліва – з настаўнікамі малодшых класаў (з той прычыны, што на мастацкае аддзяленне набіраюць чацвёртакласнікаў, а на музычнае – першаклашак). Усе педагогі зацікаўленыя ў тым, каб іх вучні былі занятыя карыснай справай, каб пасля ўрокаў матэматыкі і мовы спяшаліся да фартэпіяна ці за мальберт. Асаблівую ўдзячнасць Мікалай Краўчынскі выказвае настаўніцы пачатковых класаў СШ №1 Ірыне Вярэніч, у якой амаль усе вучні наведваюць музычнае ці мастацкае аддзяленні. Яна прыводзіць іх за руку ва ўтульны дом, дзе жывуць музыка і мастацтва. Сёлетні набор, дарэчы, будзе працягвацца з 1 па 10 чэрвеня.
Пасля заканчэння школы вучні могуць паступаць у спецыялізаваныя навучальныя ўстановы ў Баранавічы, Брэст, Пінск, але выбіраюць звычайна абласны цэнтр, дзе шырока вядомы дзяржаўны музычны каледж імя Р.Шырмы, з якім школа мастацтваў падтрымлівае самыя цесныя сувязі. Іх педагогі часта прыязджаюць да нашых з мэтаю даць майстар-клас і падзяліцца сваім багатым вопытам.
Штогод 3-4 вучні Камянецкай школы мастацтваў паступаюць у каледж і там праяўляюць сябе, дарэчы, самым лепшым чынам. Мікалай Краўчынскі з гонарам узгадвае Цімафея Грышкоўскага і Рамана Зарэцкага, Наталлю Вяткіну. А яшчэ адзін выпускнік, Павел Мурашка, – неаднакратны лаўрэат рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў.
Усе былыя вучні заўсёды з вялікай ахвотай наведваюць сваю альма-матар, ходзяць па знаёмых калідорах, кабінетах, узгадваюць, як упершыню садзіліся тут за фартэпіяна ці бралі ў рукі пэндзлік, у чарговы раз выказваюць словы ўдзячнасці сваім педагогам. Калі гэтых хлопцаў і дзяўчат запрасіць на справаздачны ці юбілейны канцэрт, можна не сумнявацца: не адмовяць! Дарэчы, палова выпускнікоў вяртаецца ў родную школу мастацтваў ужо ў якасці настаўнікаў.
За 2011-2012 навучальны год школай і ў школе праведзена 56 канцэртаў, большасць – тэматычных: да Новага года, 8 Сакавіка, Дня абаронцаў Айчыны, Дня настаўніка і інш. Афармленнем залы да гэтых святочных мерапрыемстваў займаецца мастацкае аддзяленне, акрамя таго, чатыры разы на год ладзяцца выставы яго вучняў. А духавы аркестр школы мастацтваў даўно з’яўляецца ўпрыгажэннем літаральна любога свята ў Каменцы. Напрыклад, у Дзень Перамогі ён суправаджае ветэранаў і ўсіх тых, хто выходзіць на вуліцы горада, каб далучыцца да агульнай радасці, якой споўнілася сёлета 67 гадоў. Да таго ж, духавы аркестр лічыцца сімвалам камянецкіх выпускных баляў, якіх таксама нядоўга засталося чакаць.
Вось і падыходзіць да заканчэння яшчэ адзін навучальны год. Чаму навучыліся падчас яго вучні Камянецкай дзіцячай школы мастацтваў? Даведаемся пра гэта падчас справаздачнага канцэрта, які адбудзецца ў Камянецкім ГДК 27 мая. Прыходзьце!

Настасся НАРЭЙКА
Фота Наталлі ГРЫЦУК

Добавить комментарий