Як пазбегнуць нежадання дзяцей ісці ў дзіцячы садок?
Нярэдка каля дзіцячага сада, ідучы на працу, бачу плаксівае дзіця і маму (тату, бабулю, дзеда), якія стараюцца растлумачыць малому, што дзіцячы сад – гэта добра, ці проста спрабуюць усімі спосабамі ўхапіць дзіця і зацягнуць яго ў садок. Для некаторых бацькоў усё гэта з’яўляецца сапраўды глабальнай праблемай. Адны малыя пачынаюць плакаць ужо ў групе, іншыя – на падыходзе да дзіцячага саду, трэція – як толькі выходзяць з дома. Але чаму так адбываецца?
Зразумець, чаму дзіця плача, проста. Самі мяркуйце – гэта не родны дом, мамы няма, любімых цацак таксама. Малога выцягнулі з цёплага ложка і вядуць у чужое месца, да чужых людзей. Каму гэта спадабаецца? А дзеці 2-3 гадоў выказваюць сваё абурэнне выключна плачам, 4-5-гадовыя плачуць менш. І не таму, што яны ўжо адаптаваліся да садка. Проста старэйшыя дзеці паказваюць свае эмоцыі і думкі словамі.
Вядома ж, што ніводная мама не зможа адчуваць сябе спакойна і камфортна, калі яна выйшла з садка пад гукі плачу і крыкаў свайго малога. Але ў большасці выпадкаў падобных сітуацый можна пазбегнуць, калі не ігнараваць дзіця, а дапамагчы яму даць рады праблеме.
Для таго, каб бацькі маглі правільна падрыхтаваць сваё дзіця да садка, вырашыў пагутарыць з Жаннай Калянковіч, псіхолагам Камянецкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
– Якую інфармацыю патрэбна ведаць бацькам пра дзіцячы садок перад тым, як адвесці туды сваё дзіця?
– Усё вельмі проста. У дзіцячых садках праводзяцца дні адчыненых дзвярэй, калі бацькі могуць пахадзіць па групах, паглядзець, як праводзяцца заняткі, пагаварыць з выхавальнікамі, загадчыцай. Ім патрэбна звярнуць увагу на наступныя важныя моманты: месца знаходжання ўстановы і яго аддаленасць ад дома; наяўнасць высокай, моцнай агароджы вакол; наяўнасць дзіцячай пляцоўкі з верандай і інвентаром; абсталяванне груп (зручныя ложкі, дастатковая прастора для гульняў і заняткаў, асобная спальня і сталовая зона і г. д.); наколькі чыста ў групах, у калідорах і на тэрыторыі садзіка; як паводзяць сябе выхавацелі на прагулцы, чым займаюцца з дзецьмі, у што гуляюць. Паназірайце за дзецьмі: задаволеныя яны ці не.
Будзьце ўважлівыя, не абмяркоўвайце ў прысутнасці праблемы, якія звязанныя з дзіцячым садам. Ні ў якім разе не палохайце свайго малога фразамі накшталт: «Вось пойдзеш у сад, там не будуць глядзець, што ты кашу не ясі – прымусяць…», «Не будзеш слухацца, аддам цябе ў дзіцячы сад». Гэта часова дапаможа, але што, калі малога сапраўды трэба будзе весці ў сад? Часам бацькі ўспамінаюць пра будучае наведванне дзіцячага сада выключна з добрымі намерамі: «Апранай калготкі сам, табе хутка ісці ў дзіцячы сад, там давядзецца быць самастойным». Думаецца, пасля такіх слоў на месцы дзіцяці вы б і самі паспрабавалі як мага даўжэй дэманстраваць бацькам свае няўмельства і несамастойнасць, каб яны не аддалі вас у «жудасны дзіцячы садок».
– Што рабіць для таго, каб адаптацыя ў садку прайшла хутка і лёгка ?
– Каб адаптацыйны перыяд прайшоў больш паспяхова, гутарку з дзіцём пра яго будучае наведванне садка трэба пачынаць задоўга да першага паходу туды, як пра нешта прывабнае і цікавае. Але толькі без хлусні і фантазій, каб пазбегнуць расчараванняў. Маляўніча апішыце, як весела і цікава яму будзе на ранішніках, якія разнастайныя заняткі чакаюць (маляванне фарбамі, лепка, фізкультура і г. д.), што ў групе ў кожнага дзіцяці ёсць свой ложачак, крэсалка, што дзеці разам ядуць, спяць, гуляюць. Скажыце, што і вы ў дзяцінстве хадзілі ў дзіцячы сад і вам там вельмі падабалася. Раскажыце, якія ў яго з’явяцца выдатныя сябры. Паспрабуйце зацікавіць тым, што менавіта ў садку будзе тое, чаго пазбаўлены дома. Напрыклад, у дзіцячым садзе ёсць акварыум і жывы куток, велізарная педальная машына.
Рыхтуйце дзіця да камунікавання з іншымі дзецьмі і дарослымі, наведвайце з ім дзіцячыя паркі і пляцоўкі, прывучайце да гульні ў пясочніцах, на арэлях. Хадзіце з ім на дзіцячыя святы, на дні нараджэння сяброў, далучайце да супольных гульняў. Назірайце, як ён сябе паводзіць: адасабляецца, саромеецца, канфліктуе, б’ецца ці ж лёгка знаходзіць агульную мову, раскаваны, кантактуе з аднагодкамі, цягнецца да камунікацыі.
– Ці варта даваць дзіцяці ў садок яго любімую цацку?
– Так, безумоўна! Важны сродак камунікацыі ў дашкольнай установе – гэта дзіцячыя цацкі. Каб частка сямейнай атмасферы была з малым, дазвольце яму іх браць з сабой. Навучыце дзяліцца імі з іншымі дзецьмі. Прапануйце прыкладныя фразы, словы, якімі ён зможа звяртацца да новых сяброў.
Праз нейкі час паспрабуйце ўгаварыць пакінуць цацку пераначаваць у садку і раніцай зноў з ёй сустрэцца. Распытвайце свайго малога, што адбывалася з цацкай у дзіцячым садзе, хто з ёй сябраваў, хто крыўдзіў, ці не было ёй сумна. Такім чынам, вы пазнаеце пра тое, як у вашага малога атрымліваецца прывыкаць да садка.
– Большасці дзяцей цяжка звыкнуцца з тым, што поруч у садку няма ні маці, ні таты (бабулі ці дзядулі). Як можна падрыхтаваць дзіця да таго, што блізкіх і знаёмых яму людзей не будзе паблізу?
– Дзіця павінна быць гатовае да раставання з бацькамі. Для «трэніроўкі» паспрабуйце пакінуць малога (малую) на кароткі час у кампаніі добрых знаёмых. Толькі не забудзьцеся папярэдзіць яго пра тое, што вы ненадоўга адыйдзеце. Калі малы можа заставацца без вас са знаёмымі дарослымі, лёгка завязвае знаёмствы, выказвае цікавасць да дзяцей, якіх бачыць упершыню, рабіце выснову, што ён гатовы да кароткачасовага раставання.
– Дайце некалькі парадаў наконт таго, як прыводзіць і як забіраць дзіця з садка.
– Спачатку прадумайце, хто будзе прыводзіць і забіраць малое (бацька, маці, бабуля ці дзядуля). Абгаварыце з ім, як вы будзеце развітвацца і як сустракацца ў дзіцячым садзе. Некалькі разоў выканайце вельмі важныя для малога дзеянні пры развітанні і сустрэчы. Спрабуйце потым іх прытрымлівацца.
– Як правільна перавесці дзіця на “рэжым садка”? Што зрабіць, каб было менш “слёз”?
– Бацькі павінны ведаць пра важнасць паступовага і своечасовага (прынамсі, за 2 месяцы) пераходу дзіцяці на рэжым дня, аналагічны рэжыму дашкольнай установы. Даведайцеся пра распарадак дня ў групе і наблізьце рэжым дзіцяці дома да распарадку дня ў групе. Абмяжуйце прагляд мультфільмаў. Розніца паміж хатнім асяроддзем і дзіцячым садам будзе менш адчувальнай для дзіцяці, а адаптацыя пройдзе лягчэй.
Па назіраннях псіхолагаў сярэдні тэрмін адаптацыі ў норме складае: у яслях – 7-10 дзён; у дзіцячым садзе ў 3 гады – 2-3 тыдня; у старэйшым дашкольным узросце – 1 месяц.
Псіхолагі рэкамендуюць наступную прыкладную схему: першы, другі дзень – знаходзіцца ў садку 2-3 гадзіны. Бацькам трэба паспрабаваць прыйсці да дзённай прагулкі, пагуляць разам з усімі і пайсці дахаты абедаць. Знаходзіцца з дзіцём у групе, карміць яго там, а тым больш уладкоўваць спаць не рэкамендуецца. Малы павінен ведаць, што ў дзіцячым садзе гэтым займаюцца выхавацелі. Для дзіцяці, якое толькі пойдзе ў сад, будзе некаторым суцяшэннем, калі першы раз вы правядзеце з ім некалькі гадзін у новых умовах, разам. Пагаварыце з выхавальніцай, каб малы ўбачыў, што гэты чалавек падабаецца маме і тату і што ён зусім не такі страшны, якім здаецца. Першыя дні можа быць гнуткі рэжым знаходжання дзіцяці ў дзіцячым садзе (вольны час прыходу, дадатковыя выхадныя дні).
На трэці-шосты «садаўскі» дзень трэба забіраць дзіця адразу пасля абеду, да сну. Лепш разлічыць час так, каб прыйсці да заканчэння абеду і пачакаць у распранальні, не паказваючыся малому. З аўторка 2-га тыдня малога варта забіраць дахаты апоўдні. І толькі з 3-га тыдня можна пакідаць дзіця ў садзе на цэлы дзень. Прапанаваную схему, безумоўна, можна змяняць у залежнасці ад адаптацыі дзіцяці.
Прытрымліваючыся саветаў, прапанаваных псіхолагам, можна будзе пазбегнуць шматлікіх праблем, якія ўзнікаюць пры наведванні дзіцячага садка.
Дзяніс ТРАЦЮК.
Это может быть интересно:
-
На Каменетчине прошла благотворительная кампания «Соберем детей в школу»
-
График плановых отключений электроэнергии в Каменецком районе
-
РАСПИСАНИЕ БОГОСЛУЖЕНИЙ В ХРАМАХ Г.КАМЕНЦА
-
Брестчина полностью готова к осенне-зимнему отопительному сезону
-
«Народная зарядка» ко Дню народного единства прошла в Каменце