Служба, якая абавязана быць незаўважнай

Изображение 813_resize29 кастрычніка сваё прафесійнае свята адзначаць супрацоўнікі Дэпартамента аховы. Іх служба была створана 62 гады таму. За гэты час яна перажыла шмат пе-раўтварэнняў. Нязменнымі засталіся толькі абавязкі. Гэта – ахова кватэр, гаражоў, дач з дапамогай сродкаў сігналізацыі, забеспячэнне асабістай бяспекі грамадзян з дапамогай кнопак трывожнай сігналізацыі.

На працягу не аднаго дзясятка гадоў стаяць на варце правапарадку і спакою нашых жыхароў супрацоўнікі і работнікі Камянецкага аддзялення аховы. Старажыламі службы па праву лічацца Ігар Гук і Валерый Комар. Больш за 20 гадоў аддалі нялёгкай справе, спачатку працавалі ў групе затрымання, а сёння на стацыянарных міліцэйскіх пастах. Па шляху бацькі плануе пайсці сын Валерыя Комара – Дзмітрый, які на дадзены момант служыць ва Узброеных сілах РБ. У гэтым годзе Ігар і Валерый дасягнулі абавязковага стажу на службе і маглі б спакойна пайсці на адпачынак, але па-ранейшаму застаюцца ў страі, бо не ўяўляюць сябе на іншым месцы.

Да Дня аховы споўніцца 18 гадоў, як служыць Дзмітрый Сахарук, на першы погляд сціплы, але заўсёды ўпэўнены ў сабе міліцыянер. Да 2012 года Дзмітрый працаваў у групе затрымання, а цяпер ён ажыццяўляе ахову грамадскага парадку ва ўстанове аховы здароўя “Туберкулёзная бальніца Вярховічы”, дзе свая спецыфіка работы і зусім няпросты кантынгент хворых. Але і тут Дзмітрый вызначыўся як кваліфікаваны і вопытны супрацоўнік.

У падраздзяленні шмат маладых супрацоўнікаў, якім патрэбна падказка і дапамога больш вопытных саслужыўцаў. І старажылы пастаянна перадаюць свой вопыт, на асабістым прыкладзе паказваюць, як дзейнічаць у складаных сітуацыях, самастойна прыняць правільнае рашэнне. Адзначу маладых, якія ўжо вызначыліся па службе і з удзелам якіх былі раскрыты сёлета крымінальныя справы. Гэта – Алег Гендзель, Ігар Вядзернікаў, Уладзіслаў Трацяк.

Тэхнічныя сродкі аховы адыгрываюць амаль што галоўную ролю ў службе аховы. І кіраваць імі павінны высокакваліфікаваныя спецыялісты. Да такіх адносіцца электраманцёр вышэйшага разраду Міхаіл Калупановіч. Ён прыйшоў у ахову яшчэ ў 1980 годзе, потым адслужыў армію і зноў вярнуўся на сваю пасаду. Пры яго ўдзеле пераключалі аб’екты з састарэлых пультаў на новую аўтаматызаваную сістэму ахоўнай сігналізацыі “Алеся”. Цяпер Міхаіл праводзіць тэхнічнае абслугоўванне ахоўна-пажарнай сігналізацыі больш за 100 умоўных установак, а таксама па сумяшчальніцтве заняты мантажом і наладкай тэхнічных сродкаў на зноў прынятых аб’ектах і пры капітальных рамонтах. Быў настаўнікам, навучыў усім вартасцям сваёй прафесіі электраманцёраў Мікалая Вайтовіча, Сяргея Міхалоўскага, Юрыя Цывілюка, Сяргея Герасімука.

У склад нашай службы ўваходзіць вартавая ахова. Яе работнікі забяспечваюць захаванасць таварна-матэрыяльных каштоўнасцей. Высокая дысцыпліна, пачуццё адказнасці, правільна наладжаная работа садзейнічаюць таму, што ў аддзяленні не было сур’ёзных выпадкаў крадзяжоў з ахоўваемых аб’ектаў, – заслуга ўсяго калектыву. Але адзначу Сяргея Асіпцова, які адпрацаваў вартаўніком 20 гадоў і быў прызнаны сёлета лепшым па прафесіі на конкурсе сярод падраздзяленняў Брэсцкай вобласці, а таксама Сяргея Іванюка, Васілія Сокала, Вячаслава Артамонава, Ганну Царук.

Напярэдадні свята выказваю словы ўдзячнасці ўсяму асабоваму саставу аддзялення, у тым ліку і грамадзянскаму персаналу за прафесіяналізм, пачуццё абавязку і адказнасці, ветэранам службы – за ўдзел у патрыятычным і маральным выхаванні маладога пакалення. Жадаю ўсім моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту, поспехаў.

Аляксандр КАЗЮК,

начальнік Камянецкага аддзялення Дэпартамента аховы МУС РБ.

Фота Міколы ШУМА.

Добавить комментарий