Служба ва ўзмоцненым варыянце

OLYMPUS DIGITAL CAMERAКаб забяспечыць бяспеку дарожнага руху, захаваць жыццё і здароўе яго ўдзельнікаў, прыняць дадатковыя меры па недапушчэнні негатыўных тэндэнцый, узмацніць кантроль за захаваннем устаноўленых нормаў і правілаў, з 30 студзеня да 10 лютага супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі неслі службу ва ўзмоцненым варыянце.

Асаблівая ўвага ўдзялялася населеным пунктам і аўтадарогам, дзе ёсць найбольшая рызыка ўчынення ДТЗ, выяўленню ўдзельнікаў руху (пешаходаў, веласіпедыстаў), якія не захоўваюць правілы, у прыватнасці, не карыстаюцца святловяртальнымі элементамі, знаходзяцца ў стане алкагольнага ап’янення на дарозе. Акрамя гэтага, была арганізавана работа дадатковых экіпажаў ДАІ ў начны перыяд, накіраваная на выяўленне вадзіцеляў пад хмяльком, якія кіруюць транспартнымі сродкамі. За час правядзення рэйдаў выяўлена 266 парушэнняў правілаў руху, 65 грубых парушэнняў хуткасных рэжымаў, затрыманы 3 вадзіцелі ў стане алкагольнага ап’янення. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 22 пешаходы, з іх 16 – у нецвярозым стане.

Напомню ўсім удзельнікам дарожнага руху: выходзячы на вуліцу, не забывайце ўзяць з сабою флікер; не дапускайце нават думкі сесці за руль у стане алкагольнага ап’янення; едучы на аўто, захоўвайце хуткасныя рэжымы; будзьце ўзаемаветлівымі і ўзаемаўважлівымі на дарозе. У дні рэйдаў не ўчынена ДТЗ, пры якіх загінулі б ці пацярпелі людзі.

З 14 па 16 лютага ў раёне праводзіліся масіраваныя праверкі на рэспубліканскіх аўтамабільных дарогах. Выяўлена 99 парушэнняў правілаў руху, у тым ліку 37 грубых парушэнняў хуткасных рэжымаў, затрыманы 2 вадзіцелі ў стане алкагольнага ап’янення.

17 лютага праведзены мерапрыемствы пад назвай “Фільтр”, у ходзе якіх затрыманы 2 вадзіцелі ў нецвярозым стане, адзін з якіх кіраваў у такім стане аўтамабілем паўторна на працягу года пасля прыняцця мер адміністрацыйнага ўздзеяння за аналагічнае правапарушэнне. У адносінах да яго рыхтуюцца матэрыялы па ўзбуджэнні крымінальнай справы. Санкцыя прадугледжвае канфіскацыю транспартнага сродку. Варта дадаць, што вадзіцеляў, якія паўторна на працягу года кіравалі ў нецвярозым стане транспартнымі сродкамі, у раёне затрымана чацвёра. У аднаго гора-вадзіцеля па рашэнні суда транспартны сродак (скутар) ужо канфіскаваны, а тры (БМВ, Фольксваген Гольф і Рэно) – чакаюць сваёй чаргі. Паводле арт.317′ Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, яны падлягаюць канфіскацыі ў даход дзяржавы.

Заўважу, што аналагічныя рэйды на тэрыторыі раёна будуць праводзіцца і ў далейшым.

Валерый МАЖАЛЮК, часова выконваючы абавязкі пасады начальніка аддзялення дзяржаўтаінспекцыі РАУС.

Добавить комментарий