Следства вядуць знатакі

P7098286Паўтара года прайшло з   таго часу, як, згодна з Указам №409 ад 12 верасня 2011 г. Прэзідэнта нашай краіны, быў створаны Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь. Адпаведна столькі ж працуе яго Камянецкі райаддзел. На пачатку ліпеня 50 год мінула з таго часу, як было ўтворана следства пры МУС Саюза ССР, праўда, паўвека гэтая структура не праіснавала, але следчыя ў пракуратуры працавалі больш працяглы час, калі ўлічыць яе 90-гадовую гісторыю. Канцэнтрацыя следства ў адным ведамстве прыносіць свой плён, уплывае на якасць дасудовай крымінальнай вытворчасці. Аб рабоце следчых раёна летась і сёлета расказаў карэспандэнту “Навін” начальнік раённага аддзела Следчага камітэта Вячаслаў САЦЭВІЧ.

 

– Вячаслаў Уладзіміравіч, напачатку – коратка аб сутнасці работы аддзела Следчага камітэта, каму ён падначальваецца і дзе знаходзіцца?

– Райаддзел Следчага камітэта з’яўляецца дзяржаўным праваахоўным органам і органам папярэдняга следства, які ажыццяўляе паўнамоцтвы дасудовай вытворчасці ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі. Аддзел уваходзіць ў адзіную цэнтралізаваную сістэму Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, падначальваецца Следчаму камітэту і ўпраўленню Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Брэсцкай вобласці.

Наш юрыдычны адрас: Брэсцкая вобласць, Каменец, вуліца Брэсцкая, 38/2. Тэлефоны – (8-01631) 9-02-31, 2-11-02.

– Якія вынікі работы райаддзела сёлета за паўгоддзе?

– Калі коратка: за паўгода следчыя аддзела расследавалі больш за сотню крымінальных спраў, з якіх больш за 50 ужо накіраваны ў суд.

– Назавіце найбольш гучныя з крымінальных спраў…

– Большасць злачынстваў, якія расследуюцца, зусім не “гучныя”, бо, як вядома, часцей за ўсё ўчыняюцца банальныя крадзяжы. А сярод найбольш рэзанансных назаву некалькі. Сёлета ў лютым накіравана ў  суд раёна справа аб замаху на забойства, які ўчыніў 23-гадовы жыхар Каменца: ён  каля камянецкага бара нанёс пацярпеламу раненне нажом. Суд адбыўся, прыгавор аб пазбаўленні волі падсуднага ўступіў у законную сілу. Таксама завершана расследаванне крымінальнай справы па факце забойства ў лютым гэтага года 38-гадовага жыхара аграгарадка Агароднікі яго аднавяскоўцам. Крымінальная справа перададзена ў суд. Следчыя райаддзела ў складзе следчай групы ўдзельнічалі ў расследаванні крымінальнай справы па факце забойства з асаблівай жорсткасцю жыхара райцэнтра ў сакавіку гэтага года, труп якога знайшлі ў лесапасадцы каля Каменца.

– Скажыце, акрамя расследавання злачынстваў, следчыя аддзела праводзяць якія-небудзь праверкі пасля некаторых здарэнняў?

– Так. У адпаведнасці з патрабаваннямі часткі 2 артыкула 174 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, да выключнай кампетэнцыі органаў папярэдняга следства адносяцца праверкі заяў і паведамленняў аб злачынствах, звязаных са смерцю чалавека; супраць палавой недатыкальнасці ці палавой свабоды; учыненых службовымі асобамі, якія займаюць адказныя пасады. Таксама ў выпадку парушэння правілаў аховы працы, а гэта сустракаецца яшчэ нярэдка.

– А якія ўмовы працаўладкавання ў Следчым камітэце, хто можа працаваць у райаддзеле следчым?

– Найперш прэтэндэнту на службу ў Следчым камітэце неабходна мець вышэйшую юрыдычную адукацыю. Кандыдаты праходзяць спецыяльную праверку, медыцынскую камісію, а таксама праверку на паліграфе, так званым “дэтэктары хлусні”. Калі кандыдаты – выпускнікі грамадзянскіх ВНУ, яны першапачаткова павінны атрымаць статус дзяржаўнага служачага, для чаго здаць кваліфікацыйны экзамен. Пасля паспяховага папярэдняга выпрабавання іх прымаюць на службу, ім прысвойваецца афіцэрскае званне. Карацей, звяртайцеся, асабіста ці папярэдне, – па названых вышэй тэлефонах.

Гутарыў Георгій ПАРАФЯНЮК.

Добавить комментарий