Кожны раз на пачатку новага навучальнага года пераглядаю свой стары школьны фотаальбом. Партрэта Насці-першакласніцы ў форме савецкіх часоў і белым фартушку там, на жаль, няма, але на ўспамін пра тое 1 верасня захоўваецца кніга. Досыць вялікі фармат, жоўтая папера, на вокладцы – два буслы і загаловак “З рога ўсяго многа”, а на форзацы цёплыя пажаданні адзінаццацікласнікаў. Казкі з той кнігі прачытала ў дзень, калі атрымала падарунак, а паставіць яго ў роўны шэраг хатняй бібліятэкі не паднялася рука.
Пазней мама купіла мне ў кнігарні яшчэ два зборнікі фальклорных твораў. Адзін з іх – “Свяці, свяці, сонейка” – змяшчаў таямнічыя легенды і паданні (асабліва мне падабаўся аповед пра Нёман і Лошу), а другі – “Залатыя каласкі” – знаёміў з усімі без выключэння жанрамі вуснай народнай творчасці. Напэўна, тады і прыйшло разуменне: бясцэнны скарб трымаю я ў руках.
Асабліва цікавяць мяне прыказкі і прымаўкі. Падчас вучобы ў школе і ўніверсітэце збірала іх, перапісвала ў асобны сшытак (працягваю і цяпер), у дакладзе на навуковай канферэнцыі параўноўвала беларускія прыказкі і прымаўкі з нямецкімі. На аснове таго аналізу адно магу сказаць дакладна: такога шчырага, добразычлівага, дасціпнага і мудрага народа, як наш, больш няма. Ён у нечым наіўны, але такі светлы, што здзіўляешся. Гэта цяпер мы ўсё на свеце законамі фізікі ды біялогіі тлумачым, розумам. А тады чалавечая душа працавала (і як працавала!), бо людзі былі што дзеці – Бога і зямлі, глядзелі на свет вялізнымі, даверлівымі вачамі і не чынілі зла. Творчасць гэтага народа – лепшае люстэрка. Давайце зазірнём у яго…
Прыказкі, прымаўкі і народныя выслоўі
Броўкі, як сярпочкі, а ніўка нязжатая стаіць. Прыбралася, хоць у каноплі стаў. Свет ходзіць калаўротам. Госць першы дзень – золата, другі дзень – срэбра, трэці – медзь і дадому едзь. Калі на стале хлеба ні крошкі, то гэта не хлеб, а дошкі. Сваёй гадоўлі вераб’і. Зляпіў бог душу – ні ў пень, ні ў грушу. Каваль каня куе – і жаба нагу дае. Цікаўнай Амілі нос прышчамілі. На тое і каты, каб мышы лататы. Як улез у вараны, то і кракай, як яны. Я – вашаць, і ты – вашаць, а хто ж нам хлеба напашаць. Ці саву аб пень, ці пень аб саву, усё саве бяда. Наша Сора то шые, то пора – усё ніткам гора. Плакаў, плакаў – Бог аднакаў, стаў спяваці – стаў Бог даваці. Разбіраешся, як свіння на бязмене. Усё роўна ці за адну нагу вісець, ці за дзве целяпацца. З ліхім чалавекам і гадзіна векам. І дзеўка не плецена, і хата не мецена. Хварэе, хварэе, а як прыйдзе нядзеля – хаваць няма каго.Чорт кабылу саставіў, ды розуму не ўставіў. Такі харошы, як люлька за тры грошы. Бацька быў сярэдні гаспадар: торбы па баках, а сам пасярэдзіне. Прыйшлі новыя весці: няма чаго есці. Дзеўка не бракоўна, як чароўна, а бракоўна, як не праворна. Дзіцяці ўсё салодкае смачна, а ўсё чырвонае хораша. Сказаў бы, ды печ у хаце.
Прыпеўкі
* * *
Прыкацілі ка мне сваты
На сівой кабыле,
Завярнуліся назад –
Жаніха забылі.
* * *
А мой мілы хударлявы,
Мне не падабаецца.
Навяжу я на папары,
Няхай ад’ядаецца.
Павер’і
Некаторыя людзі знаходзілі знічкі (падающие звезды) і насілі іх як аздобу. Староннія, між тым, бачаць знічку і захапляюцца яе прыгажосцю, а сам уладальнік бачыць у ёй просты камень.
Калі пачынаецца град, трэба раскусіць адну градзінку – сціхне.
Калі ў саху ўтыркнуць калок з дрэва, якое расце роўна, то конь будзе рабіць роўныя барозны.
Калі першыя бульбіны пасадзіць цяжарная, будзе добры ўраджай.
Паміж палямі павінны быць шырокія межы, каб па іх маглі хадзіць святыя – хлебародныя дабрадзеі.
Убачыўшы першы раз бусла, трэба адразу сесці на зямлю, каб быў дабрабыт і гаршкі не біліся.
Калі загрыміць першы гром, трэба ўхапіцца за камень – будзеш моцны, як ён.
Дзеўкі набіралі ў ночвы дажджавую ваду і мылі ёю валасы, каб былі доўгія.
Забіраць арэхі, якія назапасіла на зіму вавёрка, нельга. Выпадуць дачасна ўсе зубы.
Колькі ў дзяцінстве гнёздаў разбурыш, столькі пасля зменіш сяліб.
Барану на гняздо буслу павінны зацягнуць на дрэва хлопец з дзеўкай, а то птушкі тое месца не ўпадабаюць.
Праз ільняную тканіну гадзюка не кусае.
На месцы будучай хаты ставяць чыгунок з павучком. Калі ноччу ён пачне ткаць кросны, то месца добрае.
Калі кот вуркоча, седзячы ці лежачы, то гэта ён малітвы прамаўляе за свайго гаспадара.
Калі кошка сядзіць перад люстэркам – будзе вяселле.
Калі жанчына з’есць падвойны колас – народзіць двайнят.
Калыску павінен рабіць толькі бацька, тады дзіця будзе яго шанаваць. Дзеці, што спалі ў адной калысцы, будуць сябраваць.
Каб дзіця хутчэй пайшло, трэба садзіць яго на тое месца, дзе нядаўна ляжаў спечаны хлеб.
Калі дзіця доўга не гаворыць, яму даюць знойдзены абаранак.
Калі дзіця перш скажа “мама” ці “баба”, то ў яго народзіцца сястрычка.
Гэта толькі маленькая частка таго, што створана беларускім народам. Раю пашукаць у бібліятэцы серыю кніг “Вусная народная творчасць”. Гэта і Ваша люстэрка таксама…
Это может быть интересно:
-
На Каменетчине прошла благотворительная кампания «Соберем детей в школу»
-
График плановых отключений электроэнергии в Каменецком районе
-
РАСПИСАНИЕ БОГОСЛУЖЕНИЙ В ХРАМАХ Г.КАМЕНЦА
-
Брестчина полностью готова к осенне-зимнему отопительному сезону
-
«Народная зарядка» ко Дню народного единства прошла в Каменце