Шостага красавіка ляснічы Высокаўскага лясніцтва Уладзімір Жалнерчык ласкава прадаставіў свой кабінет члену
Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандру Карпіцкаму, які правёў тут двухгадзінныя асабісты прыём грамадзян і “прамую тэлефонную лінію”.
Першымі па дапамогу да сенатара ў гэты дзень асабіста звярнуліся дзве жыхаркі Высокага, якіх хвалююць, па-першае, стан дарогі па вуліцы Свярдлова ў самым заходнім горадзе Беларусі (яна даўно патрабуе асфальтавання), а па-другое, сённяшняе нязручнае (на думку заяўнікаў) месцазнаходжанне рынка, дзе гандлююць сельгаспрадукцыяй.
Узнікненне першай праблемы старшыня Высокаўскага гарвыканкама Аляксандр Рагальчук, які прысутнічаў на прыёме, патлумачыў тым, што да абласных “Дажынак” 2018-га названую вышэй вуліцу ўжо планавалася давесці да ладу на сродкі, выдзеленыя Еўрасаюзам у межах праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва Польшчы, Беларусі і Украіны, але з-за сур’ёзных праблем, што ўзніклі з польскага боку, фінансаванне было адменена.
Што ж датычыцца рынка, то сёння з тыльнага боку фірменнага магазіна ААТ “Белавежскі” ўстаноўлены навес. Карыстацца ім высакаўчане не згаджаюцца, матывуючы тым, што гандлёвыя месцы размешчаны нязручна: каб іх знайсці, трэба завярнуць за вугал. Жанчыны прапанавалі даць дазвол прадаваць ураджай з прысядзібных участкаў ля колішняга магазіна “Сунічка” (цяпер тут “Табакерка”), але гэта таксама не варыянт. У буднія дні яшчэ магчыма, калі гандляроў не так шмат, а вось як прыходзяць выхадныя… Прыязджаюць са сваім таварам людзі з іншых мясцін, паркуюць аўто ля аптэкі насупраць і іншым вадзіцелям няма куды падзець сваіх “жалезных коней”.
Аляксандр Рагальчук прапаноўвае яшчэ адзін варыянт вырашэння праблемы: пляцоўку за гарадскім Домам культуры. Але і яна гараджанам не даспадобы.
Абодва пытанні заяўніц сенатар узяў на заметку, а месцы для размяшчэння рынка, з-за якіх узнікла спрэчка, абышоў сам, каб зарыентавацца на мясцовасці і зрабіць уласныя высновы.
Ледзь толькі за жанчынамі, што завіталі на прыём, зачыніліся дзверы, зазвінеў тэлефон. 72-гадовы жыхар вёскі Бучамля 3, што пражывае цяпер на тэрыторыі школы-інтэрната, папрасіў Аляксандра Карпіцкага аб дапамозе ў пратэзаванні ног, ампуціраваных вышэй калена, у чым грамадзяніну было адмоўлена ў Мінску. Сенатар паабяцаў заяўніку звязацца з адпаведнымі спецыялістамі, ад якіх будзе залежыць вырашэнне агучанага пытання, і папрасіў мужчыну выслаць па пошце (калі гэта зручна і магчыма) копіі медыцынскіх дакументаў, якія могуць спатрэбіцца.
Наступны званок сенатару быў ад высакаўчанкі, якую хваляваў будынак былой Вярховіцкай туббальніцы, які цяпер (пасля яе закрыцця) пустуе. Жанчына прапанавала размясціць у ім ложкі сестрынскага догляду, што знаходзяцца цяпер на другім паверсе Высокаўскай гарадской бальніцы. Аляксандр Сяргеевіч запэўніў грамадзянку ў тым, што яе меркаванне будзе ўлічана падчас вырашэння далейшага лёсу гэтага пустуючага будынка.
Дарэчы, прыезд сенатара ў Высокае быў нездарма прызначаны на шосты дзень красавіка. Такім чынам ён імкнуўся зрабіць свой унёсак у правядзенне рэспубліканскай акцыі “Тыдзень лесу”. Чым кожны з нас можа дапамагчы “зялёным лёгкім” Беларусі? Ды проста хаця б адным пасаджаным дрэвам. Менавіта такая думка і натхніла Аляксандра Сяргеевіча выправіцца на дзялянку, што належыць Высокаўскаму лясніцтву, узяць у рукі рыдлёўку і пасадзіць некалькі дзясяткаў маленькіх сосенак.
Разам з сенатарам у гэты дзень добра папрацавалі навучэнцы, педагогі і майстры мясцовага сельскагаспадарчага каледжа. А новыя дрэўцы абавязкова прыжывуцца!
І моладзь, што вучыцца ў ДСПТК, і дарослыя ахвотна скарысталі магчымасць распытаць паважанага госця, абазнанага ў пытаннях захавання здароўя. Так, яны цікавіліся тым, ці варта сёння вакцыніравацца ад каронавірусу (адказ упэўнены і адзіны – варта!) і калі гэта рабіць у выпадку ўжо перанесенай раней хваробы, а таксама тым, як сам сенатар лечыцца ад хвароб: народнымі метадамі ці лекамі… Аляксандр Сяргеевіч падзяліўся ўласным вопытам наконт спажывання аднаго з лепшых сродкаў умацавання імунітэту – часнаку, і іншымі сакрэтамі моцнага здароўя і даўгалецця.
Асобныя слухачы аддалі перавагу таму, каб пагутарыць з парламентарыем асабіста, адзін на адзін.
“Зносіны з моладдзю павінна быць нефармальнымі, неабходна зацікаўліваць дзяцей, захапляць размовай. Такія акцыі, як сённяшняя, дапамагаюць наладзіць неабходны дыялог, даць зразумець падрастаючаму пакаленню, што яно заўсёды будзе пачутае і зразуметае прадстаўнікамі любой галіны ўлады”, – падвёў вынік акцыі Аляксандр Карпіцкі.
Між тым, знаёмства з прадстаўнікамі каледжа для Аляксандра Карпіцкага на гэтым не скончылася. Далей ён накіраваўся ў саму ўстанову адукацыі, дзе перш-наперш уручыў падарункі аднаму з пераможцаў конкурсу сачыненняў “Калі б я быў сенатарам” Міхаілу Сагалю, навучэнцу групы М66 ДСПТК (з яго работай чытачы раёнкі маглі пазнаёміцца ў мінулым нумары).
А потым педагогі, што прысутнічалі ў бібліятэцы каледжа, паслухалі аповед сенатара пра сітуацыю з каронавірусам на Брэстчыне, трэцюю хвалю, меры, якія неабходна прыняць, каб захаваць сваё здароўе (маскі, сацыяльная дыстанцыя, праветрыванне памяшканняў…), а таксама пра тое, як працуе сёння абласная клінічная бальніца, галоўным урачом якой з’яўляецца Аляксандр Сяргеевіч.
Акрамя таго, падчас гутаркі з педагогамі сенатар зноў асобна спыніўся на неабходнасці звярнуць асаблівую ўвагу на выхаванне падрастаючага пакалення, закрануў пытанні маладзёжнай палітыкі, агучаныя на шостым Усебеларускім народным сходзе, адзначыў працу калектыву каледжа, навучэнцы якога прынялі актыўны ўдзел у конкурсе “Калі б я быў сенатарам”.
І ўвогуле ўсе пытанні, што прагучалі падчас сустрэчы, не засталіся без адказаў.
Настасся НАРЭЙКА
Фота аўтара
Это может быть интересно:
-
Смотр-конкурс ко Всемирному дню борьбы со СПИДом прошёл в Каменецком районе
-
Решение об образовании участков для голосования в Каменецком районе
-
МИНИ-ФУТБОЛ ВОЗВРАЩАЕТСЯ! ИТОГИ ПЕРВЫХ МАТЧЕЙ ПРЕДСТАВИТЕЛЕЙ КАМЕНЕТЧИНЫ
-
НАША ДЗЮДОИСТКА ПОЛИНА ШИБАНОВА СНОВА НА ПЬЕДЕСТАЛЕ
-
Масштабный просветительский проект «Президентская республика» продолжает шагать по Каменетчине