У межах раённага месячніка па добраўпарадкаванні на мінулым тыдні Камянецкі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі сумесна з раённай газетай правялі агляд тэрыторый райцэнтра з мэтай выяўлення парушэнняў утрымання прысядзібных участкаў і тэрыторый каля прадпрыемстваў і арганізацый. Разам з памочнікам урача-гігіеніста райЦГЭ Яўгеніяй Дзенісенка пабывалі амаль што ў кожным кутку Каменца.
Такія агляды цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі праводзяцца пастаянна і ахопліваюць увесь раён. За кожным участкам замацаваны спецыяліст, які і сочыць за парадкам на даверанай яму тэрыторыі.
Пачаўся рэйд у мікрараёне Замасты. Праехалі па вуліцы Дзмітрук. Каля некаторых дамоў павалены плот. Ёсць тут і безгаспадарны ўчастак, на якім паўразбураны дом. А вось на вуглу згаданай вуліцы і 9 Мая стаіць дом, акуратна пафарбаваны, ён быццам бы гаворыць, што некалі тут жылі добрыя гаспадары. А зараз няма. Калі дакладней, то нашчадкі не могуць падзяліць бацькоўскі дом, вакол якога паваліўся плот і парасло ўсё пустазеллем. Дарэчы, ужо неаднаразова нават суседзі абураліся гэтаму факту.
Едзем далей. Былая аўтазаправачная станцыя “з’ехала”, а смецце забраць забылі. Хоць і ляжыць яно ў адведзеным для гэтага месцы, але ж сметнікаў там ужо даўно няма…
Самы крайні дом на Пагранічнай апошнім часам цэнтр гігіены і эпідэміялогіі наведвае часта. Тут на падворку ні праехаць, ні прайсці, і на абочыну дарогі гаспадар высыпаў добрую машыну будаўнічых адходаў. Як патлумачыў нам, проста хацеў прыбудаваць летнюю кухню. Гора-гаспадара папярэдзілі, каб да 1 мая прыбраў усё.
Далей па гэтай вуліцы знаходзіцца дом, каля якога не так даўно стаяў пабіты плот. Яго прыбралі. А што за ім робіцца? Чаго там толькі няма! Нашчадкі жывуць недзе ў Высокім, а даглядзець належным чынам сядзібу, мабыць, няма часу.
Прыбудоўка ля прыватнага магазіна, што належыць ПУП “Авангард”, пераўтварылася ў памяшканне для катоў і сабак. Пах там стаіць яшчэ той…
Наведалі і стаянку для аўтамабіляў ля пляжа. Яе павінны былі заасфальтаваць яшчэ гады два таму. Не выканалі. І зноў будзе прадпісанне ад райЦГЭ.
Былая бутэрбродная, што каля аўтастанцыі, належыць Камянецкаму райспажыўтаварыства, зараз выглядае пакінутай назаўсёды. Там патрабуецца капітальны рамонт. Зімой у будынку з-за недагляду пашкоджаны батарэі, і цяпер фундамент на вуліцы увесь зацёк вадою.
Пра былую гарадскую лазню ўжо не раз гаварылася. Яна, як бяльмо на воку, псуе выгляд усёй вуліцы. А за будынкам – пасляваенны горад. Некаму ж спатрэбілася разбурыць пабудову, што знаходзілася тут. А што ўнутры – жах…
Раён міліярацыі новы, жыве амаль адна моладзь, але ж… Па Брэсцкай 67, 95, 97 жыхары развялі сапраўдныя сметнікі. Нехта нават дадумаўся паставіць смецце (праўда, у пакеце) на газавую калонку, спадзяецца, што хто-небудзь вынесе… А побач з магазінам “Паўднёвы” знаходзяцца быццам бы градкі. На самай жа справе людзі выкідваюць на гэту тэрыторыю непатрэбныя рэчы…
Раёны гаражных кааператываў “Гараж” і “Матор” прыемна здзівілі амаль што чыстымі праездамі: толькі дзе-нідзе ляжалі парожняя бутэлька ці яшчэ якая дробязь. Але вось за “Гаражом” – цэлы сметнік. Чый? Шафёраў ці жыхароў дамоў, што знаходзяцца побач.
Роў насупраць “Гаража” пачышчаны напалову, а ў другой яго частцы ляжыць смецце, якое, мабыць, ляціць сюды з усёй вуліцы.
На той жа вуліцы Кіжаватава гаспадар аднаго з дамоў вырашыў, што тэрыторыя перад домам, метраў так з сем, таксама належыць яму. Таму тут па-гаспадарску размешчаны цэгла і гной, а гэта – парушэнне санітарных нормаў і правілаў.
І на былым кар’еры ля “Матора” ў некаторых месцах людзі зрабілі сметнікі, якія не так проста ўгледзець, пакуль не падыдзеш бліжэй.
Пустыр ля Камянецкага ПМС увесь зарос пустазеллем, а паперкі, пакеты і газетныя лісты сведчаць аб тым, што людзі прызвычаіліся смеціць там, дзе жывуць…
Былыя магазін “Журавінка” (Камянецкае райспажыўтаварыства) і сталоўка (Райаграсервіс) зараз больш нагадваюць жыллё для людзей без пастаяннага месца жыхарства…
А яшчэ ў раёнку на “гарачую лінію” патэлефанавала жанчына і паведаміла, што за апошнім домам па вул.Піўненкі зрабілі звалку, пачалі прывозіць смецце на машынах. Мы праверылі – сметнік ёсць…
Няўжо людзям не хочацца жыць у чыстым горадзе? Усіх парушальнікаў чакаюць прадпісанні ад Камянецкага райЦГЭ. Але ці будзе ад гэтага толк? Няма ўпэўненасці ў тым, што ўсё не паўторыцца зноў, калі не тут, то ў другім месцы, з іншымі дзеючымі асобамі…
Наталля ГРЫЦУК
Фота аўтара
Это может быть интересно:
-
Юные художники Каменетчины награждены по итогам районного смотра-конкурса «Остановим ВИЧ вместе!»
-
С 27 ноября по 5 декабря ГАИ Каменетчины контролировало готовность водителей к зимнему сезону
-
Посол Казахстана посетил «Беловежские сыры»: перспективы сотрудничества определены
-
Новые павильоны для междугородних автобусов появятся в райцентре
-
График плановых отключений электроэнергии в Каменецком районе