“Добрыя сэрцы”, “Трыпутнік”, “Дабрадзеі”, “Надзея”, “Караблік дабра”, “Сэрца на далоні”, “Дабрацвет”, “Ювер”, “Званочкі дабра”, “Міласэрнасць”, “Планета дабра”… Ледзь не ў кожнай з гэтых назваў ёсць слова “дабро”, што і не здзіўляе, бо носяць іх валанцёрскія атрады, створаныя пры ўсіх школах Камянецкага раёна.
Усе яны вылучылі сваіх дэлегатаў на традыцыйны, ужо сёмы па ліку раённы злёт атрадаў міласэрнасці і валанцёраў, што праходзіў 19 кастрычніка ў Камянецкім гарадскім доме культуры. 21 каманда (кожная ў складзе шасці ўдзельнікаў) павінна была пераадолець пяць станцый.
Першая з іх, “Школа Чырвонага Крыжа”, правярала веды валанцёраў аб асноўных этапах развіцця Міжнароднага і беларускага руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца. Блізкае знаёмства з сакрэтамі народнай медыцыны і асаблівасцямі лекавых раслін спатрэбілася ўдзельнікам падчас праходжання станцыі “Лясная аптэка”, а ўменне аказваць першую медыцынскую дапамогу, даглядаць ляжачых хворых дапамагло пераадолець наступную – “Хуткая дапамога”. Станцыя “Агітбрыгада” прадугледжвала выступленне на сцэне з аповедам аб дзейнасці свайго атрада і заклікам да нялёгкай валанцёрскай справы, а на апошняй, “Выраб”, ацэньвалася здольнасць ствараць прыгажосць сваімі рукамі (з работамі можна было пазнаёміцца ў фае ГДК, а на асенніх канікулах іх адвязуць у падарунак выхаванцам дзіцячага сацыяльнага прытулку ў Пелішчы).
На пачатку злёту вядучыя, валанцёры з гімназіі г.Каменец Алена Кужалева і Уладзіслаў Карасінскі, запрасілі на сцэну намесніка начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Уладзіміра Шпака. Ён парадаваўся таму, як шмат на Камянеччыне валанцёраў, чулых, сардэчных, міласэрных людзей, і выказаў шчырую ўдзячнасць супрацоўнікам цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Каменца, на чые плечы легла львіная доля арганізацыі спаборніцтваў. А старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Валянціна Маеўская падкрэсліла, што ва ўсе часы міласэрнасць была і застаецца вышэйшай каштоўнасцю, гэта нялёгкая праца, якой няма цаны.
Даказаць сваё права насіць гордае імя “валанцёр” школьнікам было не так і проста. Назіраючы за тым, як яны гарталі кнігі, рыхтуючыся да чарговага “экзамена”, паўтаралі вывучанае ў парах і хваляваліся не на жарт, разумела, што для таго, каб дапамагаць людзям, трэба мець не толькі чулае сэрца, а яшчэ цвёрды розум і добрую памяць. “Экзаменатары” пільна сачылі за “чысцінёй эксперымента”…
А на сцэне тым часам ішло змаганне “Агітбрыгад”. Многія выкарыстоўвалі відэапрэзентацыі, складзеныя з фатаграфій, якія адлюстроўвалі дзейнасць таго ці іншага валанцёрскага атрада. Глядзець і слухаць было цікава, шкада толькі, што многія вершы і сцэнкі паўтараліся (прычым, тыя ж самыя мне ўжо даводзілася чуць на мінулых злётах).
Усе ўдзельнікі (і вядучыя, дарэчы, таксама) атрымалі дыпломы за ўдзел, а месцы размеркаваліся так: другое і трэцяе з роўнай колькасцю балаў раздзялілі атрады “Міласэрнасць” Баршчэўская БШ і “Надзея” Каленкавіцкая БШ, а першае заслужана атрымалі “Званочкі дабра” Свішчоўскай СШ, якім уручылі яшчэ і падарункі ад райкама ГА “БРСМ”.
Пакуль журы прымала рашэнне, гледачоў і ўдзельнікаў забаўлялі юныя артысты з Каменца (прадстаўнікі СШ №1 г.Каменец і цэнтра дадатковай адукацыі) і Навасёлак.
Настасся НАРЭЙКА.
Фота аўтара.
Это может быть интересно:
-
Об истории, сфере здравоохранения и иных насущных вопросах говорили сегодня в Высоком
-
В Каменецком районе проходит единый день информирования
-
Вместо телефонов – труд: воспитанники санаторной школы потрудились в Высоком
-
СИТУАЦИЯ С ВОДОЙ В БЕЛОВЕЖСКОМ. ЧТО ИЗВЕСТНО НА СЕГОДНЯ?
-
Спектакль “Паўлінка” ад Брэсцкай абласной калегіі адвакатаў пакажуць у Каменцы