Свята кахання, павагі і вернасці

P515007015 мая ў чарговы раз адзначаны Міжнародны дзень сям’і. Па традыцыі правялі яго ў Каменцы. У гарадскім Доме культуры сабраліся прадстаўніцы арганізацый, устаноў, прадпрыемстваў. У фае была наладжана выстава работ выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці школьнікаў, якія ўдзельнічалі ў конкурсе “Дрэва маёй сям’і”.

Вядучая – дырэктар ГДК Наталля Яўташук – павіншавала прысутных у зале са святам і прадаставіла слова старшыні раённага Савета дэпутатаў Мікалаю Войцыку. Ён адзначыў, што цяпер шмат робіцца для прапаганды сямейных каштоўнасцей, традыцый. Маладыя і шматдзетныя сем’і – пад асаблівай увагай і абаронай, гарантавана забяспечваюцца рознымі відамі сацыяльнай і матэрыяльнай падтрымкі. Значныя дзяржаўныя інвестыцыі накіроўваюцца на паляпшэнне іх жыллёвых умоў. Істотная дапамога аказваецца ім са сродкаў Фонду сацабароны насельніцтва. Так, летась у раёне штомесячную і аднаразовую адрасную сацыяльную дапамогу прызначылі 60 сем’ям (265 чалавек) на 285 млн. рублёў; 310 сем’яў, у якіх выхоўваюцца 335 дзяцей першых двух год жыцця, забяспечаны бясплатнымі прадуктамі харчавання на суму больш за 630 млн. рублёў. 123 шматдзетным сем’ям , якія выхоўваюць трох і больш дзяцей, што вучацца ў школах і атрымліваюць спецыяльную адукацыю, да навучальнага года аказана аднаразовая матэрыяльная дапамога на суму звыш 40 млн. рублёў. Арганізацыі і ўстановы раёна таксама да пачатку навучальнага года матэрыяльна падтрымалі 307 шматдзетных сем’яў. А хіба не радуе той факт, што за чатыры месяцы сёлета ў раёне нарадзіліся 173 дзіцяці – на 41 больш, чым за аналагічны перыяд летась! На Камянеччыне 454 шматдзетныя сям’і, у якіх трое і больш дзяцей. 59 матуль, якія нарадзілі і дастойна выхоўваюць пяцёра і больш дзяцей, удастоены высокай урадавай узнагароды – ордэна Маці. І святочны Дзень сям’і з’яўляецца яшчэ адной магчымасцю выказаць усім жанчынам падзяку і пажаданні шчасця і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні, міру і дабрабыту ў сем’ях.

Працяг сустрэчы – ушаноўванне сем’яў. На сцэну падняліся Васілій Мікалаевіч і Ніна Мікалаеўна Яромкіны. Сёлета яны адзначаць залатое вяселле. А першае знаёмства адбылося на Баранавіцкай чыгуначнай станцыі. Статная дзяўчына папрасіла паднесці чамадан бравага матроса, а той, у сваю чаргу, узамен папрасіў адрасок. І Ніна напісала свае каардынаты на лісточку з блакноціка. Праз некаторы час яна атрымала пісьмо. Завязалася перапіска, своеасаблівы раман у пісьмах. Матрос Васілій двойчы праездам “забягаў” у госці да дзяўчыны. На трэці раз маладая пара распісалася. Непрыметна праляцелі 50 гадоў. Ніна Мікалаеўна працавала паштальёнам, Васілій Мікалаевіч – вадзіцелем, трактарыстам у калгасе, у Відамлі. Выгадавалі траіх дзяцей. Старэйшы сын жыве ў Мінску, малодшы і дачка – у Каменцы. Летась 20-годдзе сумеснага жыцця адзначыла сям’я дачкі, а ў сёлетнім маі – фарфоравае вяселле ў малодшага сына. Але самае галоўнае багацце старэйшых Яромкіных – 7 унукаў і праўнучка…

У Максіма Нікіцюка, гукарэжысёра Дома культуры, у сям’і – першынец: сыночак Андрэй. Якраз 15 мая яму споўніўся адзін месяц. І ў маладых бацькоў яшчэ наперадзе ўвесьP5150059 працэс выхавання. Таму Максіму работнікі ГДК выказалі найлепшыя пажаданні ў такі памятны дзень.

А яшчэ на сцэну запрасілі пераможцаў конкурсу “Дрэва маёй сям’і”. Дыпломы аддзела адукацыі і заахвочвальныя прызы за кошт сродкаў, выдзеленых на рэалізацыю дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, атрымалі: калектыў вучняў СШ №2 г.Каменец, Анастасія Багавід з Дзмітровіцкай СШ, Паліна Васілюк з цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі г.Высокае. Узнагароды ўручылі начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Людміла Жураўлёва і метадыст раённага метадычнага кабінета аддзела адукацыі Юлія Шкуда.

Было шмат музычных нумароў у выкананні самадзейных артыстаў ГДК, вядучая задавала пытанні на сямейныя тэмы гледачам у зале, радаваў іскрамётнымі танцамі “Капрыз”… Дзякуй за адпачынак!

Вера ІВАНЮКОВІЧ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий