На мінулым тыдні белавежцы слухалі выступленне спявачкі, якая працуе ў традыцыях этна-поп стылю, Ірыны Раманоўскай. Песні ў яе выкананні не раз чула па радыё, таму і карцела задаць ёй некалькі пытанняў. Пакуль не паклікалі яе на сцэну…
– Ірына, уменне размаўляць з публікай з дапамогай песні дадзена не кожнаму. Што вы хочаце сказаць людзям?
– Песня – гэта вобраз, які праз інтанацыі, душэўнае пранікненне хачу данесці да слухача, каб ён адчуў тое ж, што і я.
– Якую музычную адукацыю атрымалі?
– Пасля школы скончыла Магілёўскае культасветвучылішча, а затым – харавое аддзяленне ўніверсітэта культуры.
– Калі ж прыйшло рашэнне рэалізаваць сябе ў сольным праекце?
– Першае сола было ў дзяцінстве. У маёй сям’і ўсе хораша спявалі, і я разам з дарослымі выступала ў канцэртах…
Мой сольны праект з’явіўся пасля дванаццаці год працы ў Мінску ў народным ансамблі “Неруш”, што дало вялікі вопыт работы на прафесійнай сцэне.
– Чаму выбралі народны песенны жанр?
– Родам я з вёскі – з Гомельшчыны, дзе колісь было вельмі спеўна. Мая мара – каб у Беларусі народны песенны жанр быў узняты да такога ўзроўню, што змог бы канкурыраваць з папулярным эстрадным. Як у свой час Надзеі Кадышавай і Надзеі Бабкінай удалося зрабіць гэта ў Расіі. Гэты жанр даспадобы вельмі вялікай аўдыторыі і не павінен заставацца па той бок “фармата”.
– Дзе выступаеце з сольнымі канцэртамі?
– На самых розных пляцоўках Беларусі. Праз тыдзень – канцэрт у Бярозе. У мяне, на шчасце, ёсць сваё кола слухачоў, прыхільнікаў.
– На “карпаратывы” часта запрашаюць?
– Яны цяпер здараюцца рэдка. Але калі патрэбны грошы на выпуск, скажам, новага альбома, можна і самастойна адправіцца ў творчую “камандзіроўку”. Многія з артыстаў, як і я, маюць статус індывідуальнага прадпрымальніка, што дае больш свабоды ў дзейнасці. Да таго ж яшчэ і працую ў адной з мінскіх школ – стварыла там дзіцячую вакальную студыю “Мікс”. Мае выхаванцы – іх у мяне 15 – займаюць прызавыя месцы на рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах.
– А якія ўласныя альбомы ўжо запісалі?
– Свой першы альбом – “Ах, любовь!” – запісала ў 2007-м, яго прэзентацыя адбылася ў Дзяржфілармоніі у Мінску. Затым выйшаў другі альбом – “Эх, спеть бы!” Цяпер працую над трэцім, які вытрыманы ў лепшых традыцыях этна-фольк стылю.
– Як ставіцца сям’я да частых ад’ездаў з дому маці і жонкі?
– Мой сын ужо дарослы, самастойны. А муж… Мы, на жаль, аказаліся зусім рознымі, што з часам стала відавочным. Цяпер крочым па жыцці паасобку. А паездкі, яркія канцэрты – для мяне як допінг, я адчуваю, што жыву…
– Поспехаў!
Галіна НОВІК
Это может быть интересно:
-
С 27 ноября по 5 декабря ГАИ Каменетчины контролировало готовность водителей к зимнему сезону
-
Посол Казахстана посетил «Беловежские сыры»: перспективы сотрудничества определены
-
Фоторепортаж. 50-летний юбилей отпраздновала средняя школа N2 г.Каменца имени А.И. Самуйлика
-
Новые павильоны для междугородних автобусов появятся в райцентре
-
График плановых отключений электроэнергии в Каменецком районе