Самакіраванне плюс удзел у праектах

гаспадарыУ Відамлянскім сельсавеце органы тэрытарыяльнага і грамадскага самакіравання прадстаўлены 17-ю старастамі, 11-ю вулічнымі і 8-ю дамавымі камітэтамі. Яны дапамагаюць сельскаму Савету дэпутатаў і сельвыканкаму ў своечасовым рэагаванні і вырашэнні праблем вяскоўцаў.

Так, адзінокія састарэлыя грамадзяне, шматдзетныя сем’і заўжды атрымліваюць практычную дапамогу. Напрыклад, стараста вёсак Баранкі і Плянта Сцяпан Грачанік і прыдамавую тэрыторыю абкосіць, і за санітарным станам у дварах сочыць, і заменіць элементы сілкавання ў аўтаматычных пажарных апавяшчальніках. Актыўныя і ініцыятыўныя памочнікі сельвыканкама – старасты Віктар Мяжэнін (в. Грушаўка), Іван Пашковіч (в.Мурыны Вялікія), старшыня дамавога камітэта Іна Гарус. Напрыклад, па ініцыятыве старасты ў Грушаўцы вяскоўцы падфарбавалі свае дамы, падрамантавалі агароджы. Пры актыўным удзеле Віктара Мяжэніна летась было праведзена свята вёскі пад назвай “Грушаўскі світанак”. Эстафету з сімвалам у выглядзе сасуда, напоўненага зернем, прыняў Сцяпан Грачанік, і сёлета такое свята мяркуем правесці ў Баранках. Стараста Іван Пашковіч штогод арганізуе суботнікі па навядзенні парадку як у вёсцы Мурыны Вялікія, так і на мясцовых могілках. Па ініцыятыве і пры актыўным удзеле старшыні вулічнага камітэта Іны Гарус у двары дома №36 па вуліцы Школьнай у аграгарадку Відамля была абсталявана дзіцячая пляцоўка. Стараста вёскі Алешкавічы Лідзія Сінавец арганізуе адпачынак для жыхароў пажылога ўзросту ў Доме сацыяльных паслуг. З удзячнасцю адзначу значную дапамогу ў вырашэнні надзённых праблем вяскоўцаў дырэктара ААТ “Відамлянскае”, дэпутата раённага і сельскага Саветаў дэпутатаў Міхаіла Страпко.

Асобна – пра ўдзел сельскага Савета дэпутатаў у цікавых і карысных праектах. Наш сельскі Савет – пераможца конкурсу праектаў мясцовых ініцыятыў па рэгіянальным развіцці, які пры фінансаванні Фонду “Еўразія” праводзіў Бізнес-саюз прадпрымальнікаў і наймальнікаў. Вынікі: праведзены два семінары, на якія былі запрошаны прадстаўнікі ініцыятыўнай групы па ўстойлівым развіцці ад нашага сельсавета, а таксама польскай гміны Дубічы Царкоўныя, прадстаўнікі Пружанскага раёна. Была распрацавана стратэгія ўстойлівага развіцця тэрыторыі сельсавета. Наш сельскі Савет – пераможца конкурсу праектаў Міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Энергаэфектыўнасць: вырашаем праблемы разам”. Плануецца мадэрнізацыя даху будынку пачатковых класаў Відамлянскай сярэдняй школы, рэалізацыя энергазберагаючых мерапрыемстваў. Для ўстойлівага развіцця, пашырэння аграэкатурызму важнае значэнне мае стварэнне і функцыянаванне Відамлянскага інфармацыйнага цэнтра па ўстойлівым развіцці, аграэкатурызме і сельскім прадпрымальніцтве. Сельскі Савет – удзельнік праекта “Стварэнне сельскіх турыстычных кластараў у Беларусі: інавацыі, інтэграцыя і інстытуцыяналізацыя як аснова ўстойлівага развіцця сельскіх рэгіёнаў”. Заключана пагадненне з гмінай Дубічы Царкоўныя (Польшча) аб супрацоўніцтве, вынікам якога стаў удзел у праекце трансгранічнага супрацоўніцтва Польшчы, Беларусі і Украіны. Таксама Відамлянскі сельскі Савет дэпутатаў – удзельнік праекта USAID “Мясцовае прадпрымальніцтва і эканамічнае развіццё”, які рэалізуецца Праграмай развіцця ААН.

Марына КАРАЛЮК,

старшыня Відамлянскага сельскага Савета дэпутатаў.

На здымку: на свяце вёскі “Грушаўскі світанак” старшыня Відамлянскага сельскага Савета дэпутатаў Марына Каралюк разам са старастамі Віктарам Мяжэніным і Сцяпанам Грачанікам.

Фота Алены БРЫШЧУК.

Добавить комментарий