Пэўна, не выпадковасць, што большасць людзей завуць любімай настаўніцай першую. Тут вам і самыя памятныя школьныя гады, і самыя цікавыя, бо ўсё было ўпершыню. А спасцігаць неспазнаныя гарызонты дапамагае менавіта настаўніца пачатковых класаў. І правільна, што менавіта яе завуць другой мамай, бо заўсёды засцерагае і песціць сваіх малых, стварае паразуменне і ўтульнасць у класе. Таццяна Ляшчук, настаўніца пачатковых класаў Высокаўскай сярэдняй школы, можа ганарыцца тым, што вучні памятаюць яе як самую любімую.
Таццяна родам з Высокага. Тут скончыла школу. Вучылася ў Брэсцкім універсітэце імя А.С. Пушкіна. Ведала загадзя, што стане педагогам, калі ж выбірала спецыяльнасць, успомніла сваю першую настаўніцу Скоміну Кацярыну Андрэеўну, якая дабрынёй і мудрасцю пакінула значны след у душы. Тады здавалася, што настаўнік – гэта чалавек, які заўсёды ўсё ведае. Была ўпэўнена, што гэтаму можна навучыцца. А зараз, праз 24 гады працы, разумее, што быць настаўнікам – значыць, вучыцца заўсёды, развівацца і спазнаваць новае з кожным пакаленнем.
Для Таццяны няма дзяцей дрэнных ці харошых. Яе задача – ва ўсіх бачыць добрае і націскаць на гэтыя «кнопачкі», гадаваць дзіця. Вучні заўсёды гэта адчуваюць, вераць ёй. Для яе ўсе яны любімчыкі, і ў кожным яна знаходзіць таленты, якія дапамагае развіваць. І, вядома, правільна, калі дзеці імкнуцца да ведаў, дасягаюць чагосьці большага. Але не заўсёды добрыя адзнакі і акадэмічныя веды – заклад поспеху дзіцяці ў будучыні. Быць крэатыўным, прымаць неардынарныя рашэнні можа і тое дзіця, якое вучыцца слабей. І калі яе падапечныя выходзяць з пачатковых класаў, у іх ужо сфарміраваны асабістыя якасці, уменне працаваць у калектыве, выхаванасць і адказнасць. Настаўніца ўпэўнена ў тым, што пачатковая школа – гэта падмурак. І калі ён будзе хісткі і рыхлы, то добры “будынак” ў далейшым не атрымаецца.
Калі Таццяна пачынае аналізаваць, як на развіццё дзяцей уплывае тэхнічны прагрэс, заўсёды прыходзіць да высновы, што сённяшнія дзеці такія ж, як і раней. Хай нават тэлефоны і камп’ютары ў многіх зараз на першым месцы, але кніга была, ёсць і будзе лепшым падарункам, і, пэўна, няма больш годнай крыніцы атрымання ведаў і інфармацыі для развіцця асобы. Нароўні з усім астатнім пазакласнае чытанне дапамагае Таццяне спраўляцца са спакусамі малых прысвяціць больш часу тым жа камп’ютарным гульням. Яны ўсім класам заўсёды выпісваюць часопіс, які выбіраюць разам. Гэта радасць для дзяцей, зацікаўленасць, і часам яны самі пішуць у рэдакцыю, адпраўляюць фатаграфіі.
Ёсць у настаўніцы і “сакрэтнае” правіла: заўсёды ў школу прыходзіць з добрым настроем, забыць, што дома нейкія недарэчнасці. Таццяна стараецца кароткімі жартамі пазітыўна настроіць вучняў. А калі дыктоўка або кантрольная работа, то нават адпаведна апранаецца. Строгасцю адзення падкрэслівае, што гэта не толькі ўрачыстае, але і адказнае мерапрыемства, бо дзеці паказваюць свае веды.
Выхаванне і развіццё дзіцяці залежыць не толькі ад настаўнікаў. Бацькам Таццяна раіць больш размаўляць з дзецьмі, праводзіць сумесныя паездкі, тыя ж казкі чытаць. Часам здзіўляецца, што дарослыя не ведаюць самых вядомых казак. І, галоўнае, бацькі заўсёды павінны быць з настаўнікам у адной камандзе, падтрымліваць яго. Адносіны бацькоў да настаўніка адразу перадаюцца дзіцяці. А настаўнік, ставячы яму адзнаку, ставіць яе таксама і сабе. Яго парады ніяк не могуць быць шкоднымі. І калі адны паняцці і каштоўнасці культывуюцца і дома, і ў школе, калі бацькі і настаўнік заадно, то дзіцяці гэта заўсёды толькі на карысць.
Як сапраўдная другая мама Таццяна сваім вучням стараецца даць усё самае добрае і важнае. Бо ў яе самой ёсць дзеці, ужо дарослыя. Так атрымалася, што дачка пайшла па маміных слядах, сын – па татавых. Марына скончыла ўніверсітэт імя Танка, выкладчык фізічнага выхавання і менеджэр па спорце і турызме. Працавала ў турыстычнай фірме ў Мінску, зараз пераехала ў Брэст, уладкавалася адміністратарам. Аляксей – студэнт пятага курса Брэсцкага тэхнічнага ўніверсітэта. Атрымлівае дзве спецыяльнасці: тэхнічную і эканамічную.
Родным было цяжка прывыкнуць, што ў Таццяны заўсёды ёсць заданні, ёсць стосы сшыткаў, планы… Прыходзілася не раз адкладваць сямейныя справы, таму што кожны дзень яна павінна быць перад дзецьмі ў школе. Але ў сям’і навучыліся падтрымліваць, дапамагаць.
Калегі адклікаюцца толькі добрымі словамі аб Таццяне Васільеўне, кажуць, што яна – педагог ад Бога. Многія ставяць яе прыстойнасць як прыклад для моладзі, стараюцца пераняць вопыт, вучацца працаваць з дзецьмі гэтак жа, як яна.
Дырэктар Высокаўскай СШ Генадзь Іконнікаў адзначае:
– Таццяна Васільеўна Ляшчук – адказны настаўнік. Кожны раз, калі набіраем першыя класы, бацькі імкнуцца, каб дзеці трапілі менавіта да Таццяны, у яе клас. Яна ніколі не адмаўляецца ад новых заданняў, даручэнняў. Выконвае ўсё своечасова і на высокім узроўні. На дзіцячых канферэнцыях яе вучні заўсёды займаюць прызавыя месцы. Ацэнкай яе прафесіяналізму стала і Грамата абласнога Савета дэпутатаў за важкі ўклад у развіццё адукацыі.
Анастасія ЯНКІНА.
Это может быть интересно:
-
Получил второе гражданство – сообщи!
-
В ходе совместного рейда контролирующих органов выявлены нарушения перевозки пассажиров
-
По инициативе одной из партий в Минске прошла диалоговая площадка
-
С 27 ноября по 5 декабря ГАИ Каменетчины проведет республиканскую профилактическую акцию «Меняй свой стиль на зимний!».
-
ОАО «Александрия-Агро»: Готовы к новым вызовам!