Восень усё часцей нагадвае пра сябе, і ўсё больш надзённымі становяцца пытанні: ці дастаткова дроў у падстрэшшы, ці хопіць тарфяных брыкетаў на зіму? А па дапамогу – у Камянецкі райпалівазбыт. Дырэктару гэтага філіяла абласнога ўпраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі Васілію Вакульчыку і адрасавана некалькі пытанняў, што датычаць падрыхтоўкі да ацяпляльнага сезона.
– Васілій Аляксеевіч, як складваецца сітуацыя з забеспячэннем палівам?
– Даволі станоўча: калі летась да сярэдзіны жніўня рэалізавалі насельніцтву 5620 тон торфабрыкету і 1950 складных метраў дроў, дык сёлета – 6810 тон і 2200 складаметраў адпаведна. У чарзе на атрыманне паліва яшчэ 1,5 тысячы чалавек, плануем да новага года чаргу “закрыць”.
– Які вынік параўнання цэнаў на паліва мінулагодніх і сёлетніх?
– З лістапада мінулага года рознічная цана на торфабрыкет паднялася на 36%, на дровы – на 33%. І сёння 1 тона брыкету для гаспадара домаўладання каштуе 180 тысяч рублёў (для льготнікаў напалову танней), 1 складаметр дроў – 40 тысяч. Аптовыя адпускныя цэны, па якіх райпалівазбыт атрымлівае торфабрыкет з завода, амаль удвая вышэй. Розніца паміж аптовай і нашай рэалізацыйнай цэнамі, дзеля патаннення брыкету для насельніцтва, кампенсуецца з бюджэту.
– Якія спадарожныя паслугі ў падрыхтоўцы да зімы аказваеце?
– Найчасцей да нас звяртаюцца з просьбай, каб дровы парэзалі і пасеклі на тэрыторыі райпалівазбыту за дадатковую плату. Хіба што зрэдку дзе-хто з маладых забірае іх непарэзанымі, даводзіць да ладу сам.
– І ўсё ж колькасць домаўладанняў, дзе карыстаюцца цвёрдым палівам, пэўна, зніжаецца з прычыны паступовай газіфікацыі населеных пунктаў?
– Якраз наадварот – кліентаў у нас усё больш. Таму што вясковае насельніцтва старэе, і калі раней маладзейшыя гаспадары самі нарыхтоўвалі дровы, дык цяпер, з узростам, без нашай дапамогі не абыходзяцца. У 2010 годзе забяспечылі палівам 2800 домаўладанняў, у 2011-м – 3500, а на 2012-ы атрымалі 4200 заявак. Калі раней з Камянюкаў іх амаль не паступала, дык цяпер ёсць нават на дастаўку дроў…Асабліва шмат іх з Воўчынскага сельсавета; каб больш таннай была дастаўка паліва, плануем восенню набыць прычэп да аўтамашыны.
Тое, што прыродны газ прыходзіць у вёскі, выдатна, але далёка не кожны пажылы чалавек, асабліва – самотны, можа скарыстаць гэтую нятанную зручнасць. Таму і запатрабаваны нашы паслугі.
Галіна НОВІК.
Это может быть интересно:
-
Юные художники Каменетчины награждены по итогам районного смотра-конкурса «Остановим ВИЧ вместе!»
-
С 27 ноября по 5 декабря ГАИ Каменетчины контролировало готовность водителей к зимнему сезону
-
Посол Казахстана посетил «Беловежские сыры»: перспективы сотрудничества определены
-
Фоторепортаж. 50-летний юбилей отпраздновала средняя школа N2 г.Каменца имени А.И. Самуйлика
-
Новые павильоны для междугородних автобусов появятся в райцентре