Рэнесанс у Чвірках, або Вёску абудзіла дарога

P8269472Нават нетутэйшага чалавека ў Чвірках не пакідае  адчуванне, што не так даўно (па гістарычных мерках) гэта вёска з доўгай выгінастай вуліцай была шматлюднай. І сапраўды, старажылы пацвердзілі: перад Другой сусветнай тут жыло 570 чалавек. У вайну Чвіркі мінаваў трагічны лёс многіх лясных паселішчаў, але пасля вайны, у 1957-м, тут з-за дзіцячага свавольства здарыўся пажар, у час якога ацалела толькі палова хат. І хоць недалёка былі дзве фермы, трактарны стан, а ў вёсцы – сямігадовая школа, магазін і клуб, Чвіркі паступова бязлюдзелі. У 1950-я была закрыта школа, а найбліжэйшая – у Ражкоўцы – за 6 км, сярэднія – у Амелянцы, Дзмітровічах і Камянюках, куды ўтрая далей…

Ужо гадоў трыццаць у Чвірках няма ніводнага школьніка. Адзіным надзейным сацыяльным аб’ектам тут доўгі час заставаўся ФАП, дзякуючы шаноўнай фельчарцы Клаўдзіі Андрэеўне Лаўранюк, якой не стала ў 2009-м. Цяпер для 30-і жыхароў вёскі амаль усе паслугі “прывазныя”. У вызначаны час прыязджаюць медыкі, работнікі бытоўкі і пошты. Магазін тут працуе ў “хлебныя” дні, Любоў Адамовіч адкрывае яго тры разы на тыдні. Зімой з даездам праблем няма, што пацвярджае Іван Лаўранюк, які амаль штодня бывае ў Чвірках…

 

* * *

Калі чатыры гады назад ён, былы вайсковец, атрымаў у спадчыну сядзібу цёткі – вышэй згаданай Клаўдзіі Андрэеўны – нейкі час вагаўся ў роздуме: як ёю распарадзіцца? Неўзабаве пачалося будаўніцтва аб’язной дарогі вакол Бе­лавежскай пушчы, сучасная траса павінна была прайсці ў кіламетры ад Чвіркоў, гэта і стала вырашальным аргументам у сэнсе – не прадаваць. З часам на летні адпачынак на сядзібе, у якой дасюль захаваўся дух старадаўнасці, напрасіліся знаёмыя масквічы, потым – іх сябры… А летась Іван Анатольевіч зарэгістраваў у Дзмітровіцкім сельскім Савеце аграэкасядзібу “Домік ля елкі”.

Той прасторны “домік” – з пушчанскага бруса, з ганкам і вялікімі вокнамі, побач – векавыя вязы, ліпы, каштаны, за імі – лес. Палову летняй кухні рукасты Іван Лаўранюк пераўтварыў у лазню з парыльняй; у доме, дзе зберагаецца вясковы інтэр’ер, паступова стварае зручнасці. Цвёрда вырашыў не звяртацца да “еўрарамонту”, а захаваць сельскую аўтэнтычнасць, тое, што госці больш нідзе не ўбачаць. Мяркуючы па водгуках адпачываючых гараджан, вясковыя пакоі ім падабаюцца нават больш, чым стандартныя ў гасцініцы.

Блізкасць граніцы і зручнай аб’язной трасы выяўляюцца ў Чвірках ужо сёння хоць бы тым, што сюды час ад часу завітваюць і “транзітныя” турысты, якія едуць з Заходняй Еўропы ў Расію: пераезд праз граніцу, адпачынак на сядзібе, знаёмства з пушчай – і ў дарогу… Гэтым летам у “Доміку ля елкі” спынялася група польскіх байкераў, якія былі прыемна здзіўлены прасцягам вясковай нерушы, адасобленай ад мітусні ўсяго свету. З такімі ж пачуццямі пакідаюць Чвіркі госці з Масквы, Санкт-Пецярбурга, Мінска. Пакуль што гэта не сельскі турызм у чыстым выглядзе. Хутчэй – папулярны ў нас гібрыд арэнды вясковага дома з адчуваннем адухоўленасці жылля, прысутнасці гаспадара ў адбітку яго асобы ў рэчах, у двары, у інтэр’еры. Аб заробку пакуль гаворкі няма, бо каб развівацца, у сядзібу трэба ўкладваць сродкі.

P8269487Праз паўтара года пагранпераход “Пясчатка” набудзе статус міжнароднага, і збудаваная аб’язная дарога будзе значна больш запатрабаваная. Між тым выгляд вёсак, абапал якіх яна праходзіць, паступова змяняецца да лепшага. Больш актыўна раскупляюцца апусцелыя хаты ў Стаўповісках, Асінніках, Цярэсінах, Сінітычах… У тых жа Чвірках сёння ўжо толькі дзве-тры хаты чакаюць купцоў. Хоць пакуль і рэдка, але ўжо хваляцца раней занядбаныя сядзібы то новым плотам, то збудаванай лазняй ці стосам будаўнічых блокаў… Як зазначае старшыня Дзмітровіцкага сельскага Савета Васіль Нічыпарук, справа рушыла з месца; ён упэўнены, што праз колькі часу вёскі, якія лічыліся неперспектыўнымі, не пазнаем. Тым больш, што многія з так званых дачнікаў маюць намер стварыць аграсядзібы. Апошнім часам з’явілася цэлая праслойка новых гаспадароў, якія маюць намер займацца гэтай справай, даведаўшыся аб прэферэнцыях, што гарантуе дзяржава. Творчая справа захапляе. І калі чуеш дакладнае: за апошнія пяць гадоў колькасць аграэкасядзіб на Брэстчыне ўзрасла ў сем разоў, – не варта забываць, што нямала з тых 230-і сядзіб месцяцца ў невялічкіх вёсках, у якіх з’яўляецца надзея на “заўтра”. Як і ў Чвірках.

Галіна НОВІК.

Фота Міколы ШУМА.

3 thoughts on “Рэнесанс у Чвірках, або Вёску абудзіла дарога

  1. Восьмилетняя школа просуществовала в Чвирках до конца 70-х годов. Я заканчивал эту школу в 1975 году, а моя сестра в 1977году. Здание школы разобрали и перевезли в Омеленец, где в нем продолжили учиться дети.

Добавить комментарий