Менавіта для іх, у іх гонар, ужо традыцыйна напярэдадні самага жаночага свята – 8 Сакавіка, праводзіцца ўрачыстае пасяджэнне раённага клуба лепшых аператараў машыннага даення Камянецкага раёна. Сёлета яно адбылося 1 сакавіка.
Мерапрыемства распачалося з таго, што 17 лепшых даярак наведалі музей выратаваных каштоўнасцей у Брэсце. У большасці гэта іконы, гісторыя некаторых з якіх пачынаецца ў 13 стагоддзі. Пазнаёмілася наша дэлегацыя і з традыцыямі Дагестана.
А далей – у музей абароны Брэсцкай крэпасці з экскурсіяй па тэрыторыі цытадэлі. Менавіта тут прысутныя пачулі аб гераічных подзвігах пагранічнікаў, якія першымі прынялі на сябе ўдар фашыстаў падчас Вялікай Айчыннай вайны… Дзяўчына-гід цікава распавядала пра тыя далёкія падзеі. Жанчыны ўважліва слухалі. Так што няпраўду гавораць аб тым, што інтарэс да гісторыі нашай краіны знікае.
А далей жанчын чакала самае прыемнае ў гэты дзень – узнагароды і шчырыя словы падзякі за іх цяжкую працу. Праходзіла ўрачыстасць за святочна накрытымі сталамі ў “Тет-а-тет”е Каменца. Да лепшых аператараў машыннага даення звярталіся з самымі цёплымі віншаваннямі і пажаданнямі.
Старшыня райвыканкама Андрэй Пісарык падчас сустрэчы не раз гаварыў аб тым, што менавіта гэтыя жанчыны, чые рукі пахнуць малаком, выконваюць вялікую і адказную работу: “Дзякую вам за вашу працу. За тое, што пры ўсіх цяжкасцях, якія сёння ёсць, вы адказна выконваеце яе. Вы сумленна зарабляеце свае грошы. Не толькі ў нас, усюды ёсць людзі, якія не хочуць ісці на ферму. Так, прафесія даяркі складаная, і таму выбіраюць яе толькі тыя, хто сапраўды любіць зямлю, на якой жыве. Вы, дарагія жанчыны, якраз сярод тых, хто шануе і паважае сваю працу. Вы – лепшыя. Сказаць дзякуй – гэта вельмі мала, таму нізкі вам паклон. Дай Бог вам і вашым сем’ям здароўя, няхай у вашых дамах будзе дабрабыт”. Пасля Андрэй Мікалаевіч узнагародзіў “рэкардсменаў” сярод лепшых аператараў машыннага даення – Святлану Русакевіч, якая надаіла за 2012 год 10343 кг малака ад каровы, Галіну Дрозд – 9600 кг і Вольгу Штык – 8363 кг. Усе яны працуюць у адкрытым акцыянерным таварыстве “Белавежскі”.
Начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Іван Сямейка, у сваю чаргу, паведаміў прысутным аб тым, што наш раён займае шостае месца па вытворчасці малака ў вобласці. “Гэтыя паказчыкі менавіта такія дзякуючы вашай штодзённай карпатлівай працы на ферме, нашы дарагія аператары”, – падвёў вынікі Іван Андрэевіч. Ён жа ўзнагародзіў дыпломам галоўнага заатэхніка ААТ “Відамлянскае” Любоў Салаўёву.
Ірына Дуднікава, старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, уручыла Святлане Русакевіч запрашэнне на мерапрыемства “Лепшыя жанчыны Брэсцкай вобласці”, якое адбылося 5 сакавіка ў Брэсце, а ўсім прысутным у зале пажадала жаночага шчасця.
Выступілі перад галоўнымі гераінямі гэтага дня і прадстаўнікі тых прадпрыемстваў, для якіх асноўнай сыравінай з’яўляецца малако – СААТ “Белавежскія сыры” і Камянецкага вытворчага філіяла ААТ “Савушкін прадукт”. Ад іх грашовыя прэміі атрымалі Наталля Сілко (ААТ “Агра-Зарэчча”), Лідзія Міранюк (ААТ “Каленкавічы”), Наталля Баранчук (ААТ “Макарава-Агра”), Алена Дземянчук (ААТ “Александрыя-Агра”), Ганна Козел (ААТ “Камянецкая Пушча”), Валянціна Шапятунка (ААТ “Агра-Пелішча”), Зоя Шаўчук (СВК “Агра-Ніва”), Валянціна Лаушчанка (СВК “Стаўскі”), Таццяна Гардзей (ААТ “Відамлянскае”), Валянціна Гульковіч (ААТ “Усход-Каменец”), Людміла Харбака (ААТ “Новы шлях”), Ларыса Казлюк (СВК “Хадасы”), Ларыса Андрайчук (ААТ “Агра-Турна”). Безумоўна, даярак з высокімі вытворчымі вынікамі намнога больш – гэта могуць сказаць у кожнай гаспадарцы, але названыя аказаліся ўсё ж такі лепшымі сярод сваіх калег.
Акрамя шчырых слоў падзякі, жанчынам напярэдадні самага прыгожага вясенняга дня ўручылі і кветкі. А святочны настрой на працягу ўсяго мерапрыемства падтрымлівалі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Камянецкага гарадскога дома культуры.
Наталля ГРЫЦУК.
Фота аўтара.