Реконструкция фермы в Лашевичах…

У сувязі з падпісаннем Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №480 ад 14 верасня 2010 года на тэрыторыі ўсёй краіны праходзіць укараненне сучасных тэхналогій у малочнай галіне канкурэнтаздольнай прадукцыі ў сельскагаспадарчых арганізацыях. Выкананне Указа заключаецца ў будаўніцтве новых і рэканструкцыі старых малочнатаварных фермаў. Не стаў выключэннем і наш раён (аб гэтым раёнка паведамляла ў мінулым нумары). Сёння ж гаворка пойдзе канкрэтна аб адной з такіх фермаў, якая знаходзіцца ў адкрытым акцыянерным таварыстве “Відамлянскае”.
Рэканструкцыю радзільнага аддзялення з уладкаваннем даільнай залы на 290 галоў у Лашэвічах распачалі ў сакавіку сёлета. Раней тут быў звычайны кароўнік, які патрабаваў укаранення сучасных тэхналогій.
Ужо зараз вядома, што будзе на адноўленай МТФ “Лашэвічы”: да асноўнага памяшкання дабудавана падсобнае (тут размесцяцца халадзільнае аддзяленне, лабараторыя, бытоўка), поўнасцю зменіць сваё аблічча даільная зала, ужо зараз запоўненыя аконныя праёмы. У ёй цяпер будзе стаяць сучасная даільная ўстаноўка “елачка” 2х12 нямецкай вытворчасці. Набудуць яе за кошт уласных сродкаў гаспадаркі. Увогуле рэканструкцыя малочнатаварнай фермы ў “Відамлянскім” вядзецца за кошт уласных сродкаў. Такім чынам тут выконваюцца задачы, пастаўленыя кіраўніком краіны.
На рэканструкцыю лашэвіцкай фермы выдаткавана 2 мільярды беларускіх рублёў. На сённяшні дзень яны асвоены на 100%. Выканана работ больш чым на 700 мільёнаў рублёў, каля 500 з іх – уласныя сродкі гаспадаркі.
На аб’екце шчыруе будаўнічая брыгада з дзевяці чалавек з Лунінецкага раёна. Ім на дапамогу ў хуткім часе прыедуць будаўнікі з суседняй Украіны.
Як зазначыў галоўны інжынер-будаўнік гаспадаркі Аляксандр Хініч, увод фермы ў эксплуатацыю запланаваны на лістапад гэтага года. А тым часам на аб’екце заліваюць бетонныя падлогі і прыступілі да ўладкавання даху.
Да лістапада яшчэ ёсць час. Самыя цяжкія работы амаль скончаны. Наперадзе яшчэ шмат чаго трэба ўладкаваць, але галоўнае, што ёсць мэта і жаданне, таму фініш будзе дасягнуты абавязкова!

Добавить комментарий