Барбарыс, гартэнзія, граб, дуб чырвоны, арэх манчжурскі, самшыт, спірэя, кедр, ціс, ядлоўцы… Гэта далёка не поўны пералік таго, чым багаты гадавальнік саджанцаў дрэў і кустоў лісцевых і хвойных парод Аляксандра Вірко ў Ратайчыцах. Ён пачынаў у памятным 1991 годзе з таго,што звярнуўся ў сельскі Савет з просьбай выдзеліць яму пустуючую сядзібу пад агародніцтва, пазней набыў статус індывідуальнага прадпрымальніка. Разам з братам Генадзем яны пераўтварылі запусцелы куток вёскі ў своеасаблівы батанічны сад, поўны дзівосаў. Сад, які ўпрыгожыў Ратайчыцы.
Нягледзячы на тое, што ўчастак Вірко (каля 70-і сотак) плаўна пераходзіць у нізіну, тут актыўна культывіруюць паўднёвыя расліны. Што і казаць – клімат дазваляе. Сёння пад нагамі залацісты дыван з восеньскага лісця, а гінкга білоба ўсё яшчэ па-майску шчыра зялёнае…
Сёлета на ўчастку была зманціравана сучасная палівальная сістэма, якою кіруе камп’ютар паводле зададзенай праграмы. У летнюю спёку ўжо не давялося насіць вёдрамі ваду на “ясельныя” градкі з сеянцамі, пад дарослыя кусты і дрэвы. Яны здзіўляюць колькасцю адценняў зялёнага, асабліва туі і ядлоўцы. Апошніх тут 14 відаў – казацкі, кітайскі, сярэдні, гарызантальны, скальны… Калекцыя туі прадстаўлена 16-ю відамі, узростам ад 4-х да 15-і гадоў. Радуе вока рубінавымі ягадамі і вечназялёны ціс. А многія з відаў нярэдка пачыналіся тут з купленай расліны, якая з часам станавілася “донарам” чаранкоў. Нямала з таго, што ёсць сёння ў гадавальніку братоў Вірко, вырашчана з насення. І пакладзена ў зямлю яно было не наўздагад, а з улікам кіслотнасці глебы, глыбіні пасеву і нават цыкла развіцця лічынак хрушчоў. Іменна яны сёння найбольш назаляюць саджанцам елкі, у т.л. блакітнай, пад’ядаючы карані. З той прычыны давядзецца гады чатыры трымаць пад “чорным парам” нядаўна разробленыя некалькі сотак участка.
У час знаёмства з садам звярнула ўвагу на незвычайныя дрэўцы вярбы – яны прышчэпленыя, нагадваюць зялёныя букеты-фантаны – толькі штамбавых відаў тут чатыры. Аляксандр і Генадзь смела эксперыментуюць з кронамі дрэў – атрымліваецца нечакана прыгожа.
Дэкаратыўныя расліны з гадавальніка братоў Вірко ўжо аздобілі тэрыторыю не адной установы ў Каменцы, Брэсце і іншых гарадах Беларусі. І нават Расіі. Вось і сёлетняй вясной не адзін дзясятак саджанцаў з Ратайчыц “паехаў” у Санкт-Пецярбург. Ахвотна набываюць жывую аздобу гаспадары прыватных сядзіб і дачнікі. Змяшчальны прайс-ліст пацвярджае: цэны даступныя і залежаць ад узросту і вышыні расліны. З выбарам лепш вызначыцца зараней, бо ў самім гадавальніку зрабіць гэта няпроста: вочы разбягаюцца ад разнастайнасці дагледжаных раслін, і кожная сэрцу мілая. Тут і рэдкія пароды кустоў і дрэў: магнолія (у асартыменце), лірыадэндрон цюльпанавы, секвоядэндрон гіганцкі, метасеквоя, юка. Запомніўся і смак чырвоных ягад кізілу.
Штогод сваіх зялёных гадаванцаў Генадзь Пятровіч высаджвае ля храма ў Трасцяніцы. Дзе-што з “лішняга” разам з жонкай – яна працуе на ФАПе – садзяць на абочыне вуліцы, недалёка ад дома. Паступова створана “грамадская” альпійская горка, што радуе вяскоўцаў, кожны з якіх можа таксама ўнесці ўклад у тую прыгажосць…
Галіна НОВІК.
Фота Міколы ШУМА.
Это может быть интересно:
-
Волонтеры и афганцы: сегодня в Каменецком райисполкоме прошло мероприятие-встреча
-
СЕГОДНЯ ИСПОЛНИЛОСЬ 70 ЛЕТ ДИРЕКТОРУ ОАО «ВИДОМЛЯНСКОЕ» МИХАИЛУ СТРАПКО
-
Прямые телефонные линии.Февраль
-
График плановых отключений электроэнергии в Каменецком районе
-
Когда-то здесь кипела жизнь: история деревни Мельники