Распачынаем лета з відамлянскай “Буслянкай”!

Нядзеля 2 чэрвеня стала сапраўдным святам для жыхароў Відамлі, асабліва – самых юных. Тут, у “Лабараторыі сонца”, адбылося свята дзяцінства, усмешак, радасці і добрага настрою “Буслянка”, арганізаванае Відамлянскім сельскім Саветам дэпутатаў і прафсаюзнай арганізацыяй ААТ “Відамлянскае”. І хмаркі ў гэты дзень дарэмна стараліся схаваць за сабой сонейка – ім было не пад сілу сапсаваць настрой гасцям традыцыйнага свята!

Ля імправізаванай сцэны паступова збіраліся гледачы. Па дарозе яны частаваліся салодкай ватай, выбіралі і набывалі дзіцячыя забаўкі, што прадаваліся побач, не пакідалі без увагі батуты і выставу “Ад колькасці да якасці”, арганізаваную мясцовай бібліятэкай, удзельнічалі ў шашачных баталіях, а юныя аматары хуткай язды асвойвалі міні-машынкі…

Пасля ўступнага слова старшыні Відамлянскага сельвыканкама Марыны Каралюк распачалася канцэртная праграма. Песні выконвалі юныя артысты некалькіх дзіцячых творчых калектываў, што працуюць пры Відамлянскім СДК: “Бэбі-бум” (кіраўнік – Таццяна Храмянкова) і “Домісолькі” (кіраўнік – Ганна Крылова) народнай музычнай-тэатральнай студыі “Свой круг”, дзіцячая вакальная студыя “Брава” (кіраўнік – Вераніка Кабятка) і дзіцячая фальклорная група “Вясёлка” (кіраўнік – Сафія Добыш). І слухачы не шкадавалі апладысментаў.

Яшчэ адным прыемным момантам свята стала падвядзенне вынікаў фотаконкурсу “Давай вернемся ў дзяцінства”, які праводзіў Відамлянскі сельскі Савет на сваёй старонцы ў інстаграме. Для ўдзелу ў ім патрэбна было выбраць стары здымак з сямейнага альбома і… паўтарыць яго. Удзельнікі падышлі да задання з усёй адказнасцю, і лепшыя з іх атрымалі падарункі з рук галоўнага эканаміста, спецыяліста па ідэалагічнай рабоце ААТ “Відамлянскае” Святланы Шэндо (прафсаюзная арганізацыя гаспадаркі выступіла ў якасці спонсара). Узнагароджаны былі: Юрый Лісік (пераможца), Алёна Бас, Таццяна Манькоўская, сям’я Бачмага, Кацярына Смалюк, Алена Абламская, Таццяна Вашчук, сям’я Бусько і Валерыя Шэндо. Узнагародай, дарэчы, стаў сертыфікат на бясплатныя фатаграфіі ў студыі “Фотаімгненне” ў Каменцы.

Акрамя таго, асобны падарунак (карціну па нумарах) атрымала імянінніца Дар’я Бас, якой у дзень свята споўнілася 11 гадоў.
І на гэтым сюрпрызы не скончыліся! У госці да юных відамлянцаў прыйшлі ваеннаслужачы пагранзаставы “Камянюкі” , начальнік службы сабак Кірыл Малыха і яго верны чацвераногі сябар, цуды дрэсіроўкі якога, паказаныя тут жа, уразілі ўсіх. А сфатаграфавацца на памяць з сабакам, што абараняе дзяржаўную граніцу, пажадалі не толькі дзеці, але і дарослыя.
Вялікі ажыятаж выклікалі таксама салодкія пачастункі, прыгатаваныя таленавітымі рукамі гаспадыні аграсядзібы “Тры калодзежы” ў Баранках Наталлі Раманюк, – літаральна праз некалькі хвілін ад іх і следу не засталося. Бо смачна!

І на завяршэнне свята Сафія Добыш запрасіла ўсіх ахвотных на танцавальны майстар-клас. Кракавяк пад акардэон – што можа быць лепш? Асабліва, калі твой партнёр і настаўнік – удзельнік фальклорнага калектыву “Вясёлка”!
Відамлянская “Буслянка” ў чарговы раз падарыла дзецям свята. І лета, што пачалося так весела і цікава, абавязкова будзе выдатным!

Настасся НАРЭЙКА
Фота аўтара

 


Хотите читать актуальные новости Каменца и Каменецкого района первыми?Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/navinykam