Да такой з’явы, як аўкцыён,– публічны продаж – мы ўжо прывыклі. І не без цікаўнасці ўчытваемся ў чарговую аб’яву аб рэалізацыі з таргоў той ці іншай нерухомасці, якая пустуе, не выкарыстоўваецца па прызначэнні, або прадпрыемства вымушана прадаваць яе ў лік даўгоў.
Арганізатарамі таргоў найчасцей выступаюць райвыканкам, аблвыканкам, канкрэтныя арганізацыі (назіральны савет). Дзяржаўная маёмасць (будынкі, збудаванні) можа быць прададзена толькі праз фонд “Брэстаблмаёмасць”. Вызначаны парадак рэалізацыі такой маёмасці шляхам таргоў, у т.л. з пачатковай цаной продажу ў карыстанне, роўнай 1 базавай велічыні,– адзін са спосабаў папярэджання карупцыі.
На жаль, да гэтага часу не ўдалося прадаць усе будынкі былога Высокаўскага вытворча-гандлёвага камбіната, у адносінах якога ў 2006 годзе была створана ліквідацыйная камісія (яе ўзначальвае Дзмітрый Асташэня). Тая ж фірма, што ў асноўным скупіла тут памяшканні, актыўнасці ў іх асваенні пакуль не праяўляе. Вытворчы корпус №1 і будынак цэха ў Высокім, а таксама – былога сталярнага цэха і піларамы ў Вярховічах чакаюць гаспадароў, якія ўбачаць у іх перспектыву. Стрымліваючыя моманты, мабыць,– “геаграфія” і цана.
Дасюль не ўдалося знайсці купцоў і для змяшчальнага ангарнага склада ў Абяроўшчыне. А вось цагляны будынак былога комплексна-прыёмнага пункта ў Падбеле, як пацвердзілі ў райбыткамбінаце, сёлета прададзены за 30 млн. рублёў (новы гаспадар – з Брэсцкага раёна).
Не першы раз выстаўлены на таргі будынак палаца ў Высокім (уласнасць абласнога ўпраўлення адукацыі). Чацвёрты адкрыты аўкцыён быў прызначаны на 7 мая. Як удакладнілі ў фондзе “Брэстаблмаёмасць”, апошняя стартавая цана была вызначана ў 148 млн. рублёў (летась – 740 млн.) Аднак жадаючых набыць палац не было. Хоць умовы продажу – выкарыстанне збудаванняў палаца-паркавага ансамбля Патоцкіх (сярэдзіна 19 ст.) для размяшчэння аб’ектаў гісторыка-культурнага, гасцінічнага прызначэння і інш.– даюць шырокае поле для планаў. Але камень спатыкнення – велізарныя грошы, неабходныя для вырабу аднаго толькі праекта аднаўленча-рэстаўрацыйных работ.
Некалькі гадоў таму шматпакутны паркава-сядзібны комплекс у Грымячы стаў уласнасцю ААТ “Усход-Каменец”. Былі акрэслены планы на перспектыву, якая ўсё больш аддалялася з ростам фінансавых праблем гаспадаркі. Пазней гэта сядзіба была выстаўлена на продаж. Яе купілі. А цяпер зноў ідзе пошук новага гаспадара, які зможа ўдыхнуць жыццё ў тое, што яшчэ ацалела (маю на ўвазе не толькі вінтавую чыгунную лесвіцу, якая бясследна “знікла”). І зноў-такі стрымліваючым фактарам становіцца кошт праектных работ.
Нямала надзей на стварэнне новых рабочых месцаў звязвалі высакаўчане з адраджэннем вытворчасці на купленых на льготных умовах у карыстанне плошчах былога завода жалезабетонных вырабаў. Мінула некалькі гадоў з таго часу, як тут з’явіўся гаспадар (ТАА “Аграбетон”), але на тэрыторыі па-ранейшаму цішыня і запусценне. Праўда, умовы дагавора карыстання даюць падставу для скасавання яго, калі справа не рушыць з месца.
Ужо з’явілася надзея на перамены ў адносінах былой камянецкай лазні, што насупраць аўтастанцыі. У свой час у лік даўгоў яе набыла прыватная фірма “Белпарфума”, але ўрэшце будынак перапрададзены аднаму з камянецкіх прыватных прадпрыемстваў…
Сёлета ААТ “Відамлянскае” выставіла на таргі (без пасрэднікаў і без умоў) жывёлагадоўчыя будынкі ў Мурынах Вялікіх. Прычына – немагчымасць працаваць паводле сучасных тэхналогій у памяшканнях 1960-х гадоў пабудовы. Першыя таргі, аб’яўленыя ў сакавіку, не адбыліся. У той жа час прадпрымальныя людзі цікавяцца прадметам аўкцыёну, прыглядаюцца, прыцэньваюцца. Неўзабаве, плануецца, адбудуцца другія таргі…
* * *
Вядома, не ўсе выстаўленыя ў раёне на продаж будынкі цяпер уяўляюць цікавасць для пакупнікоў. Але няма сумненняў, што з часам і яны, з пэўнымі ўмовамі і без іх, набудуць новых гаспадароў. Калі будуць захаваны хоць бы ў сённяшнім выглядзе.
Галіна НОВІК.
Это может быть интересно:
-
Александру Казаченко нужна наша помощь!
-
С 1 июля 2025 года в Беларуси изменяется порядок выплаты пенсий и пособий через банки
-
Программа развития ООН в Беларуси отмечает успехи нашей страны в борьбе с туберкулезом
-
Народный контроль: общественная приемная работает в Брестском областном объединении профсоюзов
-
Картошка на контроле: как на Каменетчине следят за качеством и ценой