Разбурыць ці ўзаконіць?

P8209354Апошнім часам усё часцей мясцовыя ўлады сутыкаюцца з праблемай самавольнага будаўніцтва. А гэта на самой справе з’яўляецца сапраўднай праблемай. Таму сённяшняе актуальнае інтэрв’ю – з начальнікам аддзела архітэктуры і будаўніцтва Камянецкага райвыканкама Паўлам Юзвуком.

– Павел Уладзіміравіч, скажыце, што такое самавольнае будаўніцтва?

– У адпаведнасці з артыкулам 223 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, самавольнае будаўніцтва – гэта дзейнасць асобы па стварэнні ці змяненні нерухомай маёмасці шляхам будаўніцтва, перапланіроўкі, рэканструкцыі – прыбудовы, надбудовы, перабудовы – капітальнага будынку, калі яны здзейснены: на самавольна занятым зямельным участку; на зямельным участку, які выкарыстоўваецца не па мэтавым назначэнні ці прадастаўленым дзяржаўным органам, які не мае паўнамоцтваў на прыняцце адпаведнага рашэння, і без правядзення аўкцыёну, калі прадастаўленне зямельнага ўчастка магчыма толькі па выніках аўкцыёну, і прадастаўленым з парушэннем чарговасці прадастаўлення зямельных участкаў; без атрымання неабходных дазволаў на будаўніцтва ці без праектнай дакументацыі ў выпадках, калі неабходнасць яе падрыхтоўкі прадугледжана заканадаўствам, ці з істотнымі парушэннямі горадабудаўнічых і будаўнічых нормаў і правілаў, калі іншае не ўстаноўлена Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Таксама да гэтага тэрміну можна аднесці і самавольную ўстаноўку індывідуальных антэн і кандыцыянераў.

– А што гэта за істотныя парушэнні горадабудаўнічых і будаўнічых нормаў і правілаў?

– Тыя, што могуць стварыць патэнцыяльную пагрозу парушэння правоў і інтарэсаў іншых асоб, жыццю ці здароўю грамадзян і юрыдычным асобам, якія знаходзяцца пад абаронай заканадаўства. Тое ж самае датычыць і парушэння ўстаноўленых, зацверджаных горадабудаўнічай дакументацыяй рэгламентаў выкарыстання тэрыторыі.

– Што “свеціць” чалавеку за тое, што ён незаконна пабудаваўся, прыбудаваўся і г. д?

– Пры самавольным будаўніцтве, у тым ліку законнага набытчыка, мясцовымі выканаўчым і распарадчым органамі прымаецца адно з наступных рашэнняў: аб працягу будаўніцтва, калі захаванне пабудовы не нясе парушэнняў горадабудаўнічых і будаўнічых нормаў і правілаў; аб зносе самавольнай пабудовы і прывядзенні зямельнага ўчастка ў прыгодны для выкарыстання па мэтавым прызначэнні стан з вызначэннем у такім рашэнні тэрмінаў выканання гэтых дзеянняў – калі парушаецца першы пункт; аб прывядзенні самавольнай пабудовы ў былы, да здзяйснення самавольнага будаўніцтва, стан з вызначэннем у такім рашэнні тэрмінаў выканання гэтых дзеянняў.

Існуе і адміністрацыйная адказнасць за самавольнае будаўніцтва. У адпаведнасці з артыкулам 21.12 п.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь, самавольнае будаўніцтва жылых дамоў, вытворчых, гаспадарчых, культурна-бытавых ці іншых пабудоў цягне накладанне штрафу ў памеры ад дваццаці да пяцідзесяці базавых велічынь, на індывідуальнага прадпрымальніка – ад дваццаці да ста, а на юрыдычную асобу – да пяцісот. Прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці і факт платы штрафу асобай, якая здзейсніла адміністрацыйнае правапарушэнне, не з’яўляюцца падставай для ўзаконьвання самавольнай пабудовы.

– Якія дакументы трэба прадставіць, каб прынятае мясцовымі ўладамі рашэнне аб працягу будаўніцтва самавольнай пабудовы было станоўчым?

– У адпаведнасці з Палажэннем аб парадку прыняцця рашэнняў па самавольных пабудовах, зацверджаных Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 16 мая 2013 г. №384, грамадзяне, якія заняліся самавольным будаўніцтвам, павінны прадставіць у мясцовы выканаўчы і распарадчы органы наступныя дакументы: заяву; пашпарт; заключэнне па надзейнасці, нясучай здольнасці і ўстойлівасці канструкцыі самавольнай пабудовы – для пабудоў, што маюць больш за адзін паверх; пісьмовая згода ўсіх пражываючых, у тым ліку часова адсутнічаючых 18-гадовых грамадзян і ўласнікаў агульнай долевай уласнасці, на прыняцце ў эксплуатацыю і дзяржаўную рэгістрацыю аднакватэрнага, блакіраванага жылога дома і (ці) нежылых капітальных пабудоў на тэрыторыі каля дома; копію рашэння суда аб прызнанні права ўласнасці на самавольнае будаўніцтва – у выпадку прыняцця судом такога рашэння; дакумент, які зацвярджае права на зямельны ўчастак. Адміністрацыйная працэдура бясплатная. Максімальны тэрмін яе здзяйснення – 15 дзён з дня падачы заявы, а ў выпадку запыту дакументаў і даведак ад іншых дзяржаўных органаў – 1 месяц.

Што датычыць самавольнай устаноўкі індывідуальных антэн і кандыцыянераў, то адпаведна з той жа Пастановай прадугледжана, што грамадзяне абавязаны атрымаць дазвол на самавольна выкананыя работы па пераабсталяванні і перапланіроўцы. Тут трэба растлумачыць, што для атрымання дазволу грамадзянін павінен падаць у мясцовы выканаўчы ці распарадчы орган наступныя дакументы: заяву, пашпарт, пісьмовую згоду паўналетніх членаў сям’і і грамадзян, якія маюць права на валоданне і карыстанне памяшканнем, тэхнічны пашпарт і дакумент, які сцвярджае права ўласнасці на памяшканне, план-схему ці пералік работ па перааб­сталяванні і перапланіроўцы, а таксама пісьмовую згоду арганізацыі забудоўшчыкаў у жылых дамах гэтай арганізацыі. Для атрымання дазволу на самавольна ўстаноўленыя індывідуальныя антэну ці кандыцыянер – заяву, пашпарт, тэхнічны пашпарт і дакумент, які сцвярджае права ўласнасці на кватэру, план-схему фрагмента фасада ці даху з указаннем месцазнаходжання антэны ці кандыцыянера, складзены ў адвольнай форме, тэхнічнае заключэнне аб выкананых работах.

Часта грамадзяне не ведаюць, куды звяртацца за распрацоўкай тэхнічнага заключэння, а таксама маюць месца выпадкі, калі прыходзіцца звяртацца не ў адну арганізацыю для атрымання ад яе згоды на выкананне дадзеных работ, акрамя таго, шэраг арганізацый працуе толькі з юрыдычнымі асобамі. З улікам гэтага, з мэтай спрашчэння атрымання грамадзянамі дазволаў на самавольна выкананыя работы прапануецца мясцовым выканаўчым і распарадчым органам і жыллёвым арганізацыям не патрабаваць ад грамадзян прадастаўлення тэхзаключэння, а атрымліваць яго самастойна на платнай аснове за кошт грамадзян. Такім чынам, грамадзянін для атрымання дазволу на самавольна выкананыя работы прадстаўляе ў мясцовы выканаўчы ці распарадчы орган вышэйпералічаныя дакументы, за выключэннем тэхнічнага заключэння, якое атрымае выканкам ці ўпаўнаважаная ім жыллёвая арганізацыя самастойна за кошт грамадзян. Таксама тэхзаключэнне можа быць прадстаўлена грамадзянінам па яго жаданні.

Для таго, каб працэдура была больш хуткай і менш нервовай, перад тым як пачынаць самастойна дзейнічаць на сваім участку, трэба звярнуцца па дазвол на работы ў райвыканкам. Тады вы будзеце рабіць усё па закону.

– Куды звяртацца па пытаннях, якія датычаць самавольнага будаўніцтва?

– У аддзел архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама па адрасе: Каменец, вуліца Савецкая, 11, першы паверх, кабінет №1. Таксама можна патэлефанаваць на нумар 2-11-05. Для асабістых зваротаў грамадзян у нас ёсць асобны дзень – кожная серада з 8.00 да 13.00.

– Дзякуй за размову!

Гутарыла Наталля ГРЫЦУК.

Добавить комментарий