67 год прайшло з таго дня, калі нашы мужныя воіны вызвалілі краіну ад фашысцкіх захопнікаў. 67 год мы жывём пад мірным небам. 67 год мы ведаем пра страшную вайну з падручнікаў, фільмаў і, безумоўна, аповядаў тых, хто прайшоў праз тыя кругі пекла, якія не трэба, каб паўтарыліся зноў… А мы – нашчадкі – будзем памятаць тое, што адбывалася тады, і ніколі не забудзем, і перададзім гэтую памяць сваім дзецям і ўнукам…
Музей ваеннай і баявой славы ў Свішчоўскай сярэдняй школе свае дзверы для наведвальнікаў адчыніў 10 кастрычніка 1983 года ў былым фае школы.
Яшчэ доўгі час пасля Вялікай Айчыннай вайны (ды і зараз, але не ў такой колькасці) на месцах баёў з фашысцкімі захопнікамі людзі знаходзілі яе незапамятнае рэха: рэчы тых, хто грудзьмі закрываў сваю вялікую Радзіму. А гісторыя музея пачалася з Анатолія Міхайлавіча Касоўскага, магілу якога знайшлі на могілках у Трасцяніцы. Дваццацігадовым юнаком ён загінуў 26 ліпеня 1944-га падчас вызвалення камянецкай зямлі. Пасля яго смерці захаваўся спіс тых, хто назаўжды застаўся ў гэтай зямлі: усяго 22 чалавекі, жыццё якіх абарвалася ля Трасцяніцы ў перыяд з 26 па 28 ліпеня.
Настаўнік біялогіі і геаграфіі, а па сумяшчальніцтве – загадчык музея Сцяпан Абламскі сабраў зацікаўленых дзяцей, якія склалі групу “Чырвоны следапыт”. Вучні разам з настаўнікам заняліся пошукам родных і блізкіх воінаў з-пад Трасцяніцы. І знайшлі. Усяго 20 чалавек, а 2 засталіся невядомымі. 9 мая 1982 года адбылося адкрыццё абеліска на брацкай магіле ля Трасцяніцы, дзе назаўсёды высечаны 20 прозвішчаў мужных герояў той далёкай і такой блізкай вайны. На перакрыжаванні дарог здалёк бачны высокі пастамент, на якім застыў у граніце бюст чырвонаармейца ў касцы. На мітынгу тады выступілі Генадзь Сарока, палкоўнік Валерый Фуркоўскі – былы начальнік сувязі 150-га гвардзейскага стралковага палка, які непасрэдна вызваляў в.Трасцяніца. Ён паведаміў аб гераізме і мужнасці воінаў у час Вялікай Айчыннай вайны. Пры дапамозе следапытаў дзве сястры з Мікалаеўскай вобласці знайшлі магілу свайго бацькі. А з Падмаскоўя прыехаў бацька загінуўшага лейтэнанта Івана Пестрацова 80-гадовы Павел Аляксеевіч. Пасля 41 года разлукі яны, нарэшце, сустрэліся. Гэтаму прысвечана цэлая экспазіцыя.
У музеі школы захоўваецца ліст ад маці лейтэнанта Івана Пестрацова. З ліста: “У верасні 1941 года пайшоў на фронт бацька, а Івану пасля заканчэння курсаў прысвоілі званне лейтэнанта, і быў накіраваны на перадавую, удзельнічаў у многіх баях, а ў лютым 1942-га і ў жніўні 1943-га быў паранены. Пасля лячэння ў шпіталі прасіўся на фронт. І яго жаданне выканалі. А якія добрыя лісты прыходзілі да мяне ад яго. Я тады заставалася з трыма маленькімі дзецьмі. Ён верыў у хуткую перамогу над ворагам. І гэта дадавала мне сілы, дапамагала пераносіць усе цяжкасці ваеннага часу. У газеце “Бой” за 8 мая 1944 года Іван пісаў аб тым, як кулямётны ўзвод, якім ён камандаваў, здзейсніў добры манеўр, у выніку якога ўдалося акружыць і знішчыць групіроўку гітлераўцаў. А потым з райваенкамата прыйшлі да нас трагічныя звесткі аб тым, што сын загінуў у баі каля в.Трасцяніца Камянецкага раёна…”
Не абышлі ўвагай у музеі і нашага земляка Сяргея Вірко – камсамольца з Ратайчыцаў, які паўтарыў подзвіг Аляксандра Матросава. У сям’і Вірко было трое дзяцей: Іван, Сяргей і Еўфрасіння. Калі памёр бацька, то ўся работа легла на плечы братоў. Дзяцінства, можна сказаць, і не было. У верасні 1939-га 13 гадовы Сяргей пачаў займацца ў школе. Вучыўся добра. Падабалася яму матэматыка. Любіў галубоў. Кім марыў стаць? Можа, лётчыкам, а, можа, інжынерам. Але пачалася вайна, акупацыя. З сотнямі мясцовых жыхароў яго адправілі ў Германію. Сем разоў Сяргей спрабаваў уцячы, і толькі на восьмы каля Беластоку атрымалася выскачыць з цягніка. Пешшу хлопец дабраўся да дома. А тут фашысты ганялі жыхароў вёскі капаць акопы. Калі ў 1944-м Камянецкі раён быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, разам з братам Іванам Сяргей уступіў у рады Чырвонай Арміі. Споўнілася яму тады 18 гадоў. Старэйшы брат танкіст Іван Вірко загінуў першым: згарэў у сваёй баявой машыне. Сяргей, калі даведаўся пра гэта, напісаў сястры: “Буду ваяваць за дваіх”, а жонцы брата паабяцаў: “За Івана, за яго асірацелых дзяцей я адпомшчу фашыстам”. “Гэта было ў баі за палац, – паведамляла лістоўка палітаддзела. – Гітлераўцы, якія ахоўвалі подступы да трасы, біліся з жорсткасцю. Шквалам свінцу яны перагарадзілі дарогу гвардзейцам, якія падыходзілі. Патрэбна было ўдакладніць месца знаходжання, а затым знішчыць агнявую сістэму ворага. У разведку пайшоў Сяргей Вірко. Праз некалькі хвілін, узброены аўтаматам і гранатамі, адважны гвардзеец падпоўз да палаца, дзе заселі фашысцкія кулямётчыкі. Да агнявой кропкі, якая перашкаджала руху батальёна, Вірко хутка падпоўз на адлегласць 20-і метраў і кінуў гранату. Тры гітлераўцы былі знішчаны. Тыя кулямётчыкі, што засталіся жывымі, заўважылі смельчака і адкрылі па ім агонь. Малодшы сяржант ведаў, што поспех батальёна залежыць ад таго, знішчыць ён варожы кулямёт ці не. І Сяргей кінуў апошнюю гранату. Яна разарвалася, але не прынесла гітлераўцам страт. Тады Вірко рвануў наперад і ўсім сваім целам наваліўся на ствол кулямёта. Апошняя свінцовая чарга прашыла грудзі гвардзейца, і варожы кулямёт захлынуўся…”
У музеі баявой і працоўнай славы захоўваюцца фотаздымак спецыяльна выпушчанай тады лістоўкі, прысвечанай подзвігу Сяргея Вірко, лісты яго аднапалчан Івана Ягоравіча з Калінінграда і рэдактара дывізійнай газеты Льва Карташова, які падарыў музею школы сваю кнігу “От Подмосковья до Кёнигсберга”. Кожны год у школе адзначаецца дзень памяці Сяргея Вірко. Малодшы сяржант пахаваны ў пасёлку Увейкава Гур’еўскага раёна Калінінградскай вобласці ў брацкай магіле, дзе разам з ім ляжаць 667 савецкіх воінаў (дарэчы, вучні Свішчоўскай сярэдняй школы разам са сваім настаўнікам Сцяпанам Паўлавічам Абламскім наведвалі гэтую магілу на пачатку 80-х гадоў). Імя Сяргея Вірко носяць вуліцы ў Каменцы і Ратайчыцах. У яго гонар кожны год праводзіцца крос-мемарыял.
У гады Вялікай Айчыннай вайны загінула шмат ураджэнцаў суседніх са Свішчовам вёсак. Для таго, каб вучні ведалі імёны тых людзей, якія загінулі дзеля светлай будучыні, каля будынка школы быў усталяваны памятны знак з прозвішчамі загінуўшых воінаў. Кожны год 9 мая каля яго праходзяць святочныя мітынгі. З вайны вярнуліся нямногія з тых, каго праважалі ўсімі сёламі. На сённяшні дзень, на жаль, засталіся толькі двое…
Следапытамі школы ў аднаго з жыхароў вёскі Шастакова быў знойдзены сямейны альбом ваеннага лётчыка Васілія Андрэевіча Сафронава, які ў гады вайны служыў у гэтай мясцовасці. А нарадзіўся ён 11 красавіка 1909 года ў сяле Левашоўка Цепластанскага раёна Горкаўскай вобласці. Пасля прызыву ў 1931 годзе распачаў ваенную службу ў Савецкай Арміі. Як паведамілі сведкі, 22 чэрвеня 1941 года ў цяжкай сітуацыі часць, якая знаходзілася ў вёсцы Шастакова, эвакуіравалася. Справа ў тым, што нехта прывёў у непрыгоднасць усе самалёты. Таму, калі лётчыкі падняліся па ваеннай трывозе, то ніхто не змог узляцець. Сафронаў здзейсніў гераічны ўчынак – прыкрываў адыход, знішчыў 10 гітлераўцаў… Да канца вайны Васілій Андрэевіч займаў пасаду старшага інжынера па ўзбраенні 956-га штурмавога авіяпалка Першай паветранай арміі Заходняга фронту. Праслужыў 22 гады. У 1944 годзе, пасля таго, як выгналі фашыстаў з тэрыторыі Беларусі, Сафронаў напісаў ліст у Шастакова. Ён прасіў, каб захавалі яго асабістыя рэчы. Такім чынам альбом аказаўся ў музеі школы. Памёр Васілій Сафронаў у 1987 годзе.
Акрамя ваенных экспазіцый, ёсць у музеі і матэрыялы па гісторыі Камянецкага раёна ў гады буржуазна-памешчыцкай Польшчы; звесткі аб воінах-інтэрнацыяналістах…
Амаль трыццаць гадоў загадчыкам музея быў Сцяпан Абламскі, які, нягледзячы тое, што выкладаў біялогію і геаграфію, здаўна цікавіўся гісторыяй роднага краю. Вельмі дапамог у стварэнні школьнага музея былы дырэктар Свішчоўскай сярэдняй школы Фёдар Боеў. Зараз жа загадчыцай з’яўляецца маладая настаўніца Валянціна Супрыновіч, якая не менш, чым папярэднікі, цікавіцца гісторыяй свайго роднага кутка…
Наталля ГРЫЦУК
Фота Міколы ШУМА
Это может быть интересно:
-
Народный контроль: общественная приемная работает в Брестском областном объединении профсоюзов
-
Картошка на контроле: как на Каменетчине следят за качеством и ценой
-
Каменецкий кубок чистоты 2025: БРСМ и БРПО объединились в борьбе за чистоту
-
11 апреля – Международный день освобождения узников фашистских концлагерей
-
BELGEE и Geely лидируют на рынке легковых автомобилей в Беларуси