Радасць і шчасце сонечнай Светы

светаКалі зайсці на інтэрнэт-старонку раённай газеты «Навіны Камянеччыны» і ў радок пошуку ўвесці імя і прозвішча гэтай сімпатычнай дзяўчыны з сонечнай усмешкай, з’явяцца дзве спасылкі.

Першая датавана 2011 годам, калі Света Казлова яшчэ вучылася ў Камянецкай СШ №1 і трапіла на першую старонку газеты з той нагоды, што атрымала галоўны дакумент грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.

– Пашпарт – гэта вельмі важны дакумент для кожнага чалавека, і для мяне таксама, – сказала яна тады. – Ён дае прыналежнасць да нашага цудоўнага народа. Цяпер я магу ўдзельнічаць у жыцці Беларусі, бо з’яўляюся паўнапраўнай яе грамадзянкай. Абяцаю: маёй Радзіме не давядзецца за мяне чырванець!

Смелае сцвярджэнне, але цяпер, у 2015-м, бачу: яно не было пустымі словамі.

Другая згадка пра Святлану Казлову адносіцца да сакавіка бягучага года, калі дзяўчына, цяпер ужо метадыст раённага метадычнага цэнтра, перамагла ў конкурсе “Міс Вясна-2015”. Кожны, хто прысутнічаў на гэтым свяце прыгажосці, памятае, як хвалявалася Света, як падтрымлівалі яе сябры і родныя… Яшчэ тады вырашыла, што для наступнай маладзёжнай старонкі раёнкі абавязкова падрыхтую інтэрв’ю з гэтай незвычайнай дзяўчынай. Глядзіце, што атрымалася…

– Пачнём з дзяцінства…

– Я нарадзілася і вырасла ў Каменцы, скончыла мясцовую школу, пасля якой паступіла ў Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя Пушкіна.

– Вучышся завочна?

– Перайшла на пяты курс. У маі наступнага года атрымаю дыплом. Мая спецыялізацыя – турызм і гасціннасць.

– Каб працаваць у гэтай сферы, давядзецца пакінуць родны горад.

– На жаль. Мне найбольш даспадобы гасцінічны бізнес, хацела б рэалізаваць сябе ў гэтай сферы.

– Якія дарогі прывялі цябе ў камянецкі Дом культуры?

– З ім даўно супрацоўнічаю. Яшчэ ў школьныя гады з радасцю адгукалася на прапановы выканаць ролю вядучай мерапрыемства ці прыняць удзел у літаратурна-музычнай кампазіцыі да свята.

– У чым заключаюцца твае абавязкі?

– Займаюся дакументацыяй, сачу за працай работнікаў устаноў культуры раёна, дапамагаю ім.

– Ведаю, што ахвотна далучаешся і да грамадскага жыцця…

– Так, стараюся быць пры справе. Напрыклад, нядаўна брала ўдзел у акцыі БРСМ “Кветкі Вялікай Перамогі”. Мы з сябрамі пабялілі дрэвы ў яблыневым садзе камянчаніна Анатолія Мартысюка, а атрыманыя за гэта грошы перавялі на патрэбы Брэсцкай крэпасці-героя.

– Вопыт работы ў маладзёжным аб’яднанні дапамог табе і на конкурсе “Міс Вясна-2015”.

– Безумоўна! З цеплынёй узгадваю пра гэтую падзею, якую інакш як святам, не назавеш. Па ўласным жаданні вырашыла ўдзельнічаць, і, калі сказаць праўду, у мяне амаль не было часу на падрыхтоўку. У лютым праходзіла практыку, потым – сесія. Памятаю, як у аўторак упершыню прыехала на рэпетыцыю, а ў пятніцу ўжо трэба было выходзіць на сцэну.

– Твая група падтрымкі тады ўразіла многіх!

– Яна і для мяне стала прыемным сюрпрызам! Сабраліся родныя, сябры, сябры сяброў, дзеткі, што ўдзельнічалі ў маім нумары пра Мэры Попінс. На майках яны напісалі літары, з якіх склалася маё імя. Было вельмі прыемна. Для мяне перамога не стала прычынай для гонару. Галоўная ўзнагарода тут не карона, а адданасць, шчырасць, цеплыня тых, хто быў побач і трымаў за мяне кулачкі.

– Нешта змянілася ў тваім жыцці пасля конкурсу?

– Амаль нічога. Вядома, павіншавалі на рабоце. У сацыяльных сетках нават не згадвала пра гэта, але людзі даведваліся, пэўна, з вашых газеты з сайтам і пісалі шчырыя словы.

– Чым займаецца Святлана Казлова ў вольны час?

– Гуляю ў валейбол за аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Нядаўна на “Вертыкалі” мы заваявалі першае месца. Акрамя таго, раблю тапіарыі, гэтаму навучыла некалі Наталля Дзямчук, што вядзе гурток саломапляцення ў нашым ГДК. Люблю гатаваць, асабліва ўдаецца мяса па-французску. Радую сваю сям’ю.

– Маеш братоў і сясцёр?

– Двух малодшых братоў. Адзін з іх працуе ў Брэсце, а другі, 11-гадовы Іван, заўсёды побач. Дапамагаю яму з хатнімі работамі. Наш Ваня, дарэчы, чытае рэп, часта выступае з ім на школьных канцэртах.

– Марыш пра сваю сям’ю?

– Як і ўсе дзяўчаты. У мяне ёсць хлопец, з якім мы разам ужо амаль тры гады. Мне давялося чакаць яго з арміі – дачакалася. Цяпер мару пра дачушку… Дзеці – гэта, увогуле, самае святое ў нашым жыцці, нашы радасць і шчасце.

Настасся НАРЭЙКА.

Добавить комментарий