Менавіта ў такой паслядоўнасці разгортваліся летась 23 верасня і 2 кастрычніка падзеі ў Пелішчы, якія прывялі на лаву падсудных жыхара гэтай вёскі Ігара П., раней судзімага пяць разоў (у тым ліку за прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання і разбоі). На гэты раз Ігар абвінавачваўся ў наўмысным прычыненні менш цяжкага цялеснага пашкоджання і разбоі.
А пачалося ўсё з п’янкі. Выпіваў Ігар са знаёмым з Каменца. Пэўна, і тосты былі за дружбу і ўсё добрае. Як хмель ударыў у галаву, штосьці не паладзілі сабутэльнікі, Ігар прапанаваў выйсці ў двор для “разборкі”. Сварка працягвалася, у ходзе яе Ігар нанёс суразмоўцу ўдары кулаком у твар і плячо, а калі яго знаёмы ўпаў, яшчэ і паддаў нагой у сківіцу. У выніку пацярпеламу былі нанесены цялесныя пашкоджанні, якія пазней экспертамі былі кваліфікаваны як менш цяжкія. Пацярпелы знаходзіўся на лячэнні ў Брэсцкай абласной бальніцы па прычыне пералому ніжняй сківіцы.
Гэтак жа з п’янкі пачалася 2 кастрычніка непрыемная для Ігара гісторыя, якую ён у той дзень закончыў разбоем. У пасляабедзенны час выпіў у Пелішчы з жыхаром суседняга раёна. Спіртнога, відаць, здалося мала, і той знаёмы згадзіўся размяняць стадоларавую купюру, якая ў яго была. Але ж гэтая задума не ўдалася: ніхто з вяскоўцаў не знайшоў грошай для размену. Тады ўладальнік той сотні сказаў Ігару, што ў такім выпадку ён і не будзе мяняць грошы. Гэта Ігару не спадабалася: ён схапіў свайго знаёмага за плячо і адзенне – той упаў. Ігар пацягнуўся да яго кішэні з грашыма, ляжачы пачаў супраціўляцца і крычаць. Аднак, пасля двух удараў у твар, страціў прытомнасць. Калі ачнуўся ў аўтамабілі “хуткай дапамогі”, не знайшоў у кішэні 50 тысяч айчынных рублёў і 100 долараў ЗША.
У судзе раёна, які адбыўся сёлета 23 мая, разгледжаны абодва ўчыненыя злачынствы, аб якіх сказана вышэй. Ігар толькі часткова прызнаваў віну, не мог патлумачыць свае прызнанні, зробленыя ў ходзе папярэдняга следства. Аднак, паказанні падсудных і сведкаў, даныя экспертызы і іншыя матэрыялы справы сталі неабвержнымі доказамі віны Ігара. Судом не было ўстаноўлена ніводнай змякчаючай абставіны ў адносінах падсуднага. А вось абцяжарваючымі сталі дзве: злачынствы ўчынены асобай у стане алкагольнага ап’янення; абвінавачаны раней учыняў злачынствы (дарэчы, ён тройчы адбываў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі за ўчыненне наўмысных злачынстваў, і ў яго дзеяннях суд прызнаў небяспечны рэцыдыў).
Ігар П. быў прызнаны вінаватым ва ўчыненні злачынстваў па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса (за наўмыснае прычыненне менш цяжкага цялеснага пашкоджання і за разбой). Па сукупнасці злачынстваў канчаткова яму прызначана пакаранне: пазбаўленне волі на 5 гадоў і 6 месяцаў без канфіскацыі маёмасці з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах строгага рэжыму і прымусовае лячэнне ад алкагалізму. На карысць пацярпелых прынята рашэнне і ў частцы кампенсацыі маральнай шкоды: першаму пацярпеламу – 4 млн. рублёў і другому (у якога шляхам разбою адабраў грошы) – 2 млн. рублёў, апошняму падсудны абавязаны, згодна з рашэннем суда, кампенсаваць і матэрыяльны ўрон у 50 тыс. рублёў. Што датычыцца ўпамянутай стадоларавай купюры, яна была канфіскавана ў падсуднага і вернута пацярпеламу.
Аксана ШКЕЛЬ,
Это может быть интересно:
-
В Каменце прошла премьера фильма о Государственных символах Республики Беларусь
-
Кибершпионские группы и сообщества хактивистов. Кто несет угрозу учреждениям и предприятиям Беларуси
-
Александр Каприцкий: “Сенаторская деятельность – это большая ответственность и серьезная работа”
-
График плановых отключений электроэнергии в Каменецком районе
-
РАСПИСАНИЕ БОГОСЛУЖЕНИЙ В ХРАМАХ Г.КАМЕНЦА