Некалі ў гэтай вёсачцы, побач з Войскай, кіпела жыццё, раслі дзеці, у хлявах былі каровы і коні… Зараз жа гэта месца, дзе пастаянна жывуць восем бабуль, старэйшай з якіх 90, а астатнім ужо за 70, і дзядуля, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, Сцяпан Сямёнаў. Ёсць яшчэ пара, якая некаторы час назад прыехала з Сібіры, а таксама дачнікі. Але гэта гісторыя не пра іх. Яна пра тых, хто пражыў тут сваё жыццё…
Зацікавілі мяне Лускалы пасля таго, як на рэдакцыйную “гарачую лінію” патэлефанавала жыхарка вёскі. Пасля вырашэння сваіх пытанняў яна паведаміла, што там жывуць дзевяць чалавек, некаторым з якіх далёка за 80. Адразу ўспомніліся словы з вядомай песні “Восем дзевак, адзін я…”, і захацелася паглядзець, што, дзе і як.
Сустрэла нас вёска адной звілістай вуліцай. Па двух баках тут стаяць акуратна пафарбаваныя дамы. Адразу прыйшла думка, што з нас пажартавалі: усюды падкошана трава і няма разбураных ад старасці дамоў. Калі пад’ехалі па раней вызначаным адрасе, насустрач выйшла мілавідная бабуля і з парога распачала аповяд…
Любоў Мацвяюк нарадзілася ў Лускалах яшчэ да вайны, таму памятае той час, калі ў вёсцы жылі больш за 100 чалавек. Ва ўсіх людзей тады была свая зямля. Той, хто бяднейшы, хадзіў на заробкі да багатых. Ніхто ніколі не адмаўляў у дапамозе свайму суседу ці дальняй радні. А потым прыйшла вайна. Сям’ю Любові Васільеўны, ды і не толькі яе, адправілі ў Германію, бо бацька быў міліцыянерам і не хацеў прыслужваць немцам. Вярнуліся на радзіму толькі ў 1948 годзе, а праз год вёска ўвайшла ў калгас, і пачаліся ўжо рабочыя калгасныя будні…
А доўгажыхарка Вера Карвацкая расказала, што ў жніўні 1915 года з-за Першай сусветнай вайны амаль усе жыхары вёскі выехалі ў Расію. А тыя, хто застаўся, працягвалі весці гаспадарку. Мажліва, менавіта тыя, хто не спужаўся, захавалі Лускалы для нашчадкаў. Вера Міхайлаўна паведаміла, што раней тут жыў памешчык Вацюлік, да якога наймаліся на работу многія жыхары бліжніх вёсак. У адрозненне ад іншых паноў, ён быў добрым чалавекам і ніколі нікога не абражаў, не караў ні рублём, ні пугай…
Калі ж вёска апынулася ў калгасе, то работа на сваёй зямлі адышла на другі план, бо працаздольны народ пайшоў на агульныя палі і фермы. Асноўныя “спецыяльнасці”, якія можна было заняць, – гэта паляводы, свінаркі ці даяркі. Мужчыны маглі стаць трактарыстамі. На працу хадзілі ў суседнюю Войскую, дзе тады размяшчалася адміністрацыя. А вось вольны час бавілі на вячорках. У вёсцы не было школы і клуба. Як можа здацца на першы погляд, культурнае жыццё тут было не распаўсюджана. Але гэта няпраўда, бо амаль кожны дзень, нягледзячы на стомленасць пасля працы ў калгасе і свае агароды, моладзь, ды і не толькі, збіралася на самастойна сканструяваных пляцоўках, дзе амаль да самага ранку гучаў гармонік. Узімку ж збіраліся ў хаце, але не ў адной, а ў розных, па чарзе. Акрамя танцаў, былі і іншыя заняткі. Напрыклад, прасці, ткаць, вышываць і вязаць. І ўсё гэта пад задушэўныя песні. Хлопцы ж гулялі ў карты ці даміно. Дзеці хадзілі ў школу ў Войскую, добра, што яна недалёка. У царкву тады, ды і цяпер, накіроўваліся туды ж…
Так праходзіла жыццё, у моладзі склаліся свае сем’і. Дарэчы будзе сказаць, што шукалі другую палавінку далёка не адыходзячы. Усе пары склаліся з маладых людзей і дзяўчат з суседніх вёсак. Некаторыя хлопцы прыводзілі дзяўчат у бацькоўскую хату, а потым будавалі свае гнёзды, іншыя прыехалі сюды ў якасці “прымакоў”.
Сучасныя Лускалы – гэта не такая ўжо і забытая Богам вёска. Два разы на тыдзень сюды прыязджае аўталаўка. Не забываюць, што тут жывуць адзінокія старыя, і медыцынскія работнікі, якія таксама наведваюцца сюды два разы на тыдзень. І смецце вывозяць па пятніцах. Чатыры разы на дзень адсюль можна паехаць у Брэст і вярнуцца назад. Клапоціцца пра вёску і старшыня Войскага сельскага Савета Віктар Міхайлоўскі, і ён дапамагае вяскоўцам як можа. За дзвюма бабулькамі, якія не маюць родных, даглядаюць сацыяльныя работнікі, яны ім і за дачку, і за дарадцу, і за памочніка. Але нішто не змагло затрымаць моладзь у вёсцы. Да некаторых пажылых дзеці прыязджаюць амаль кожныя выхадныя, ды заставацца надоўга ніхто не хоча. Гавораць, што Лускалы – неперспектыўная вёска. А як ёй стаць іншай, калі ўсе так думаюць?
Калі бабулі былі маладзейшымі, то хадзілі адна да адной на святы, дні нараджэння, ды з часам усё неяк заціхла. Але лавачку ніколі ніхто не адменіць. Яна стала асноўным месцам збораў, таму да змяркання тут можна ўбачыць бабулек, якія ўспамінаюць свае гады маладыя, і з сучаснага ёсць што абмеркаваць. Часам Любоў Мацвяюк сядае на свайго двухколага сябра і “ляціць” па марожанае для сябровак у Войскую. Так і бачыш, як сядзяць пяць Надзей, Вера, Любоў і Марыя (дзядуля зараз у дачкі ў горадзе), ласуюцца прысмакамі і расказваюць адна адной, што ў каго вырасла на агародзе, што не ўрадзіла… Зімой жа кожны сядзіць у сваёй хатцы з натопленай печкай і глядзіць тэлевізар ці слухае радыё. Так і праходзяць дзень за днём са сваімі пытаннямі, клопатамі і радасцямі…
Можа, некалі вёска далучыцца да Войскай, і тады не ўсё будзе згублена, і тут загучаць дзіцячыя галасы ўнукаў, якія не проста прыехалі да бабулі ў госці, а ў яе жывуць…
Тым часам наша гутарка падыходзіць да завяршэння, а міма нас усё праносяцца цяжкагрузныя аўтамабілі з пяском і без, уздымаючы клубы пылу. І ўсе мае бабулькі хорам пачынаюць гаварыць, што толькі гэта ім і не падабаецца ў іх вёсцы, бо здаецца, што “коміны з дахаў пазвальваюцца”, калі па дарозе едзе такі агрэгат, а так усё добра. І зноў усміхаюцца.
Ад’ехалі, а ў галаве надоўга заселі словы адной з бабуль-сябровак: “Мы жывём тут, як сястрычкі, усё адна пра адну ведаем, не зайздросцім і не сварымся паміж сабой…” Многім бы так жыць і паказваць прыклад сваім дзецям і ўнукам.
Наталля ГРЫЦУК.
Фота Міколы ШУМА.
Это может быть интересно:
-
Республиканский профсоюзный правовой прием граждан состоится 27 февраля
-
Здоровье — наша главная ценность: в СШ №2 г. Каменца прошла информационно-образовательная акция
-
График плановых отключений электроэнергии в Каменецком районе
-
О ремонтах в ЦРБ и поставках нового медоборудования рассказали в Брестском облисполкоме
-
Мастер-классы для будущих художников и музыкантов прошли в Каменце