Чаго толькі ні здараецца з нецвярозымі людзьмі, і ўсё – сабе на шкоду. А калі п’яны за рулём – пагроза і для другіх. Службовы абавязак супрацоўнікаў ДАІ – спыніць такога, пакуль не здарылася ДТЗ з непрадказальнымі вынікамі. Што і рабіў адзін з іх у той зімовы дзень на дарозе Каменец-Навіцкавічы- Камянюкі. Па трасе ад Чарнакоў да Падбелы рухаўся трактар МТЗ-82, прычым, віхляў з боку ў бок. Зразумела, адразу ж узнікла падазрэнне, што нешта тут не ў парадку. Трактар неўзабаве спыніўся пасярод дарогі без уключаных габарытаў і фар (хоць было ўжо цёмна), з яго выйшлі механізатар і яго жонка. Калі супрацоўнік ДАІ спрабаваў затрымаць гора-трактарыста, той пачаў брыдкасловіць, спрабаваў ударыць міліцыянера кулаком у твар, парваў яму куртку, выкручваў рукі. Давялося паклікаць на дапамогу іншых міліцыянераў. Дасталося яшчэ аднаму з іх ад п’янага трактарыста, які разышоўся не на жарты. Агрэсіўна ён паводзіў сябе і па дарозе ў Каменец, нецэнзурнай лаянкай “паліваў” нават медперсанал, які спрабаваў правесці экспертызу. Але і без яе было відаць, што трактарыст п’яны, ад яго патыхала спіртным. Адсядзеў віноўнік здарэння пяць сутак у РАУС пад арыштам, потым распытваў знаёмых, што з ім у той дзень адбылося, бо з-за выпіўкі памяць адняло… Тым не менш, заявіў, што яго збілі супрацоўнікі міліцыі. Вядома, апошнія прымянілі фізічную сілу, каб уціхамірыць буяна і даставіць у райаддзел. Аднак, ніхто яўных цялесных пашкоджанняў у гэтага жыхара Падбелы не выявіў. У двух жа міліцыянераў, якія яго затрымалі, аказалася не толькі парваным форменнае адзенне, але і выявіліся пасля той сутычкі пабоі. Дарэчы, у судзе падсудны паводзіў сябе развязна, размахваў рукамі, зусім не каяўся ў зробленым.
…Шмат старонак заняў пратакол той судовай справы, бо нямала месца адведзена на паказанні сведкаў. І амаль усе пацвердзілі супрацьпраўныя дзеянні жыхара Падбелы, 1976 г.н., які ўчыніў злачынства, указанае ў арт. 364 Крымінальнага кодэкса РБ (“Насілле або пагроза прымянення насілля ў адносінах работніка міліцыі”). Да таго ж – у нецвярозым стане, што аднесена да абцяжарваючых абставін. А змякчаючым прызнана тое, што на ўтрыманні падсуднага – двое непаўналетніх дзяцей.
Пакаранне вынесена такое: абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады. А яшчэ – выплата кампенсацыі маральнай шкоды двум супрацоўнікам міліцыі – па аднаму мільёну рублёў кожнаму. Таксама вынесена рашэнне аб прымяненні прымусовага лячэння падсуднага ад хранічнага алкагалізму.
Аксана ШКЕЛЬ,
суддзя суда раёна
Это может быть интересно:
-
С ДОСТАВКОЙ НА ДОМ: С 1 ДЕКАБРЯ КНИГИ ИЗ РАЙОННОЙ БИБЛИОТЕКИ ВАМ ПРИВЕЗЕТ АВТОЛАВКА
-
Бизнес-идея высоковчан одержала победу в «Молодой стартап академии»
-
Дети в теме. Школьники из Каменецкого района знают историю родной страны
-
В Турнянском детском саду написали «Письмо о Беларуси»
-
Информационно-образовательная акция прошла в «Каменецком ЖКХ»