Прыём у калектыў па-белавежску

Гавораць, што маладым спецыялістам у нас усюды дарога. І такі давер цалкам акупляе ўсе бяссонныя ночы, праведзеныя былымі студэнтамі над кантрольнымі і курсавымі, але, галоўнае, –  тое хваляванне, з якім выбіралася будучая прафесія. У ААТ «Белавежскі» да любой з іх ставяцца з павагай. Менавіта таму ў чацвер, 4 кастрычніка, тут у Доме культуры прайшла традыцыйная цырымонія ўрачыстага прысвячэння ў маладыя спецыялісты. Сёлета ў “Белавежскі” прыйшлі працаваць дваццаць два спецыялісты, сярод іх – інжынеры, ветэрынарныя ўрачы, бухгалтары, майстры…

Адкрыў вечар генеральны дырэктар акцыянернага таварыства Юрый Мароз. Менавіта па яго ініцыятыве з’явілася такая традыцыя. У сваім звароце да маладых спецыялістаў  Юрый Дзмітрыевіч выказаў надзею, што ў гаспадарцы маладыя людзі стануць сапраўднымі прафесіяналамі, сустрэнуць сваю другую палавінку і створаць сем’і. А для гэтага ў Белавежскім ёсць усе ўмовы.

Старшыня раённага прафсаюзнага камітэта работнікаў АПК Ірына Дуднікава з каштоўнымі падарункамі таксама прыехала павіншаваць маладых спецыялістаў з “выхадам” у самастойны шлях. Акрамя віншаванняў і цёплых слоў, Ірына Уладзіміраўна падахвоціла прысутных да ўдзелу ў конкурсах, у якіх прызамі для пераможцаў сталі зусім не лішнія ў наладжванні быту на новым месцы тостары, кававаркі, прасы і інш.

Вечар праходзіў пад эгідай БРСМ, пры падтрымцы гаспадаркі і прафкама. Чатырнаццаць мінулагодніх маладых спецыялістаў і дваццаць два тых, хто пачаў працаваць сёлета, атрымалі ў падарунак футболкі з лагатыпам «БРСМ. Малады спецыяліст ААТ «Белавежскі».

Забаўляльная праграма з конкурсамі адрознівалася не толькі інтэлектуальнай, але і жартоўнай тэматыкай. Пераможцаў вызначала кампетэнтнае журы: Юрый Мароз, Ірына Дуднікава, карэспандэнт брэсцкага радыё і тэлебачання Таццяна Кольцава, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ «Белавежскі» Ніна Карпук, дырэктар Дома культуры пас. Белавежскі Валянціна Мусіенка.

Дзяўчаты і юнакі мелі магчымасць адгадаць мелодыю, праявіць літаратурныя веды і пачуццё гумару, прадэманстраваць спрытнасць і дызайнерскія здольнасці… Ірынай Дуднікавай быў арганізаваны цікавы конкурс, пераможцамі ў якім сталі самыя маладыя і найстарэйшыя спецыялісты ААТ «Белавежскі».

З песнямі, тостамі і віншаваннямі вечар праляцеў весела і лёгка, а моладзь чакала дыскатэка. У гэты вечар маладыя людзі на другіх паглядзелі і сябе паказалі, набылі не толькі знаёмых, але і сяброў.

Гэтае «баявое хрышчэнне» даказвае важнасць справы, якую робяць тыя, хто толькі ўчора выйшаў з універсітэцкіх сцен ў калектывы вопытных прафесіяналаў. А цёплы прыём напаўняе іх упэўненасцю і імкненнем ісці па шляху выбранай прафесіі.

Анастасія ЯНКІНА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий