Пад такім дэвізам учора, 26 ліпеня, прайшоў Адзіны дзень бяспекі дарожнага руху.
Супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі наведалі працоўныя калектывы, правялі прафілактычныя гутаркі і патлумачылі, да чаго можа прывесці ігнараванне сродкаў пасіўнай бяспекі (рамянёў бяспекі, моташлемаў, дзіцячых утрымліваючых прылад). Дарэчы, утрымацца за рулём пры сутыкненні можна толькі на “чарапашай” хуткасці 5 км/гадзіну. Але ж мы ездзім у горадзе значна хутчэй. На хуткасці 60 км/гадзіну чалавек, вага якога складае 75 кг, пры сутыкненні падвяргаецца нагрузцы ў 3 тоны. Калі ж яно адбылося за горадам пры хуткасці 80 км/гадзіну, дык сіла інэрцыі, якая ўздзейнічае на чалавека, дасягае 9 тон. Гэта верная смерць, як і пры хуткасці 60 км/гадзіну, але толькі ў тым выпадку, калі вадзіцель або пасажыр не прышпілены рамянямі бяспекі.
Цяпер ва ўсіх цывілізаваных краінах свету прымяненне рамянёў бяспекі з’яўляецца абавязковым. Грэбаванне гэтым пагражае вялікім штрафам. У некаторых краінах вадзіцель, які не прышпіліў сябе рамянём бяспекі, у выпадку аварыі не атрымае страхоўку. У нашай рэспубліцы кіраванне транспартным сродкам вадзіцелем, які не прышпілены, як і перавозка пасажыраў без рамянёў, калі канструкцыяй аўто яны прадугледжаны, а таксама кіраванне матацыклам альбо перавозка на ім пасажыраў без моташлемаў ці з непрышпіленымі, цягне папярэджанне або штраф у памеры да 100000 рублёў.
Некаторыя вадзіцелі кажуць, што з прышпіленым рамянём ездзіць нязручна, ён абмяжоўвае рухі, пры аварыі не паспееш выскачыць з машыны і можаш згарэць. Рэзон у гэтых разважаннях толькі адзін: рамень сапраўды нязручны, калі цягнуцца ў бардачок ці спрабаваць адчыніць правую заднюю дзверку. Але ж можна спыніцца, адшпіліцца, адчыніць дзверку і зноў прышпіліцца.
Што датычыць апаскі згарэць у машыне, дык гэта наіўна. Калі яна загараецца? Пры моцным сутыкненні, у час сур’ёзнай аварыі. Без рамяня бяспекі вадзіцель звычайна гіне, а прышпілены – застаецца жывым. У яго ёсць яшчэ некалькі секунд, каб адшпіліцца і выбрацца з аўто. Даследаванні ў лабараторыях буйных сусветных вытворцаў аўтамабіляў паказалі што пры лабавых сутыкненнях многім вадзіцелям і пасажырам даводзілася пакідаць машыну не па сваёй волі – іх проста выкідвала з яе праз лабавое шкло. Пры бакавым перакульванні аўтамабіля вадзіцель альбо пасажыры, не прышпіленыя рамянямі бяспекі, вылятаюць і трапляюць пад транспартны сродак, у выніку гінуць. Так адбылося і каля Каленкавіч, калі на гравійнай дарозе жыхарка Каменца на Мерседэсе няправільна выбрала хуткасць, пры перакульванні машыны вылецела на праезную частку і пасля ўдара аўто па галаве загінула. Пасажыр, што знаходзіўся ў гэтай машыне, раненняў не атрымаў. Аналагічны выпадак здарыўся і каля Воўчына. Вадзіцель, які не быў прышпілены рамянём бяспекі, вылецеў з машыны і загінуў, а прышпілены на пярэднім сядзенні пасажыр не пацярпеў. Каля Сушак вадзіцель, прышпілены, няправільна выбраў хуткасць, пры перакульванні аўтамабіля застаўся ў салоне і не атрымаў якіх-небудзь раненняў, а непрышпілены пасажыр вылецеў з салона, з-за цялесных пашкоджанняў, несумяшчальных з жыццём, загінуў. Такіх прыкладаў можна прывесці шмат.
У сучасных аўтамабілях рамяні ўстанаўліваюцца не толькі на пярэдніх, але і на задніх сядзеннях. Ды і канструкцыі іх значна змяніліся. Сёння ўжо амаль не сустрэнеш рамянёў, якія даводзіцца падганяць уручную. Гэта самарэгулюючыя прылады, якія даюць седаку поўную волю рухам і, у той жа час, надзейна фіксуюць цела ў момант сутыкнення.
Закрану тэму перавозкі дзяцей. У Правілах дарожнага руху існуе патрабаванне: перавозка дзяцей да 12 год на пярэднім сядзенні легкавога аўтамабіля – толькі з выкарыстаннем спецыяльнай утрымліваючай прылады (сядзення). Пры выбары такога аўтакрэсла трэба ўлічваць яго канструкцыю, адпаведнасць агульнаеўрапейскаму стандарту бяспекі (пра гэта сведчыць значок “ЕСЕ-R44/03” або “ЕСЕ-R44/04”), узрост і вагу дзіцяці. Існуе некалькі груп сядзенняў: ад нараджэння малога да 12 год. Крэсла можа быць устаноўлена на заднім або на пярэднім пасажырскіх сядзеннях. Між тым, практыка паказвае, што вадзіцелі ігнаруюць дзеючыя патрабаванні да перавозкі дзяцей-пасажыраў і мала клапоцяцца пра дадатковыя сродкі іх абароны. І няхай крэсла або рамень бяспекі – пасіўныя сродкі, але іх ролю ні ў якім разе нельга адмаўляць. Неабходнасць абумоўлена тым, што пры рэзкім тармажэнні і сутыкненні нават на хуткасці 50 км/гадзіну вага пасажыра, у тым ліку з дзіцем на руках, павялічваецца ў некалькі дзясяткаў разоў. Калі малое важыць 10 кг, дык у момант сутыкнення транспартнага сродку яно будзе важыць ужо каля 300 кг. Утрымаць яго рукамі ад рэзкага ўдару аб пярэдняе крэсла або ветравое шкло практычна немагчыма. Акрамя таго, у гэтым выпадку непрышпілены дарослы пасажыр, які трымае дзіця на руках, можа проста раздушыць яго сваёй вагой.
Памятайце! Перавозка дзяцей дапускаецца пры ўмове іх бяспекі ( з улікам канструкцыі транспартнага сродку) такім чынам, каб у выпадку рэзкага тармажэння, сутыкнення або перакульвання аўтамабіля была выключана або зменшана небяспека траўміравання малых. А гэта магчыма толькі пры прымяненні спецыяльных утрымліваючых прылад. Дзяржаўтаінспекцыя таксама заклікае бацькоў не дапускаць, каб дзеці стаялі ў салоне аўтамабіля падчас язды. Каб знізіць цяжкасць вынікаў у выпадку ДТЗ, патрабуецца зусім нямнога – захоўваць правілы перавозкі пасажыраў.
І яшчэ. Бацькі купляюць малалеткам веласіпеды, але забываюць пра неабходныя сродкі абароны. Пры падзенні з такога транспарту дзеці атрымліваюць траўмы, у тым ліку галавы. Каб пазбегнуць гэтага, разам з веласіпедам купляйце і шлем. У еўрапейскіх краінах за яго адсутнасць на галаве падчас язды прадугледжана пакаранне. У хуткім часе і ў нашай рэспубліцы будуць унесены змяненні ў Правілы дарожнага руху ў гэтым пытанні, бо пачасціліся выпадкі ДТЗ з веласіпедыстамі, у выніку якіх у людзей здараюцца сур’ёзныя траўмы.
Асобна спынюся на выкарыстанні ахоўных моташлемаў матацыклістамі і скутарыстамі. Пры дарожна-транспартным здарэнні з удзелам гэтай катэгорыі вадзіцеляў без шлемаў выжыць не ўяўляецца магчымым. Аб чым сведчыць і ДТЗ, якое адбылося 12 чэрвеня гэтага года ў Вярхах. Матацыкліст без шлема ехаў па другаснай аўтадарозе, не саступіў яе вадзіцелю аўтамабіля, што рухаўся па галоўнай. Пры сутыкненні атрымаў раненні галавы, трапіў у рэанімацыйнае аддзяленне райбальніцы.
Толькі няўхільнае захоўванне патрабаванняў Правілаў дапаможа пазбегнуць непрыемнасцей на дарозе, а выкарыстанне сродкаў пасіўнай бяспекі – зменшыць рызыку атрымання раненняў пры ДТЗ. Памятайце аб гэтым.
Сяргей ГРЭЦКІ,
начальнік РАУС.
Это может быть интересно:
-
С 27 ноября по 5 декабря ГАИ Каменетчины контролировало готовность водителей к зимнему сезону
-
Посол Казахстана посетил «Беловежские сыры»: перспективы сотрудничества определены
-
Фоторепортаж. 50-летний юбилей отпраздновала средняя школа N2 г.Каменца имени А.И. Самуйлика
-
Новые павильоны для междугородних автобусов появятся в райцентре
-
График плановых отключений электроэнергии в Каменецком районе