Аддзел ЗАГС райвыканкама 18 снежня адзначыць 95-годдзе. У гэты дзень у далёкім 1917-м быў падпісаны Дэкрэт “Аб грамадзянскім шлюбе, аб дзецях і аб вядзенні кніг актаў стану”. Упершыню пры раённых і гарадскіх управах былі створаны аддзелы ЗАГСа. У іх належала рэгістраваць шлюбы, а таксама нараджэнні і выпадкі смерці. Таму ў адпаведнасці з Дэкрэтам аб аддзяленні царквы ад дзяржавы і школы ім былі перададзены ўсе метрычныя (царкоўныя) кнігі. У 1918 годзе быў прыняты першы Кодэкс Законаў аб актах грамадзянскага стану, шлюбным, сямейным і апякунскім праве, вызначыўшы асноўныя функцыі органаў ЗАГСа і парадак яго дзейнасці.
Цяпер зноў вянчаюцца ў царкве, хрысцяць дзяцей, адпяваюць нябожчыкаў – вярнулася прымусова забытае старое. Аднак роля ЗАГСа, вызначаная ў той рэвалюцыйны год, застаецца непахіснай: забеспячэнне законнасці, ахова і абарона законных правоў грамадзян, а таксама дзяржаўных інтарэсаў. Менавіта пра гэта размаўляем з начальнікам Камянецкага аддзела ЗАГСа Т. М. Падлескай.
– Тамара Максімаўна, з ЗАГСам у людзей звязаны перш за ўсё прыемныя асацыяцыі. Тут урачыста рэгіструюцца шлюбы, нараджэнні дзяцей…
– Рэгіструюцца ў нас не толькі радасці, але і беды – смерці, цяжкія акты. Усё, як ў жыцці, – і смех, і гора, і любоў… Акрамя таго, праз ЗАГС праходзіць устанаўленне бацькоўства, перамена прозвішча, уласнага імя, імя па бацьку, унясенне выпраўленняў, дапаўненняў, змяненняў у запісы актаў грамадзянскага стану. ЗАГС займаецца аднаўленнем такіх запісаў. Калі, напрыклад, чалавеку праз дзясятак гадоў спатрэбіцца даведка аб рэгістрацыі шлюбу ці нараджэння сваіх родных, можна звяртацца да нас – дапаможам…
– Наколькі вядома, з 24 ліпеня гэтага года ўступілі ў сілу змены ў Кодэкс аб шлюбе і сям’і…
– Так, навацый шмат. Яны датычаць тэрмінаў рэгістрацыі шлюбу (замест мінімальных 15 дзён цяпер тры дні; калі ёсць даведка аб цяжарнасці, – шлюб можна заключыць у дзень падачы заявы; не ўлічваецца і прапіска, падаць заяву на рэгістрацыю шлюбу можна ў любым ЗАГСе). З 1 студзеня 2013 года скасаваць шлюб можна будзе і ў судзе, і ў ЗАГСе: калі паміж мужам і жонкай няма ніякіх спрэчак аб падзеле маёмасці і няма непаўналетніх дзяцей, пасля падачы заявы праз адзін месяц шлюб будзе скасаваны. Новыя артыкулы Кодэкса надзялілі вялікімі правамі дзяцей, цяпер іх меркаванне будзе ўлічвацца ў многіх няпростых сітуацыях. Ёсць змяненні, якія закранулі месца рэгістрацыі смерці і выдачы пасведчання. У дакуменце прапісана і шмат іншага. У канкрэтных выпадках тлумачым гэта наведвальнікам.
– Работа супрацоўнікаў ЗАГСа цесна звязана з людзьмі. Дагадзіць кожнаму няпроста. Як спраўляецеся?
– Мне нямала дапамагае, напэўна, набыты за 24 гады работы ў ЗАГСе вопыт. А яшчэ – галоўны спецыяліст аддзела Іна Аляксандраўна Кавальчук (яна адказвае за справаводства) – чалавек шчыры, добразычлівы, ініцыятыўны. Спраўляемся! Калі шмат людзей прыходзіць, вядзем прыём на два кабінеты. А пытанні вырашаем розныя: па пошуку ў архіве дакументаў і выдачы даведак, унясенні паправак… Заўважце: любое змяненне ў заканадаўстве патрабуе выпраўлення ў дакументацыі…
– Камянецкі ЗАГС з’яўляецца своеасаблівай школай для кіраўнікоў спраў у сельскіх Саветах. Чаму іх вучыце?
– У сельскіх Саветах рэгіструюць шлюбы, народзіны, устанаўліваюць бацькоўства, праводзяць іншыя мерапрыемствы. Мы аказваем усемагчымую метадычную дапамогу, праводзім нарады, звязаныя са змяненнямі ў актах грамадзянскага стану, вучобу з маладымі кадрамі. Арганізуем праверкі на месцах. Зазначу, што ў адносінах адміністрацыйных працэдур кіраўнікі спраў сельскіх Саветаў працуюць добра.
– Скажыце, ці адметны Камянецкі ЗАГС у вобласці?
– Мы сваёй маркі стараемся не губляць. ЗАГС знаходзіцца ў падпарадкаванні Галоўнага ўпраўлення юстыцыі аблвыканкама і раённага выканаўчага камітэта. Неаднаразова за добрасумленную працу ў органах юстыцыі РБ начальніка ўзнагароджвалі ганаровымі граматамі гэтых ведамстваў. Пяць гадоў назад праведзена рэканструкцыя будынка, куплены новая мэбля, прыгожыя люстры і бра. Імкнемся стварыць у памяшканні ўтульнасць і гасціннасць.
– Сапраўды, у вас выдатная зала для рэгістрацыі шлюбаў, ёсць усё неабходнае. Чым парадавалі сёлета, ці маеце новыя праграмы абрадаў?
– Элемент навізны ў рэгістрацыі ёсць. Выязджалі тры разы на месца правядзення вяселляў – у Камянюкі, Баранкі, “Фішку”. Плануем запрасіць на ўрачыстыя рэгістрацыі шлюбаў танцавальны калектыў “Капрыз” Камянецкага ГДК. Бо гэта такое мерапрыемства, якое павінна запомніцца на ўсё жыццё. Мы стараемся правесці яго сапраўды ўрачыста і хвалююча. І сельскім Саветам пра гэта напамінаем. Дарэчы, у Каменцы сёлета ўжо зарэгістраваны 151 шлюб, усяго ў раёне – 234.
– Тамара Максімаўна, у сувязі з юбілеем прынята выказваць пажаданні…
– Супрацоўнікі ЗАГСа жадаюць, каб да іх людзі часцей прыходзілі з радасцю і шчасцем. А іншае ўсё – само наладзіцца.
Вера ІВАНЮКОВІЧ.
Фота Міколы Шума.
Это может быть интересно:
-
17 сентября, в День народного единства, нотариусы Брестчины будут консультировать бесплатно
-
Кибершпионские группы и сообщества хактивистов. Кто несет угрозу учреждениям и предприятиям Беларуси
-
Белстат проведет масштабный опрос населения в Беларуси этой осенью
-
Важные изменения для белорусов в сентябре: зарплаты, базовая ставка и новый учебный год
-
Охрана природы, таможенное дело, образование: на портале «Е-Паслуга» в этом году появилось 70 новых услуг