Кажуць, што радасць, падзеленая на дваіх, становіцца ўдвая большай. Праверыць на практыцы гэтую мудрую думку змаглі госці, якія завіталі вечарам 19 красавіка ў актавую залу Белавежскай СШ на свята, арганізаванае ўзорным фальклорным аб’яднаннем “Белавежская цявінка” па блаславенні настаяцеля Белавежскага храма святых пакутніц Веры, Надзеі, Любові і маці іх Софіі айца Ігара Аліферчыка.
“Дзякуй вам за тое, што згадзіліся раздзяліць з намі радасць Хрыстова Уваскрэсення!” Такімі былі першыя словы, з якімі звярнулася да гледачоў кіраўнік фальклорнага аб’яднання Ала Карпава. Яна і айцец Ігар шчыра павіншавалі ўсіх з цудоўным вясновым святам, а потым перадалі слова маленькім артыстам. Дзяўчынкі-кветачкі выразна чыталі вершы, спявалі велікодныя песні, а старэйшыя сябры ахвотна расказвалі ім пра Іісуса Хрыста і яго Уваскрэсенне. Той добра вядомы кожнаму аповяд з заміраннем сэрца слухалі ўсе.
А пасля надышоў час вясёлых танцаў: “Кракавяк”, “Полька-бабачка”, “Базар”… Ала Карпава разам з мужам і дачкой выканалі акапэла песню на мясцовай гаворцы, якую з асаблівым хваляваннем слухала ганаровая госця свята Софія Аляксандраўна Панасюк з Мінкавічаў (ад яе “Белавежская цявінка” пераняла большую частку свайго рэпертуару).
Не абышлося, безумоўна, і без жартоўных вершаў, без традыцыйных гульняў у біткі і скочвання фарбаваных яек з дошачкі. А на завяршэнне свята юныя артысты ўзгадалі пра тое, што чацвер на паслявелікодным тыдні называюць у народзе “бабскім вялікаднем” і падчас яго прынята аблівацца вадою. Здагадайцеся, што чакала гледачоў у наступнае імгненне…
Усе дзеткі атрымалі ад айца Ігара невялікія абразкі і салодкія падарункі ў знак удзячнасці за падоранае свята і за тое яшчэ, што прыйшла нарэшце велікодная вясна.
Настасся НАРЭЙКА.
Фота Міколы ШУМА.
Это может быть интересно:
-
С 1 июля 2025 года в Беларуси изменяется порядок выплаты пенсий и пособий через банки
-
Депутат и учитель истории приняли участие в создании книги «Неизвестные страницы войны»
-
Третья мировая. ФК «Нива» упускает победу над «Осиповичами»
-
С заботой о старших: пасхальное тепло в больнице сестринского ухода в Ставах
-
Чистота и забота о родном крае: субботники Каменетчины продолжаются