Профилактика плюс контроль

Работа ДАІ цесна пераплецена з работай міліцыі і тых дзяржаўных структур, чыя дзейнасць накіравана на забеспячэнне бяспекі дарожнага руху і папярэджанне гібелі людзей у ДТЗ.
Рост дарожна-транспартных здарэнняў, звязаны з рэзкім павелічэннем аўтапарка краіны, выклікаў неабходнасць стварэння ў міліцыі спецыялізаванай службы па рэгуляванні дарожнага руху. Так, 3 ліпеня 1936 года Савет Народных Камісараў СССР зацвердзіў Палажэнне аб Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі. Утварэнне і станаўленне службы ДАІ ў нашай вобласці мела свае асаблівасці. Пасля вызвалення 17 верасня 1939 года часцямі Чырвонай Арміі Заходняй Беларусі і ўз’яднання яе з БССР пачалася актыўная работа па стварэнні органаў кіравання і міліцыі. Але фарміраванню службы ДАІ перашкодзіла Вялікая Айчынная вайна. Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў пачала наладжвацца і дзейнасць праваахоўных органаў.
Сёння дзяржаўтаінспекцыя ўяўляе сабою разгалінаваную складаную структуру, у задачы якой ўваходзяць: агітацыя і прапаганда бяспекі руху, дарожнае патруляванне, тэхнічны нагляд, улік і аналіз ДТЗ, рэгістрацыйна-экзаменацыйная дзейнасць. Асноўныя намаганні на ўсіх гэтых напрамках сканцэнтраваны на эфектыўным вырашэнні галоўнай задачы – прафілактыкі ДТЗ і зніжэння цяжкасці іх вынікаў.
У аддзяленні ДАІ Камянецкага РАУС служаць 9 чалавек. Калектыў узначальвае маёр міліцыі Яўгеній Пісарчук. Аналіз і прапаганда бяспекі дарожнага руху, тэхнічны нагляд і аналіз ДТЗ, праверка прадпрыемстваў і арганізацый па выкананні мерапрыемстваў па бяспецы руху ўскладзены на старшага дзяржаўтаінспектара, капітана міліцыі Аляксандра Герасімука. За рэгістрацыю адміністрацыйных правапарушэнняў, увядзенне ў базу даных правапарушэнняў у сферы бяспекі дарожнага руху, падрыхтоўку адміністрацыйных матэрыялаў, выдачу даведак і вяртанне вадзіцельскіх пасведчанняў, выкананне спагнанняў за парушэнні Правілаў руху адказвае інспектар па адміністрацыйнай практыцы, радавы міліцыі Наталля Панасюк. Кантроль за захаваннем патрабаванняў Правілаў руху, разбіральніцтвы па ДТЗ, прафілактычную работу ў працоўных калектывах і ўстановах адукацыі праводзяць інспектары дарожна-патрульнай службы. Іх у аддзяленні 5 – капітаны міліцыі Аляксандр Чугуноў, Юрый Кучынскі, Алег Кендыш, старшыя лейтэнанты міліцыі Сяргей Рошчанка і Генадзь Ваўранюк.
Напярэдадні прафесійнага свята жадаю ўсім супрацоўнікам і ветэранам службы, іх родным і блізкім упэўненасці ў неабходнасці і карыснасці справы, якой работнікі дзяржаўтаінспекцыі аддаюць свае веды, вопыт і ўменне. Добрага ўсім здароўя, асабістага шчасця, цяпла, дабра, удачы, цудоўнага настрою і толькі пераможнага завяршэння спраў. Спадзяюся, што ўзаемаразуменне і павага стануць галоўнымі складаемымі адносін паміж удзельнікамі дарожнага руху і супрацоўнікамі ДАІ. У нашых сілах зрабіць дарогі бяспечнымі.

Сяргей ГРЭЦКІ,часова выконваючы пасаду
начальніка Камянецкага РАУС, падпалкоўнік міліцыі
Фота Міколы ШУМА

За абмеркаваннем надзённых задач супрацоўнікі аддзялення ДАІ – Генадзь Ваўранюк, Алег Кендыш, Юрый Кучынскі, Яўгеній Пісарчук, Аляксандр Герасімук, Сяргей Рошчанка, Наталля Панасюк.

Добавить комментарий