З Аляксеем Грыцуком, які працуе механізатарам у адкрытым акцыянерным таварыстве “Александрыя-Агра”, неаднаразова сутыкалася на палях гаспадаркі. Падчас апошняй паездкі выпадкова сустрэлася з ім зноў. Потым даведалася, што Аляксей Алегавіч – добры і адказны працаўнік, які не баіцца ніякай работы. Таму сённяшні сюжэт – аб ім.
Аляксей нарадзіўся ў нашым раёне, у вёсцы Світычы ў 1972 годзе ў сям’і трактарыста і цялятніцы. Быў адным з шасцярых дзяцей, якія змалку ніколі не адмаўляліся ад работы. Так, часта Алёшу можна было ўбачыць у кабіне бацькавага трактара ці на цялятніку, дзе дапамагаў матулі, ды і на агародзе прапалоць градку-другую не ленаваўся. Летам была іншая работа: падлеткам працаваў на зернятоку. Такім чынам, і кішэнныя грошы зарабляў сам, і вучыўся адказнасці (сумяшчаў прыемнае з карысным)…
Пасля заканчэння 8 класаў Агародніцкай школы пайшоў вучыцца ў Высокаўскае вучылішча, дзе атрымаў прафесіі слесара шырокага профілю і механізатара.
А далей была служба ў пагранвойсках. Малады чалавек служыў на мяжы паміж Туркменістанам і Афганістанам. Так прайшлі два гады, пасля чаго Аляксей вярнуўся ў бацькоўскі дом у Агародніках. Было гэта ў 1992-м. Адразу ўладкаваўся на працу механізатарам у тагачасны калгас “Дружба”…
Цяперашні МТЗ-892 – гэта ўжо пяты трактар, на якім шчыруе мужчына. І дзе яго жалезнага каня толькі ні ўбачыш: і на сяўбе зерневых, і на пасадцы і капанні бульбы. Акрамя таго, летам Аляксей Алегавіч перасядае з трактара на камбайн. Таму ў гэтую пару года яго разам з памочнікам можна знайсці на ўборцы зерневых і зернебабовых… Так што сям’я рэдка бачыць свайго любага мужа і тату дома.
А гісторыя кахання Аляксея Алегавіча і яго будучай жонкі пачыналася так: неяк заехаў ён у пасёлак Белавежскі, дзе сустрэў сваю другую палавінку – дзяўчыну Алу, якая разам з братам прыехала з далёкай Малдавіі на заробкі (дарэчы, як прызнаўся сам герой, – у Алу Дзмітрыеўну закахаўся з першага погляду). Такім чынам Беларусь для прыезджай малдаванкі стала роднай, бо ў 2001 годзе маладыя людзі пабраліся. Спачатку жылі з бацькамі мужа, потым здымалі кватэру. Зараз жа яны гаспадараць у калгасным доме. У сям’і падрастае 5-гадовы сынок Максім. На новым месцы абжыліся хутка, завялі гаспадарку.
Усё падабаецца Аляксею Грыцуку ў рабоце і сямейным жыцці, вось толькі засмучае тое, што вельмі мала вольнага часу для таго, каб пабыць з роднымі. Але, нягледзячы на гэта, мужчына знаходзіць гадзіну-другую для таго, каб схадзіць на рыбалку, якая з’яўляецца яго хобі з дзяцінства. Працоўны адпачынак выпадае выключна зімой, калі ў полі няма работы…
Мара Аляксея Грыцука – мець уласны дом, дзе б заўсёды гучаў шчаслівы смех яго любімых і родных.
Наталля ГРЫЦУК.
Фота аўтара.
Это может быть интересно:
-
ОБЗОР МАТЧА «АГРО-ПЕЛИЩЕ» – «БЛЭКУЭЛ»: ЗЕМЛЯКИ ЗАБИРАЮТ ПЕРВЫЕ ОЧКИ МИНИ-ФУТБОЛЬНОГО ТУРНИРА
-
Юные художники Каменетчины награждены по итогам районного смотра-конкурса «Остановим ВИЧ вместе!»
-
С 27 ноября по 5 декабря ГАИ Каменетчины контролировало готовность водителей к зимнему сезону
-
Посол Казахстана посетил «Беловежские сыры»: перспективы сотрудничества определены
-
Новые павильоны для междугородних автобусов появятся в райцентре