Предмет инвестиций – образование, медицина, спорт

Прэзідэнт Беларусі зацвердзіў Дзяржаўную інвестыцыйную праграму на 2012 год. На яе рэалізацыю выдзяляецца 3568,7 млрд. рублёў, у тым ліку 3560,2 млрд. – з рэспубліканскага бюджэту (з іх 74,6 млрд. – з рэзервовага фонду Прэзідэнта Беларусі і 706 млрд. – з дзяржаўнага мэтавага бюджэтнага фонду нацыянальнага развіцця).
Дзяржаўная інвестыцыйная праграма – праграма будаўніцтва аб’ектаў сацыяльнай сферы (аховы здароўя, адукацыі, фізічнай культуры і спорту, навукі і іншых), якія не маюць альтэрнатыўных крыніц фінансавання, акрамя бюджэтных. Традыцыйна праграма ажыццяўляецца за кошт сродкаў кансалідаванага бюджэту, як рэспубліканскага, так і мясцовага, і за кошт фондаў. Так, у 2012 годзе сродкі рэзервовага фонду Прэзідэнта будуць накіраваны на рэканструкцыю з частковай рэстаўрацыяй будынка Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я.Купалы. Рэканструкцыя прадугледжвае вяртанне будынку яго гістарычнага выгляду (якое ён меў да рэстаўрацыі ў 50-я гады мінулага стагоддзя) і аснашчэнне сучасным абсталяваннем. Сродкі дзяржаўнага мэтавага бюджэтнага фонду нацыянальнага развіцця будуць накіраваны на будаўніцтва (рэканструкцыю) аб’ектаў кінастудыі «Беларусьфільм», комплексу «Студэнцкая вёска» і атамнай электрастанцыі, а таксама на будаўніцтва аўтамабільных дарог вакол Мінска і Гродна, Нацыянальнага парку «Белавежская пушча» і іншых дарог.
У адпаведнасці з планам развіцця комплексу «Студэнцкая вёска» ў Мінску прадугледжана пабудаваць 8 інтэрнатаў: адзін – на 1030 месцаў, тры – на 945, тры – на 1025 і адзін – на 1800. На тэрыторыі комплексу плануецца адкрыць многафункцыянальны культурна-забаўляльны цэнтр, гасцініцу на 150 месцаў, падземныя аўтастаянкі на 300 машын, аддзяленні банка, пункты бытавога абслугоўвання, паліклінікі, фізкультурна-аздараўленчы комплекс, гаспадарчы блок, амфітэатр і іншыя аб’екты. Рэалізацыя праграмы дасць магчымасць у 2012 годзе забяспечыць увод у эксплуатацыю не толькі інтэрнатаў у Студэнцкай вёсцы, але і корпуса факультэта міжнародных адносін БДУ, Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна, Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі ў г.Горкi, вучэбна-навукова-вытворчай малочнатаварнай фермы Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, Духоўна-адукацыйнага цэнтра Беларускай праваслаўнай царквы ў Мінску, агульнаадукацыйнай школы ў Мазыры, навучальна-педагагічнага комплексу ў вёсцы Бараўляны Мінскага раёна. Бюджэтныя сродкі будуць накіраваны на рэканструкцыю аб’ектаў БНТУ, БДУ, БДСГА, БАТУ, рэспубліканскага піянерскага лагера «Зубраня», будаўніцтва вучэбна-жыллёвага комплексу на 800 месцаў на тэрыторыі Ваеннай акадэміі Беларусі для замежных ваеннаслужачых.
У 2012 годзе працягнецца будаўніцтва лячэбнага корпуса – радзільнага дома і хірургічнага аддзялення – ў Полацку, будзе завершана рэканструкцыя будынка хірургічнага корпуса Галоўнага ваеннага клінічнага медыцынскага цэнтра ў Мінску, хірургічнага корпуса раённай бальніцы ў г.Горкi. Маштабная рэканструкцыя чакае ў 2012 годзе рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр «Маці і дзіця». Мадэрнізацыя закране ў першую чаргу лячэбныя карпусы цэнтра, перш за ўсё аддзяленне анестэзіялогіі-рэанімацыі з палатамі інтэнсіўнай тэрапіі для нованароджаных. Пасля рэканструкцыі ў РНПЦ будзе магчымасць праводзіць малыя кардыяхірургічныя і нейрахірургічныя аперацыі.
Развіццё спорту вышэйшых дасягненняў і падрыхтоўка спартыўнага рэзерву пастаянна знаходзяцца ў цэнтры ўвагі дзяржавы. У Раўбічах, Стайках, Ратамцы трэніруюцца спартсмены Беларусі і іншых краін, тут праходзяць спаборніцтвы сусветнага ўзроўню, таму на працягу апошніх гадоў пастаянна развіваецца інфраструктура алімпійскіх спартыўных комплексаў міжнароднага ўзроўню. Выкананне інвестыцыйнай праграмы 2012 года прадугледжвае ўвод крытага манежа з канюшняй у Ратамцы, завяршэнне рэканструкцыі аб’ектаў АСК «Стайкі» і Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту «Раўбічы», а таксама іншых спартыўных аб’ектаў – Рэспубліканскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву ў Мінску, палаца гульнявых відаў спорту ў Полацку, лядовага палаца КСУП «Хакейны клуб «Хімік» Наваполацка», басейна Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, лядовай арэны ў Горках.
Сродкі дзяржаўнага мэтавага бюджэтнага фонду нацыянальнага развіцця выдзяляюцца на будаўніцтва жылля, у тым ліку інтэрнатаў у Шклове для рабочых і спецыялістаў ААТ «Папяровая фабрыка «Спартак», для маладых вучоных і аспірантаў у пас.Самахвалавічы Мінскага раёна, у Жодзіне, Івацэвічах, іншых гарадах рэспублікі. Вялікая ўвага ў інвестыцыйнай праграме ўдзелена будаўніцтву мастоў і аўтамабільных дарог.
У адпаведнасці з дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмай будзе прадоўжана рэканструкцыя замкавага комплексу ў г.п.Мір, рэканструкцыя з рэстаўрацыяй Спаса-Праабражэнскай царквы ў Полацку, сядзібы Агінскага ў вёсцы Залессе Смаргонскага раёна, касцёла Божага цела ў Нясвіжы, Свята-Васкрасенскага сабора ў Барысаве. Плануецца завяршыць рэканструкцыю збудаванняў Каралеўскага канала, рэстаўрацыю з аднаўленнем храма Збавіцеля Мікалая Цудатворца ў вёсцы Станькава Дзяржынскага раёна, першую чаргу рэстаўрацыі Косаўскага палацава-паркавага ансамбля, аб’ектаў Цэнтральнага батанічнага саду Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і іншых аб’ектаў.
«Увогуле па праграме гэтага года будзе ажыццяўляцца будаўніцтва 303-х аб’ектаў, з іх 267 – аб’екты з мінулага года, і 36 – новыя: якія неабходна пабудаваць да чэмпіянату свету па хакею-2014», – паведаміў начальнік упраўлення прагназавання і аналізу інвестыцыйнай дзейнасці Міністэрства эканомікі Беларусі Сяргей Трафімовіч. У 2012 годзе фінансаванне ў асноўным накіроўваецца на ўводзімыя аб’екты, іх будзе 117. Галоўная задача на бягучы год – увесці аб’екты, па якіх ужо асвоены значныя сродкі, ёсць добры зачын. Прадстаўнік Мінэканомікі адзначыў, што з 36 новых аб’ектаў у 2012 годзе плануецца ўвесці 24.

Па матэрыялах БелТА

Добавить комментарий