Пра рамяні, шлемы і дзіцячыя сядзенні

27 ліпеня праводзіўся Адзіны дзень бяспекі дарожнага руху пад дэвізам “Прышпіліся да бяспекі!” У гэты дзень супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі правялі прафілактычныя гутаркі ў працоўных калектывах і растлумачылі асноўныя прычыны ДТЗ, а таксама неабходнасць выкарыстання рамянёў бяспекі і дзіцячых утрымліваючых прыстасаванняў.

Утрымацца за рулём пры сутыкненні можна толькі на хуткасці чарапахі ў 5 км/гадз. Але ж мы ездзім па горадзе значна хутчэй. На хуткасці 60 км/гадз. чалавек, вага якога складае 75 кг, пры сутыкненні падвяргаецца нагрузцы ў 3 тоны. Калі сутыкненне адбылося за горадам пры хуткасці 80 км/гадз., то сіла інэрцыі, якая ўздзейнічае на чалавека, дасягае 9 тон. Гэта верная смерць, як, прынамсі, і пры хуткасці 60 км/гадз. Але толькі ў тым выпадку, калі вадзіцель ці пасажыр не прышпілены рамянямі бяспекі.

У нашай рэспубліцы кіраванне транспартным сродкам вадзіцелем, які не прышпілены рамянём бяспекі, перавозка пасажыраў, таксама непрышпіленых, калі канструкцыяй транспартнага сродка прадугледжаны рамяні бяспекі для іх, а таксама кіраванне матацыклам ці мапедам ці перавозка на ім пасажыраў без моташлемаў ці з незашпіленымі моташлемамі цягнуць за сабой папярэджанне ці накладанне штрафу ў 100 тысяч рублёў. Калі на працягу года такое парушэнне Правілаў дарожнага руху здзейснена паўторна, то штраф складае ад 200 да 500 тысяч рублёў.

Некаторыя вадзіцелі гавораць, што з прышпіленым рамянём ездзіць нязручна, ён нібыта перашкаджае рухацца, пры аварыі не паспееш выскачыць з машыны і згарыш. Праўда ў такіх разважаннях толькі адна: рэмень перашкаджае рухацца, калі цягнуцца ў бардачок ці спрабаваць адчыніць заднія дзверы. Але ж можна спыніцца, адшпіліцца, адчыніць іх і зноў прышпіліцца.

Наконт страху згарэць у машыне, то гэта наіўна. Яна загараецца толькі пры моцным сутыкненні, падчас сур’ёзнай аварыі. Без рэменя бяспекі вадзіцель звычайна гіне, а прышпілены застаецца жыць. Даследаванні, праведзеныя ў лабараторыях буйных сусветных вытворцаў аўтамабіляў, паказалі, што пры лабавых сутыкненнях многім вадзіцелям і пасажырам прыходзілася пакідаць машыну не па сваёй волі – іх проста выкідвала з яе праз лабавое шкло. Пры бакавым перакульванні аўтамабіля непрышпіленыя вадзіцель і пасажыры вылятаюць з яго, трапляюць пад транспартны сродак, які круціцца, і гінуць. Так адбылося 17 красавіка сёлета каля 21.45 на 6-м кіламетры аўтадарогі Бярозаўка-Сушкі-Ясінаўка, дзе жыхар пасёлка Белавежскі, 1987 г. н., кіруючы ў стане алкагольнага ап’янення аўтамабілем Фольксваген-Пасат, не выбраў бяспечную хуткасць руху, не справіўся з кіраваннем, што прывяло да перакульвання аўтамабіля. У выніку ДТЗ жыхар г.Рэчыца Гомельскай вобласці,1972 г. н., які знаходзіўся ў салоне ў якасці пасажыра, вылецеў з аўтамабіля і атрымаў раненні, ад якіх памёр на месцы здарэння. Як потым было ўстаноўлена, вадзіцель быў прышпілены рамянём бяспекі, а пасажыр – не.

Нельга не нагадаць і пра тое, што пры дарожна-транспартным здарэнні з удзелам матацыкліста ці скутарыста без моташлема выжыць вадзіцелю практычна немагчыма. Гэта паказала і ДТЗ, якое адбылося 3 ліпеня сёлета на 42-м кіламетры аўтадарогі Брэст-Каменец-НП “Белавежская пушча”. Вадзіцель матацыкла “ЛОНКІН”, жыхар г.Каменец, 1963 г. н., не выбраў бяспечную хуткасць руху, не справіўся з кіраваннем, у выніку чаго матацыкл перакуліўся. Вадзіцель быў дастаўлены ў рэанімацыйнае аддзяленне Брэсцкай абласной бальніцы на лячэнне. Падчас праверкі ўстаноўлена, што матацыкліст ехаў без шлема.

Варта ведаць таксама, што згодна з Правіламі дарожнага руху забаронена перавозіць дзяцей да 12 гадоў на пярэднім пасажырскім сядзенні легкавога аўтамабіля пры адсутнасці спецыяльнага дзіцячага ўтрымліваючага сядзення, а таксама на заднім сядзенні матацыкла і мапеда. Пры парушэнні дадзенага правіла наступае адміністрацыйная адказнасць: папярэджанне ці штраф да 400 тысяч рублёў.

Толькі выкананне Правілаў дарожнага руху зможа зрабіць ваша жыццё бяспечным.

Аляксандр ГЕРАСІМУК,

старшы дзяржаўтаінспектар аддзялення ДАІ.

Добавить комментарий