Пра прыгажосць, кулінарыю і ідэал

P1034077Бібліятэкара Кацю Семянюк мы сфатаграфавалі з навагоднім ёлачным шарыкам у руках, бо дзіцячай верай ў цуды так і свецяцца яе вочы.

Жыццё склалася так, што дзяўчына, настаўніца беларускай мовы і літаратуры па адукацыі, стала працаваць у Камянецкай раённай дзіцячай бібліятэцы. Перад вачамі заўсёды быў прыклад мамы, які лепш за словы і запэўніванні вучыў любіць гэтую цікавую і адначасова адказную прафесію. Яна вельмі падабаецца Каці. Таму ў новым годзе, што толькі распачаўся, яна збіраецца атрымліваць другую адукацыю. Якую, здагадацца няцяжка.

На чыста жаночыя тэмы, адкінуўшы справы бібліятэчныя ўбок, мы з Кацяй Семянюк гутарылі ва ўтульнай чытальнай зале…

– Ці ёсць у цябе нейкія асаблівыя сакрэты прыгажосці?

– Ёсць, але галоўны прынцып, якога прытрымліваюся сама, – гэта натуральнасць. Чым менш фарбы на твары дзяўчыны, тым лепш. Можна крыху падмаляваць вусны, нанесці туш на вейкі – і дастаткова. Прыемна, што апошнім часам натуральнасць у модзе. Але клапаціцца аб сваім знешнім выглядзе неабходна. Валасы, пазногці, скура… Для першых, каб не выпадалі, магу параіць вельмі простую маску. Нанясіце сырое яйка (і жаўток, і бялок), патрымайце некалькі хвілін, асцярожна змыйце. Дапамагае! Праверана на сабе.

– Можа, маеш чыста жаночае хобі? Рукадзелле? Кулінарыя?

– Кулінарыя! Вельмі люблю гатаваць. Навучылася гэтаму ў матулі, часта радую родных нечым смачненькім. У мяне ёсць дзве малодшыя сястры – Таня і Вераніка, брат Кірыл, якім таксама падабаецца прыгатаванае мною.

– Падзелішся якім-небудзь рэцэптам?

– Ахвотна. Вашай увазе – яблычны пірог. Вазьміце па шклянцы мукі і малака, 2 яйкі, соду на кончыку нажа, пагашаную воцатам, зрабіце цеста, якое павінна нагадваць смятану. Яблыкі пачысціце, парэжце тонкімі скрылёчкамі, пакладзіце на дно змазанай алеем формы, наверх выліце цеста. Выпякайце з паўгадзіны пры тэмпературы 180 градусаў. Смачна есці!

– Дзякую. А як жа з рукадзеллем?

– Спрабую. Цяпер бяру ў бабулі – Веры Якаўлеўны – урокі вязання шкарпэтак на чатырох прутках. Спадзяюся, што атрымаецца.

– Якой, на твой погляд, павінна быць сучасная жанчына? Прынамсі, у наш няпросты час.

– Ісці па галовах для дасягнення жаданага я нікому б не раіла: ні мужчыну, ні жанчыне. Прадстаўніца прыгожай паловы павінна проста імкнуцца да пэўнай мэты, мець жаданне дабівацца яе. Сумленнымі метадамі, безумоўна.

– Ці ёсць сярод тых, хто цябе акружае, жанчына, якую ты назвала б прыкладам?

– Мая мама. Яна заўсёды застаецца добразычлівай, не зважаючы на цяжкасці, якімі часам “узнагароджвае” жыццё. Яна ўсё адно радуецца кожнаму дню і заўсёды раіць мне адносіцца да людзей так, як я хацела б, каб яны ставіліся да мяне. Мудра і проста. Вось на каго я хацела б быць падобнай!

– Ты бібліятэкар і, напэўна, шмат чытаеш. Якая літаратурная гераіня з’яўляецца для цябе ідэалам?

– Скарлет О’Хара са “Знесеных ветрам”. Сутыкаючыся з праблемамі, яна не адступала, не губляла надзеі, у складаных сітуацыях казала: “Я падумаю пра гэта заўтра.” А з беларускай літаратуры мне імпануе Хадоська з “Людзей на балоце” Мележа. Яна спярша памылілася, зрабіла аборт, а потым асэнсавала памылку, стала на шлях адраджэння душы.

– У чым, па-твойму, жаночае шчасце?

– Для незамужніх дзяўчат – у пошуках другой палавінкі. Мы ўсе ідзём да гэтага, – каб ствараць сем’і. Створаны, каб ствараць. Выдатна гучыць! А для замужніх жанчын шчасце ў тым, каб дома ўсё было добра, каб дзеці не хварэлі.

– Калі б ты пісала жаночы раман, пра што б ён быў?

– Пра вялікае каханне, але не ў наш час, а ў мінулым, калі адносіны жанчын і мужчын былі больш высакароднымі і вытанчанымі. Цяпер усё занадта хутка адбываецца: пазнаёміліся, пасустракаліся, пабраліся і часта – разбегліся. Скончыцца мая кніга, безумоўна, шчасліва. Закаханыя героі пройдуць праз усе выпрабаванні, без якіх немагчымае жыццё, і будуць разам.

– Які афарызм пра жанчын найлепш адпавядае твайму характару?

– Пэўна, словы Бамаршэ. Прырода сказала жанчыне: будзь цудоўнай, калі можаш, мудрай, калі хочаш, але разважлівай ты абавязана быць.

Гутарыла

Настасся НАРЭЙКА.

Фота Міколы ШУМА.

Добавить комментарий