Пра жыццярадасную Наталлю

Гэта гісторыя – пра лепшага аператара машыннага даення адкрытага акцыянернага таварыства “Макарава-Агра” Наталлю Баранчук, якая ў мінулым годзе надаіла ад кожнай каровы па P30157715818 кілаграмаў малака. За высокія вытворчыя паказчыкі жанчына была ўзнагароджана дыпломам райсельгасхарча.

На свет маленькая Наташа з’явілася ў Кобрыне. Яе дзяцінства прайшло ў вёсцы Самары на Украіне, дзе дзяўчынка амаль увесь вольны ад школы час праводзіла разам з маці-паляводам на калгасным полі, дапамагала зарабляць грошы…

Чатырнаццаць гадоў назад шлях прывёў Наталлю Васільеўну з двума дзеткамі на руках на беларускую зямлю, дзе ўжо жылі старэйшыя родныя брат і сястра. Так, жанчына аказалася ў Макараве, дзе сям’ю пасялілі ў маленькі, старэнькі дом без выгод. На працу ўладкавалася адразу – на мясцовую ферму. Сапраўдным настаўнікам стала для яе тады старэйшая сястра Марыя, якая працавала тут ужо не першы год. Ішоў час, і сям’я Баранчукоў дачакалася сапраўднага шчасця: ім выдзелілі 2-пакаёвую кватэру з усімі выгодамі. З таго моманту прайшло ўжо сем гадоў. Дзеці выраслі, жывуць і працуюць у Брэсце.

Чаму маладая жанчына выбрала такую нялёгкую працу? “Вельмі люблю жывёл. Калі раней мела сваю групу, то ў кожнай маёй кароўкі была мянушка. Зараз яны заходзяць на “ёлачку” натоўпам, таму імёнаў не маюць…” – такім аказаўся адказ Наталлі Васільеўны. Дома ёсць гаспадарка – свінні, куры, таму вольнага часу застаецца вельмі мала. Але гэты час жанчына траціць на свае любімыя кветкі: зімой – пакаёвыя, з вясны да восені – на вуліцы. На свае вочы не бачыла, але здаецца мне, што падворак Наталлі Баранчук патанае ў кветкавай прыгажосці.

Дэвіз жанчыны вельмі просты, але з вялікім сэнсам – жыць дзеля дзяцей. А яшчэ Наталля Васільеўна лічыць: каб чалавеку было лёгка ісці жыццёвымі сцежкамі, патрэбна не так многа – проста быць жыццярадасным, не прымаць блізка да сэрца той негатыў, які сустракаецца на шляху кожнага.

Наталля ГРЫЦУК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий