– Паглядзі, якую добрую рэч купіла ў нашым камісійным, – гаварыла маладая жанчына, дэманструючы сваёй знаёмай куртку тэракотавага колеру…
Паколькі слова “камісійны” чуем цяпер вельмі рэдка, міжволі ўзнікла жаданне бліжэй даведацца, чым жыве сёння магазін такога кшталту, наколькі папулярны ён у тых, хто жадае вызваліць шафы ад лішніх рэчаў, і як часта зазіраюць сюда пакупнікі. Не сакрэт, што ў колішні рытм работы камісійных магазінаў, папулярных у савецкі час, значныя карэктывы ўнеслі “сэканд-хэнды”. Апошніх у Каменцы ўжо тры.
Праўда, калі зайшла ў камісійны магазін філіяла “Розніцагандаль” райспажыўтаварыства, угледзела таксама “адзенне з Еўропы”, у тым ліку і новае, але здадзенага “на камісію” ўсё ж больш. Як зазначыла загадчыца магазіна Валянціна Алексяюк, звычайна прыносяць рэчы гараджане, а часцей купляюць іх вяскоўцы. Умовы продажу тут ранейшыя: зніжка цаны праз кожныя 20 рабочых дзён і 20 % камісійных ад апошняй цаны; калі рэч не прададзена і гаспадар забірае яе, ён плаціць 1 % першапачатковай цаны.
Валянціна мае значны вопыт працы ў камісійным гандлі і заўважае, што апошнім часам сталі прыносіць менш рэчаў, мабыць, не так хутка, як раней, людзі расстаюцца з імі, самі знаходзяць, каму перадаць з рук у рукі. Тым не менш, тут вялікі выбар дзіцячага адзення, амаль новага,– куртачкі па 50-60 тысяч, дублёнка на дзяўчынку 6-7 гадоў – 100 тысяч, штаны – ад 40 тысяч рублёў, боцікі з натуральнай скуры – 100 тысяч…
Не магла не здзівіць больш чым сімвалічная выручка магазіна за лістапад. Тлумачыцца гэта, пэўна, не толькі тым, што загадчыца-прадавец працавала на паўстаўкі (са снежня – на поўную стаўку), але і няведаннем пакупнікоў пра гэты магазін у цэнтры Каменца. Хоць ён цяпер пад адным дахам з гастраномам “Алеся”, але невыразная шыльда не кідаецца ў вочы. Дарэчы, ёсць у магазіне і ўцэненыя рэчы, якія прывозяць сюды з магазінаў раёна (падстава для ўцэнкі – дата выпуску). Праўда, такога тавару нямнога, але сярод яго на паліцы заўважыла і DVD-прайгравальнік (спраўны) за 150 тысяч.
Ёсць меркаванне, што ў сваім горадзе многія саромеюцца заходзіць у такі магазін – едуць у Брэст, каб сярод незнаёмых людзей зрабіць “бюджэтныя” пакупкі. Між тым, дзве маладзенькія сяброўкі, што пры мне перабіралі акуратныя рэчы на плечыках, змаглі купіць штосьці з пераліку эксклюзіўнага, нядоўга раячыся з кашальком. А якія рэчы тут набываюць найчасцей, здагадацца няцяжка – дзіцячыя. Надта ж хутка растуць дзеці, і такія пакупкі спрыяюць трываласці сямейнага бюджэту, а за сэканомленыя грошы можна купіць дзіцячыя кніжкі, новыя цацкі…
Яркая шыльда неўзабаве больш настойліва запросіць у гэтую краму і тых, хто час ад часу робіць рэвізію рэчаў у доме, і тых, хто прывык гаспадарыць эканомна. Да таго ж і надыходзячы 2013-ы – Год беражлівасці.
Галіна НОВІК.
Это может быть интересно:
-
Получил второе гражданство – сообщи!
-
В ходе совместного рейда контролирующих органов выявлены нарушения перевозки пассажиров
-
По инициативе одной из партий в Минске прошла диалоговая площадка
-
С 27 ноября по 5 декабря ГАИ Каменетчины проведет республиканскую профилактическую акцию «Меняй свой стиль на зимний!».
-
ОАО «Александрия-Агро»: Готовы к новым вызовам!