Працуйце над сабой!

OLYMPUS DIGITAL CAMERAЗ такім дэвізам крочыць па жыцці галоўная медсястра Камянецкай цэнтральнай раённай бальніцы, жонка, маці, добры чалавек і проста прыгожая жанчына – Вікторыя Стральчук.

У паняцце такой працы над сабой яна ўключае выхаванне характару, бесперапынны пошук новага і клопат аб знешнім выглядзе, які нездарма называюць візітнай карткай прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва.

– Нельга ленавацца раней устаць, – дзеліцца сакрэтамі Вік­торыя Генадзьеўна. – Тады і на хатнія турботы час будзе, і на зарадку, і на прычоску, і на ма­кіяж. Акрамя таго, трэба ўсміхацца. Асабліва калегам.

Ужо трэці год як да белага халата жанчыны прышпілены бэйджык з назвай пасады “галоўная медсястра”, а вя­ла да яе нялёгкая дарога. Вікторыя Ге­надзьеўна вучылася ў родным Віцебску, у медвучылішчы на дзі­цячым аддзяленні, якое адкрылі з мэтай падрыхтоўкі высокакваліфікаваных кадраў для абласной дзіцячай ба­ль­ніцы. У ёй і працавала два гады патранажнай ся­ст­рой, пакуль не сустрэла другую палавінку. Андрэй Андрэевіч паклікаў каханую з сабой у Навіцкавічы, дзе яму, ветэрынарнаму ўра­чу, прапанавалі работу (цяпер працуе ў Нацыянальным парку).

На новым месцы Вікторыі Генадзьеўне працы па спецыяльнасці не знайшлося, была некаторы час загадчыцай мясцовага дзіцячага сада і ўсёй душой імкнулася вярнуцца ў лю­бімую прафесію. Калі прапанавалі пайсці на палову стаўкі на малочную кухню Камянецкай райбальніцы, згадзілася. Так пачынаўся шлях мэтанакіраванай жанчыны…

– Кім толькі я ні была! – распавядае яна. – Замяняла спецыялістаў падчас водпускаў. Пра­цавала ў працэдурным кабінеце і тэрапеўтычным аддзяленні. Цяпер у маім падначаленні медперсанал сярэдняга звяна. Кантралюю работу ФАПаў і амбулаторый раёна, сачу за выкананнем санаторна-эпідэмія­лагічнага рэжыму, закупкамі ўсяго неабходнага. Нават у будаў­ніцтве, якое шырока ў нас вя­дзецца, прымаю непасрэдны ўдзел – рыхтую каштарысы. Да мяне, як да галоўнай медсястры, ідуць не то­лькі з прафесійнымі, але і з асабістымі пытаннямі. Стараюся кож­нага выслухаць. Спадзяюся, што ні галоўны ўрач Іван Іосіфавіч Ка­расінскі, ні савет медсясцёр, якім кірую і якому давяраю бязмежна, не расчаруюцца ўва мне. Імкнуся ўвесь час быць добрым прыкладам для іншых.

Цікаўлюся ў Вікторыі Генадзь­еўны:

– А для дзяцей ваш прыклад не стаў стымулам у выбары прафесіі?

– Не зусім. Мой сын заняты ў сферы будаўніцтва, а вось дачка – ветэрынарны ўрач, другі год працуе па размеркаванні ў ААТ “Белавежскі”.

– Як адпачываеце пасля працоўнага дня?

– Спяшаюся да сваіх любімых кветак. Іх перад маім домам – безліч! Прыходжу часам з цяжкім адчуваннем унутры, а вяртаюся ў хату здаровай і шчас­лівай. Усім раю разводзіць кве­ткі. Ка­лі цвітуць, нават на букет зрэзаць іх шкада… Акрамя таго, радую родных смачнымі стравамі. Люблю сустракаць гасцей. Гусь з яблыкамі – мая каронная страва.

– Што для Вас жаночае шча­сце?

– Сям’я. Жанчыне без яе нельга, як і без дзяцей. Падтрымлі­ваць заўсёды цёплыя адносіны з роднымі няпроста. І пачынаць, безумоўна, трэба з сябе.

Настасся НАРЭЙКА.

Фота Міколы ШУМА.

Добавить комментарий