Працавітасць

Пра Юрыя Пятрэнку ў ААТ “Каленкавічы” можна пачуць толькі добрыя словы як пра чалавека добрасумленнага і працавітага.

Нарадзіўся Юрый Пятровіч у Шышове. Вучыўся спачатку ў Навіцкавіцкай сярэдняй школе, а потым – у Каменцы. Пасля атрымання атэстата аб сярэдняй адукацыі адправіўся выконваць грамадзянскі абавязак перад Айчынай – быў пагранічнікам. Было гэта ў 1992 годзе. Звальняўся ў запас не проста радавым – сяржантам.

Пасля таго, як вярнуўся з арміі, пайшоў працаваць механізатарам у калгас імя Кірава. У той час разам з сябрамі ездзіў на танцы. Падчас адной з такіх паездак пазнаёміўся з дзяўчынай з Каленкавічаў, якая неўзабаве стала яго жонкай. Вось такім чынам Юрый Пятрэнка апынуўся ў “Праўдзе”, якая з цягам часу стала адкрытым акцыянерным таварыствам “Каленкавічы”. Зараз сям’я жыве ў новым з усімі выгодамі “прэзідэнцкім” доме.

Вольнага часу ў Юрыя Пятровіча вельмі мала. Самі разумееце – перадавы механізатар, які працуе з такой адданасцю сваёй справе, што і дома бывае толькі з самага ранку і позна вечарам. Але, нягледзячы на гэта, паспявае даглядаць і ўласную гаспадарку, а яна немалая: карова, свінні, куры… А калі ўсе справы і па гаспадарцы, і дома зроблены, вельмі любіць Юрый Пятрэнка пагуляць са сваім маленькім сыночкам.

Наталля ГРЫЦУК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий