Праз плённую працу – на Дошку гонару

IMG_8282Славіцца наш Камянецкі край людзьмі, якія любяць сваю працу. Менавіта аб іх Леў Лешчанка некалі праспяваў песню “Ни минуты покоя…” Гаворка сёння пойдзе аб Сяргею Жыранку, трактарысту-машыністу адкрытага акцыянернага та-варыства “Усход-Каменец”, які робіць усё на карысць сваёй гаспадаркі.

Жыццёвы шлях гэтага чалавека распачаўся далёка ад Беларусі – у Казахстане, у Цалінаградскай вобласці (зараз – Акмолінская). Рос спакойным хлапчуком. Ва ўсім дапамагаў сваім бацькам. Пасля заканчэння школы паступіў у сельскагаспадарчае вучылішча, дзе, дарэчы, пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Вольгай… Калі ў 84-м навучальная ўстанова была скончана і Сяргей атрымаў пасведчанне трактарыста і вадзіцеля, пайшоў працаваць. На сваім “кіраўцы” разам са старэйшымі калегамі Сяргей Аляксеевіч “падымаў цаліну”. Так, за працай, прыйшоў 1994 год, калі маладая сям’я з двума дзецьмі пераехала ў Беларусь, а менавіта – у Воўчын нашага раёна, колішні калгас “Прагрэс”.

Тут мужчына сеў за руль “К-700”. Акрамя гэтага, быў памочнікам камбайнера на ўборцы. Апошнія сем гадоў Сяргей Жыранок шчыруе на “ДжонДзіры”. Здаўна ўсім вядома, што такую машыну ніколі не давераць чалавеку, які абыякава ставіцца да сваёй работы. Адно гэта ўжо яскрава характарызуе працу Сяргея Аляксеевіча, нават яшчэ не ўбачыўшы яго ў полі…

І хоць Сяргей Жыранок і яго жонка Вольга Дзмітрыеўна ўвесь час праводзяць на рабоце (жанчына працуе ў гаспадарцы бухгалтарам), амаль кожныя выхадныя іх сямейнае гняздзечка напаўняецца галасамі любімых дзяцей, якія ўжо і самі сталі сумленнымі сем’янінамі. Не так даўно ў Жыранкоў нарадзіўся ўнучак.

Вядома, з такой працай у Сяргея Аляксеевіча рэдка выпадае вольная хвілінка, а водпуск – толькі зімой. Але ўсё гэта не перашкаджае заняцца часам справай “для душы”. Мабыць, для гэтага некалі нехта прыдумаў рыбалку. Ёю мужчына захапляецца з дзяцінства. Ды і дзе ж яшчэ можна пабыць у цішы, як не ля ракі… А калі надвор’е не песціць, то можа мужчына і за камп’ютарам пасядзець.Вольга ж Дзмітрыеўна апісала характар свайго мужа трыма словамі, якія гавораць аб многім: ён вельмі добры…

Агульны працоўны стаж мужчыны складае амаль 30 гадоў. За гэты час Сяргея Аляксеевіча за яго бездакорную працу неаднаразова ўшаноўвалі граматамі і падарункамі. У гэтым годзе па выніках работы прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў раёна за 2012 год, паводле рашэння райвыканкама, Сяргей Жыранок занесены на Дошку гонару Камянецкага раёна.

Наталля ГРЫЦУК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий