Поющая душа

Чалавечая душа не мае ўзросту. Асабліва, калі гэтая душа спявае… У верасні сёлета Любові Андрэеўне Пятровай з Камянюкаў споўніцца 85. Паверыць у гэта было цяжка, калі сустрэлася з ёю на свяце народнай песні, што прайшло ў мясцовай сярэдняй школе. Арганізавалі яго настаўніца музыкі Вера Семчына, намеснікі дырэктара па выхаваўчай рабоце Валянціна Шахалевіч і вучэбнай – Людміла Ярашук, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Яўгенія Шахалевіч і педагог-арганізатар Аляксандр Кошман.
Любоў Пятрова нарадзілася ў вёсцы Бародзічы, у сям’і, дзе з музыкай сябравалі ўсе. Маці любіла спяваць, бацька і брат былі гарманістамі-самавучкамі, ігралі на вяселлях, вячорках і танцах. Нялёгкі лёс выпаў гэтай жанчыне, з-за таго ўжо, што была ў ім вайна. Падчас яе даводзілася і касіць самой, і жаць у адзіночку, але ніколі Любоў Андрэеўна не баялася работы: працавала ў свой час на расчыстцы лесу ў Белавежскай пушчы, нянечкай у дзіцячым садку, пасля выхаду на пенсію яшчэ 12 гадоў не сыходзіла на заслужаны адпачынак. Як хапала сіл? Відаць, падтрымлівала іх песня…
У 1984 годзе ў нумары “Ленінца” за 8 сакавіка быў змешчаны невялічкі артыкул пад назваю “Таленты народныя”, а ў ім расказвалася пра фальклорна-этнаграфічны калектыў, што існаваў тады ў Камянюках. Спявала ў ім, як вы, напэўна, здагадаліся, і Любоў Пятрова. “Разам з Марыяй Сямёнаўнай Нікіцюк яна збірае і запісвае ў старэйшых жыхароў вёскі народныя песні, – распавядае карэспандэнт, – якія затым выносяць жанчыны на суд гледачоў.” Такіх песень, дарэчы, у Любові Андрэеўны ажно 317, і ўсе яны акуратна запісаныя ў сшыткі (тры агульныя!). Каб захаваліся. Ёсць яшчэ і прыпеўкі.
На свята народнай песні Любоў Андрэеўна прыйшла разам з дачкой Тамарай Шлык і Людмілай Шаршуновіч, якія спяваюць у вакальным калектыве “Пушчанка”. У выкананні гэтага трыа і пачулі мы нямала самабытных песень на дыялекце. Плаўна цяклі яны па пакоі, мелодыя снавалася, нібыта нітка… Напэўна, таму і ўзнікала ў прыціхлых гледачоў адчуванне сапраўднага чараўніцтва, калі назіралі яны за рукамі бабулі, што сядзела за калаўротам… Між справай Любоў Андрэеўна расказвала пра тое, як у даўнія часы вырошчвалі лён, які доўгі шлях праходзіў ён, каб стаць тканінай. Апісанне вясельнага абраду аздаблялі адмысловыя песні, якімі суправаджаўся літаральна кожны крок удзельнікаў гэтай вельмі важнай для чалавека падзеі.
Мікрафон, прапанаваны вядучай, спявачка папрасіла забраць. “Ён толькі перашкодзіць,” – сказала яна, і была ў гэтым неўміручая народная мудрасць. Сапраўды, хто ж спявае народную песню ў мікрафон? Выконваць яе трэба натуральна, без музычнага суправаджэння, нанізваючы слоўца на слоўца, дадаючы сваё. Як было калісьці…
“Без песні я не пражыла б столькі гадоў,” – без усялякіх сумненняў гаворыць Любоў Пятрова. Акрамя спеваў, захапляецца яна яшчэ і вышыўкай, якую можна было ўбачыць на выставе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва сярод работ іншых майстроў.
Дзеці з цікавасцю прыслухоўваліся да кожнага слова песень у выкананні гасцей, а ў адказ падарылі ім невялікі канцэрт, падчас якога спявалі юныя артысты з вакальнага калектыву “Раслінка”, што існуе ў школе. Словы шчырай ўдзячнасці, пажаданні і падарункі ад Камянюцкай СШ і раённай ветэранскай арганізацыі вельмі расчулілі госцю. Маладому пакаленню ёсць чаму вучыцца ў яе.

Настасся НАРЭЙКА
Фота Міколы ШУМА

Добавить комментарий