Похмельное наказание

“Нецвярозая” тэма ў нашай газеце не рэдкасць. А сённяшні сюжэт быў падказаны нядаўняй сітуацыяй, з якой блізка сутыкнулася, жадаючы дапамагчы знаёмай жанчыне.
Яе трыццацігадовы сын, пачаўшы, як заўжды, з піва, зайшоў у глыбокі запой. Для маці насталі чорныя дні і жудасныя ночы. Наталіць “смагу” да дна малады чалавек не змог нават за тыдзень, і матуля прасіла дапамагчы знайсці паратунак. Вядома, найчасцей гучалі словы “вывесці з запою…” Пошук ратунку пачала са званка ўрачу-нарколагу раённай бальніцы Мікалаю Смірнову. Ад яго пачула наступнае: у Каменцы можна амбулаторна (гэта значыць, свядома наведвацца ў працэдурны кабінет паліклінікі, каб прайсці курс лячэння) зняць цягу да спіртнога, а заадно і інтаксікацыю. А каб медыкаментозна вывесці “хворага” з запою, неабходна даставіць яго ў Брэст, у наркалагічны дыспансер. Вядома, у суправаджэнні міліцыі. А калі “хворы” не жадае? Зноў жа ўся надзея на міліцыю. А як быць з пагрозамі п’янога на адрас тых, хто “здасць” яго? У такім разе раяць таксама звяртацца ў міліцыю. Ганне Пятроўне (імя зменена) такія варыянты дапамогі ніяк не падыходзілі. Адзінае, чым суцешыў яе раённы нарколаг, – гэта тое, што падрыхтаваны і ўжо накіраваны на разгляд у абласныя інстанцыі пакет дакументаў, неабходных для афіцыйнага дазволу на аказанне у раённай бальніцы, у стацыянарных умовах, такой платнай паслугі, як вывад з запою…
Зноў роспачна гартаю тэлефонны даведнік, на старонцы якога некалі пазначыла нумар рэгістратуры абласной бальніцы. Званю. На пытанне, ці могуць медыкі аказаць адпаведную платную паслугу з выездам дадому, пачула: “Раньше, очень давно, такое практиковали. Теперь – нет. Звоните на площадь Свободы…”. Кароткія гудкі ў трубцы не дазволілі высветліць нават назву “фірмы”, што мелася на ўвазе. Тэлефаністка даведачнай службы “Белтэлекама” аказалася больш цярплівай, і праз хвілін пяць мы ўжо звязаліся з адпаведнай установай на названай плошчы ў Брэсце. Дыялог быў нешматслоўным. “Вязіце яго сюды”. – “Але ж ён не хоча нікуды ехаць!” – “Нічым дапамагчы не можам”… Амаль безнадзейна перагортваю старонкі пульхнай “Из рук в руки”, уважліва ўзіраючыся ў абвесткі. Удалося адшукаць адну-адзіную са зместам, які найбольш цікавіў нас. Але колькі ні званілі, адказам была цішыня… Кола замкнулася. Ганну Пятроўну зноў чакала бяссонная ноч. Адзінае, што змагла параіць ёй тым вечарам, – паіць сына адварам крываўніку, які дапамагае пры атручваннях. Тая парада-саломінка была зусім нязначнай у параўнанні з бядой, якая пасялілася ў доме. Бо вядома, што проста так запой не пачынаецца. Каб выключыліся ўсе ахоўныя рэакцыі арганізма на атруту, патрэбны не адзін год “падрыхтоўкі”… Ганне Пятроўне дапамагае трымацца толькі вера ў тое, што праз колькі дзён сын будзе зноў “у норме”, што настануць некалькі спакойных тыдняў. А яе запаветная мара – каб сын згадзіўся на лячэнне, каб сам папрасіў аб дапамозе, бо толькі ў такім выпадку яму можна дапамагчы. А яшчэ часам мільгае ў размове надзея, што ў Брэсце, як і ў Мінску, з’явіцца прыватны медыцынскі цэнтр, адкуль – за грошы – змогуць па просьбе прыехаць у дом, дзе ўжо нясцерпна ад п’яных пакут, каб аказаць хоць часовую дапамогу…

Галіна ГЕРАСІМУК

P.S. І ўсё ж такі пазней удалося даведацца, што і ў Брэсце працуе медцэнтр (“Медлайн”, тэл. 20-46-63), дзе “апахмельную” паслугу аказваюць з выездам дадому. Выязджаюць і ў раёны вобласці. Праўда, як патлумачылі супрацоўнікі, едуць не на кожны выклік, бо пасля 3-сутачнага запою кропельніца становіцца небяспечнай. Таму перад выездам – даволі працяглая размова са сваякамі кліента, парады везці яго ў стацыянар. Дарэчы, каштуе “апахмелка” дома (у Брэсце) 330 тыс. рублёў, выезд у раён, вядома, даражэй. Нягледзячы на гэта, “апахмельшчыкі” без работы, на жаль, не застаюцца.
Паводле даных нарколагаў, на кожны рубель, які атрымлівае бюджэт ад продажу спіртнога, пазней даводзіцца выкладваць 10-11, каб хоць неяк кампенсаваць нанесеную алкаголем шкоду.

Добавить комментарий