Портрет творца

Год кнігі ўпэўнена падыходзіць да сваёй сярэдзіны, і шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных яму, пастаянна папаўняецца. Асаблівай папулярнасцю ў жыхароў райцэнтра карыстаюцца сустрэчы з творцамі, чые карані ідуць адсюль, з камянецкай шчодрай зямлі. Вось і 25 мая у актавай зале дзіцячай школы мастацтваў прайшла вечарына-партрэт пісьменніцы, паэткі, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Веры Пракаповіч. Арганізавалі яе супрацоўнікі Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя У.Ігнатоўскага.
Вера Паўлаўна жыве цяпер у Чэрнях Брэсцкага раёна, але забываць пра сваю радзіму – вёсачку Мурыны Малыя – не хоча і не можа. Шчасна, радасна і адначасова з тым адказна выступаць перад землякамі. Многія ведалі цябе з маленства, памяталі дзяўчынкаю – перад імі не зманіш. Свой «экзамен» у гэты дзень Вера Пракаповіч вытрымала з гонарам. Ды і ці магло быць інакш, калі побач з жанчынай была цудоўная група падтрымкі, складзеная з самых верных прыхільнікаў таленту: родных дачкі і сына. Кожны момант сустрэчы матулі з чытачамі яны здымалі на відэакамеру…
Першым чынам Вера Паўлаўна падзякавала ўсім прысутным за тое, што знайшлі гадзінку сярод рабочага дня для таго, каб прыйсці на вечарыну. Потым расказала пра сябе. Узгадала, як пяцікласніцай упершыню пабачыла свой верш апублікаваным, засаромелася і.. кінула пісаць. «Другое паэтычнае дыханне» адкрылася ў Веры Пракаповіч значна пазней. Гора блізкага чалавека, старэйшай сястры, развярэдзіла чулую душу, рука сама сабою пацягнулася да ручкі і паперы. За адну ноч Вера Паўлаўна напісала верш, а раніцай зачытала яго сястры, якая сказала: «Хачу бачыць твой твор надрукаваным.» Як можна было адмовіць? З той пары літаратурная творчасць стала неад’емнай часткай жыцця Веры Пракаповіч. Са сшыткам самых лепшых вершаў яна накіравалася ў рэдакцыю раённай газеты.
– Ніна Васільеўна Гарагляд прачытала мае творы, – успамінае Вера Паўлаўна, – не пахваліла, не раскрытыкавала, а сказала проста: «Мы вас будзем друкаваць». Шчасцю майму не было межаў!
У 2006-м па падказцы яшчэ аднаго паэта – Алеся Каско – Вера Пракаповіч выдала першы свой вершаваны зборнік «Незримой нитью». Праз два гады пабачыла свет другая кніга пад назваю «Дорога домой», у якую ўвайшлі 25 апавяданняў. Яе, як зазначыла аўтар, чытаюць сёння ў школах. Дарэчы, гэтае выданне, а таксама зборнік вершаў «Боль от любви» можна было набыць прама на сустрэчы, а ў дадатак атрымаць цёплыя пажаданні і аўтограф.
Гучалі з вуснаў Веры Паўлаўны таксама і вершы, дапоўненыя гісторыямі іх стварэння. Звычайна паэтка піша, абапіраючыся на рэальныя жыццёвыя сітуацыі, напэўна, з гэтай прычыны яе творы так кладуцца на душу чытача. У многіх героях мы пазнаём сябе. “Першая старонка кожнай маёй кнігі прысвячаецца маме,” – зазначае Вера Пракаповіч, і голас яе дрыжыць, выдаючы шчырае хваляванне, калі паэтка чытае вершы, прысвечаныя самаму дарагому чалавеку на свеце. Увогуле, Вера Пракаповіч не баіцца ніякіх тэм, піша пра вайну, Радзіму, прыроду, адносіны паміж людзьмі і, безумоўна, пра каханне. Верш пра гэтае цудоўнае пачуццё – заўсёды песня, калі нават і няма да яго музыкі. Але вершам Веры Паўлаўны ў гэтым сэнсе вельмі пашанцавала. Сын паэткі паклаў матуліны творы на музыку, і ў тым, што гучаць яны чароўна, маглі ўпэўніцца ўсе госці вечарыны, калі Аляксандр Пракаповіч выйшаў на сцэну з гітарай… Дарэчы, цяпер ідзе актыўная падрыхтоўка яго сольнага альбома, а Вера Пракаповіч шчыруе над новым зборнікам. Творчая сям’я плённа працуе, развівае свае здольнасці, бо ведае: талент – гэта толькі частка поспеху, астатняе – праца.
Калі адгучалі вершы і песні, на Веру Паўлаўну літаральна пасыпаліся кветкі, словы ўдзячнасці і пажаданні. Гледачы дзякавалі за цудоўна праведзены час, за шчырую, пранікнёную творчасць, што ідзе з самай душы.

Настасся НАРЭЙКА
Фота Міколы ШУМА

Добавить комментарий