Помирились – судимости не будет

Станаўленню Рэспублікі Беларусь як прававой сацыяльнай дзяржавы, умацаванню правапарадку, больш поўнаму выкарыстанню правоў і законных інтарэсаў грамадзян спрыяе зацверджаная Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь напрыканцы 2010 года Канцэпцыя ўдасканальвання сістэмы мер крымінальнай адказнасці і парадку іх выканання. Гэтым дакументам прадугледжана пашырыць практыку вызвалення асоб, якія ўчынілі злачынствы, што не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі, менш цяжкія злачынствы, ад крымінальнай адказнасці. Пры гэтым парушальнікі закона могуць прыцягвацца не да крымінальнай, а да адміністрацыйнай адказнасці, – калі яны шчыра раскаяліся, памірыліся з пацярпелым. Вось некалькі прыкладаў.
Судом раёна спынена вытворчасць па крымінальнай справе ў адносінах двух аднакурснікаў Высокаўскага прафтэхкаледжа: непаўналетняга К. і нядаўна дасягнуўшага паўналецця П., якія з незачыненага на замок аўтамабіля ўкралі аўтамагнітолу і 8 дыскаў, усяго на суму ў 450 тысяч рублёў. Урон пацярпеламу абвінавачаныя і іх бацькі кампенсавалі цалкам, пацярпелы прасіў вызваліць хлопцаў ад крымінальнай адказнасці, што і было зроблена.
Ад яе таксама вызвалены з прыцягненнем да адміністрацыйнай у выглядзе штрафа два жыхары нашага раёна Ч. і С. Першы, жадаючы дапамагчы другому адрамантаваць машыну, падказаў, што на пашы стаіць аналагічны аўтамабіль-“начлежка”, які належыць ААТ “Каленкавічы”. Той “добразычлівец” дапамог С. зняць з ГАЗ-53 колы, ступіцы і іншыя дэталі, кошт якіх – больш чым два мільёны рублёў. Каб утаіць крадзеж, “умельцы” ўстанавілі на аўто-“начлежку” колы і ступіцы з таго няспраўнага аўтамабіля аднаго з удзельнікаў аферы. Да суда абодва поўнасцю кампенсавалі ўрон, нанесены гаспадарцы, а ў судзе віну прызналі цалкам і раскаяліся.
Яшчэ адзін выпадак. Спынена вытворчасць і вызвалены ад крымінальнай адказнасці камянчане муж і жонка Т., дачка якіх знайшла і прынесла дамоў кашалёк з грашыма і банкаўскімі карткамі. У знойдзеным кашальку знаходзілася запіска з пін-кодам, і гэтая сямейная пара паспрабавала зняць грошы з карткі. Падышлі да банкамата “Беларусбанка”, набралі пін-код і суму ў 100 тысяч рублёў, аднак грошай не атрымалі, бо іх не было на рахунку. Тады пайшлі да банкамата “Белаграпрамбанка”, спрабавалі зняць 50 тысяч рублёў, але грошы таксама не атрымалі. У ходзе следства ўрон пацярпеламу быў кампенсаваны, кашалёк і ўсё, што ў ім было, вернуты, пасля чаго пацярпелы папрасіў спыніць вытворчасць па справе.
Прымяненне навацый у заканадаўстве згодна з названай вышэй Канцэпцыяй, безумоўна, будзе садзейнічаць павышэнню ўзроўню прававой культуры насельніцтва. У жыцці здараецца ўсялякае, цяжка абысціся ўвогуле без канфліктаў. Але варта памятаць: калі вы парушылі закон і правы другіх людзей, ды разлічваеце на літасць і змякчэнне пакарання, кайцеся, знайдзіце з пацярпелым агульную мову, прасіце прабачэння і кампенсуйце нанесеныя страты. Заўжды думайце, што робіце! У судзе былое “геройства” знікне, і ваш далейшы лёс будзе залежаць ад цяжкасці ўчыненага і вашага шчырага раскаяння ў садзеяным.

Галіна ПРЫХОЖКА, старшыня суда раёна

Добавить комментарий